Творчасць пісьменніка і перакладчыка Міколы Хведаровіча (Мікалая Фёдаравіча Чарнушэвіча) з’яўляецца адной з яркіх старонак у беларускай літаратуры XX ст.
Нарадзіўся ён у мястэчку Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У гады Першай сусветнай вайны жыў у дзіцячым прытулку для бежанцаў у Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы. У 1918 г. вярнуўся з эвакуацыі і працягваў адукацыю ў Цімкавіцкім народным вучылішчы. У час нямецкай акупацыі працаваў батраком. Пасля вызвалення Беларусі вучыўся ў Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1928 г. скончыў рабфак у Мінску, у 1931 г. ‒ літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісах «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929‒1932), быў рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь» (1932‒1933), загадчыкам кабінета маладога аўтара Саюза пісьменнікай БССР (1933‒1934), адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1934‒1937). У 1934 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1938 і 1949 гг. быў рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1955 г. З 1956 г. жыў у Мінску.
Выступаць у друку пісьменнік пачаў з 1924 г. Першы верш («Ураджайнае») апублікаваў у 1925 г. Творчасці М. Хведаровіча характэрны публіцыстычнаcць, эмацыянальная ўзнёсласць, жыццятворны пафас. У 1920‒1930-я гг. аснову яго паэзіі складала пейзажная і грамадзянска-публіцыстычная лірыка («Цемната, хоць вочы выкалі…», «Вечар. Вецер лісце кружыць…», «Зіма», «Песня маладосці»). У 1950‒1960-я гг. працаваў у самых розных літаратурных жанрах. Яго вершы былі насычаны гуманізмам, драматызмам, шчырасцю («Усё, аб чым нам марыцца…», «Родны горад», «То плачуць вятры, то рагочуць», «Уладзіміру Хадыку»). Асаблівай эмацыянальнасцю вылучаецца паэзія, прысвечаная землякам, сяброўству, вернасці («Студзеньскі малюнак», «Любістак», «Прадвесне»).
Літаратурная спадчына пісьменніка прадстаўлена зборнікамі вершаў «Настроі» (1929), «Рытмы» і «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» і «Ха» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (1984) і інш.
Для дзяцей М. Хведаровіч выдаў кнігі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).
Пісьменнік вядомы таксама як аўтар кніг нарысаў-успамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960), «Незабыўнае» (1976), аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978).
Мікола Хведаровіч пераклаў на беларускую мову паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (1937), раман А. Фадзеева «Апошні з удэге» (1935, з А. Звонакам), паэмы Э. Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (1930) і Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1966, з А. Звонакам), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (1960, з І. Грамовічам), кнігу паэзіі Ш. Пецёфі «Ліра і меч» (1971).
У 1981 г. пісьменнік стаў лаўрэатам прэміі венгерскага агенцтва па літаратуры і мастацтве «Артысіуз» за прапаганду венгерскай паэзіі на беларускай мове.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.