Краткая справка:
літаратуразнавец, педагог, перакладчык, адзін з першых бібліёграфаў у беларускім літаратуразнаўстве
Имена на других языках:
Боричевский Евгений Иванович (русский);
3971 символ
Справка
Адным з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства, выдатным вучоным, лектарам быў Яўген Іванавіч Барычэўскі.
Ён нарадзіўся ў Мінску ў сям’і натарыуса. Скончыўшы Мінскую гімназію, у 1903 г. паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1910) быў пакінуты пры ўніверсітэце. Акрамя навуковай дзейнасці Я. Барычэўскі займаўся педагагічнай (выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы) і літаратурнай (у газетах і часопісах друкаваліся яго шматлікія артыкулы і даследаванні). З 1918 па 1922 г. быў вучоным сакратаром Галоўмузея РСФСР, сакратаром музейнага аддзела Наркамасветы РСФСР, адначасова чытаў лекцыі па філасофіі ў Маскоўскім і Петраградскім універсітэтах.
Вясной 1922 г. Я. Барычэўскі пераехаў у Мінск. Пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе выкладаў рускую, антычную і замежную літаратуры, а таксама тэорыю літаратуры. У 1928 г. атрымаў званне прафесара. Працаваў у Мінскай цэнтральнай партыйнай школе (1924–1927). Пасля адкрыцця ў Мінску Вышэйшага педагагічнага інстытута Я. Барычэўскага запрасілі на пасаду прафесара літаратурна-лінгвістычнага факультэта. Адначасова з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, затым Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР (1927–1935). У гэты перыяд акрамя напружанай педагагічнай дзейнасці займаўся даследаваннямі ў галіне агульнай паэтыкі, а таксама эстэтыкі новай беларускай літаратуры. Пачаў друкавацца ў выданні “Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і інш. Асабліва цікавымі з’яўляюцца даследаванні “О природе эстетического суждения”, “Аб акадэмічным выданні твораў М. Багдановіча”, “20 гадоў беларускага друку”, “Беларуская літаратура ў асвятленні расійскіх энцыклапедый” і інш. У 1927 г. вышлі з друку кнігі “Паэтыка літаратурных жанраў” і “Тэорыя санету”. Працы вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу літаратурных з’яў і фактаў, выяўляюць багатую эрудыцыю аўтара. Тут упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве тэарэтычныя пытанні паэтыкі ілюстраваліся прыкладамі з твораў Ф. Багушэвіча і М. Багдановіча, Я. Купалы і Я. Коласа, З. Бядулі і М. Чарота і многіх іншых пісьменнікаў. Манаграфія Я. Барычэўскага “Паэтыка літаратурных жанраў”, якая пазнаёміла са станаўленнем найбольш важных жанравых форм эпасу, лірыкі, драмы, з’явілася для нашай краіны адкрыццём, падсумаваннем зробленага ў сусветнай літаратуры, грунтам для ўсведамлення нацыянальнага літаратурнага працэсу. Асаблівае месца ў ёй займае характарыстыка песні – самага старажытнага віду народнай творчасці. У 1928 г. была выдадзена кніга «“Матчын дар” А. Гаруна». Шэраг артыкулаў напісаў Я. Барычэўскі для “Литературной энциклопедии”. Як выкладчык, ён складаў праграмы для студэнтаў універсітэта па курсах рускай і замежнай літаратур. Для студэнтаў-завочнікаў падрыхтаваў падручнік “Паэтыка: курс для завочнага педфаку” (1929–1930). Яўген Барычэўскі з’яўляецца адным з першых бібліёграфаў у беларускім літаратуразнаўстве. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы збору твораў М. Багдановіча (т. 1–2, 1927–1928).
Яўген Барычэўскі таксама даследаваў творчасць класікаў рускай і заходнееўрапейскай літаратур. Добра ведаў нямецкую, французскую, лацінскую, старажытнагрэчаскую і іншыя мовы, быў таленавітым перакладчыкам заходнееўрапейскай літаратуры. Яго пяру належаць артыкулы “Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны”, “Праблемы паэтыкі ў новай кнізе О. Вальцэля”, “Гётэ і яго Фаўст”, “Песні Беранжэ”, “Вершы Беранжэ ў кніжнай графіцы” і інш. Не страціла навуковай каштоўнасці анталогія “Мир искусства в образах поэзии”, складзеная Я. Барычэўскім і выдадзеная ў Маскве ў 1922 г. Сярод перакладаў на беларускую мову вылучаюцца “Афарызмы” В. Гётэ.
Навукова-педагагічная дзейнасць Я. Барычэўскага, уклад у развіццё беларускай навукі і культуры варты таго, каб яго імя назаўжды засталося ў памяці нашчадкаў.