Дата рождения:
27.12.1923 Машканы, в., Сенненскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
24.10.1994
Краткая справка:
паэт, кінадраматург, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1969), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1964) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), кавалер ордэна "Знак Пашаны" (1974)
Псевдонимы:
Бязмен Яўмен; Гіра Кузьма
Имена на других языках:
Велюгин Анатолий Степанович (русский);
4199 символов
Справка
Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, выдатны паэт, сапраўдны майстар слова, вядомы перакладчык, займае адметнае месца ў беларускай літаратуры. Яго паэзія атрымала шырокае прызнанне ў нашай краіне і далёка за яе межамі.
Нарадзіўся А. Вялюгін у в. Машаны Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і фельчара. Пасля заканчэння сямігодкі быў залічаны на чацвёрты курс рабфака ў Віцебску. У 1939–1941 гг. працаваў у рэдакцыях газет “Піянер Беларусі”, “Звязда”, “Чырвоная змена”. Адначасова вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1940 г. А. Вялюгін прайшоў курс кінематаграфічнага майстэрства пад кіраўніцтвам А. П. Даўжэнкі на сцэнарным факультэце Інстытута кінематаграфіі ў Маскве. З верасня 1941 г. некалькі месяцаў вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. Пасля прызваны ў армію і накіраваны ў Лугінскую авіяцыйную школу. Прымаў удзел у баях на Сталінградскім фронце, быў паранены і доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
У маі 1945 г. А. Вялюгін вярнуўся ў Мінск і пачаў працаваць у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1948 г. скончыў завочна Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. У 1946–1984 гг. з невялікімі перапынкамі быў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”. У 1946 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Яшчэ ў школьныя гады А. Вялюгін быў сельскім карэспандэнтам і дасылаў свае артыкулы ў розныя перыядычныя выданні. Першым сур’ёзным мастацкім творам паэта лічыцца верш “Матчына песня” (1938), які быў надрукаваны ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”. У першыя пасляваенныя гады пад рознымі псеўданімамі (Яўген Бязмен, Кузьма Гіра) А. Вялюгін часта друкаваў вясёлыя раешнікі, вострыя літаратурныя фельетоны, дасціпныя эпіграмы і каламбуры. Потым выйшлі зборнікі паэта “Салют у Мінску” (1947), “Негарэльская арка” (1949), “На подступах” (1952), “На зоры займае” (1958), “Насцеж” (1960), “Адрас любві” (1964), “Верасовы ўзятак” (1974), “Песня зялёнага дуба” (1989), “З белага камення – сіняе пламенне” (1993) і інш. Лірыка А. Вялюгіна – дасягненне беларускай паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі А. Вялюгіна – шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваеннага ліхалецця, разнастайныя грамадзянскія і інтымныя пачуцці сучасніка, патрыятычныя матывы. Асабліва яскрава праявілася паэтычнае майстэрства А. Вялюгіна ў паэме “Вецер з Волгі” (1963; Літаратурная прэмія імя Я. Купалы, 1964), прысвечанай дзіцячым і юнацкім гадам У. І. Леніна. Гэты твор, нягледзячы на тое, што змяніліся погляды на вызначальныя вехі гісторыі, не страчвае сваёй эстэтычнай значнасці, з’яўляецца сапраўдным узорам дасканаласці і выверанасці мастацкага радка.
Для дзяцей А. Вялюгін напісаў некалькі зборнікаў вершаў – “Галубы” (1949), “Тры гудкі” (1951), “Рыбы нашых рэк” (1952), “Дзіцячы сад” (1954), “Вада і вуда” (1967). Паэт пераклаў на беларускую мову творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, У. Маякоўскага, П. Нэруды, У. Бранеўскага, У. Сасюры, А. Малышкі, Л. Украінкі інш. Ён укладальнік і рэдактар “Анталогіі ўкраінскай савецкай паэзіі”. Многія творы паэта перакладзены на рускую, украінскую, балгарскую і іншыя мовы. Мілагучныя вершы А. Вялюгіна, пакладзеныя на музыку І. Лучанком, сталі шырока вядомымі песнямі (“Бярозка”, “Закасі мае вёсны”, “Сын зямлі на віхурнай арбіце”).
Шмат часу аддаваў А. Вялюгін рабоце ў кінематографе. Яму належаць сцэнарыі мастацкіх фільмаў “Рэха ў пушчы” (1977), “Глядзіце на траву” (1983). На кінастудыі “Беларусьфільм” паводле сцэнарыяў А. Вялюгіна знята 45 дакументальных фільмаў, з іх 16 паўнаметражных: “Арліная крыніца” (1966), “Генерал Пушча” (1967; Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1968), “Агонь” (1969), “А зязюля кукавала” (1972), “Магілёў – дні і ночы мужнасці” (1974), “Гарызонты дарог” (1977), “Навальнічная далеч памяці” (1985) і інш.
Архіўныя матэрыялы і ўласная бібліятэка А. Вялюгіна захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.