Дата рождения:
23.09.1872 Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
08.02.1920
Краткая справка:
вучоны-самавук, металург, заснавальнік школы расійскіх доменшчыкаў, удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг.
Имена на других языках:
Курако Михаил Константинович (русский);
2320 символов
Справка
Вялікі ўклад у прынцыповае ўдасканальванне канструкцый і тэхналогій доменнага працэсу ў пачатку ХХ ст. унёс выдатны майстар-металург Міхаіл Канстанцінавіч Курака.
Нарадзіўся ён у сям’і адстаўнога палкоўніка ў радавым маёнтку Казелле Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер вёска ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці). Да дванаццацігадовага ўзросту выхоўваўся хатнімі настаўнікамі. У далейшым вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Горацкім земляробчым вучылішчы, аднак навучанне не скончыў.
У 1890 г. у пошуках заробку малады чалавек накіраваўся на поўдзень Расійскай імперыі. Працаваў на металургічных заводах у Екацярынаслаўі (цяпер г. Днепр), Крывым Рогу, Марыупалі, Краматорску. Пачынаў з самай цяжкай работы – катаў ваганеткі з вугалем, здабываў з доменных печаў пробы чыгуна і шлака для лабараторый, з’яўляўся гарнавым майстрам. З цягам часу набыў шмат практычнага вопыту ў металургіі, самастойна вывучыў фізіку, хімію і англійскую мову. У 1903 г. М. К. Курака, не маючы спецыяльнай адукацыі, быў запрошаны на працу начальнікам доменнага цэха Краматорскага металургічнага завода. З гэтага часу пачаў самастойна распрацоўваць праекты доменных печаў. Сканструяваў і пабудаваў першы ў Расійскай імперыі механічны скіпавы падымальнік для загрузкі шыхты, распрацаваў арыгінальную канструкцыю горна, удасканаліў фурменны механізм падачы паветра, актыўна садзейнічаў паляпшэнню тэхналогіі плаўкі, імкнуўся зрабіць больш бяспечнай працу рабочых.
За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 г. М. К. Курака быў сасланы ў Валагодскую губерню. Пасля адбыцця пакарання ўладкаваўся начальнікам доменнага цэха металургічнага завода ў г. Юзаўка (цяпер Данецк). Менавіта тут ён арганізаваў першую ў Расійскай імперыі школу доменшчыкаў па падрыхтоўцы ўласных кадраў для завода. У 1917 г. атрымаў запрашэнне заняцца распрацоўкай праекта буйнога металургічнага завода ў Кузбасе. Заўчасная смерць у 1920 г. не дала асабіста давесці пачатую справу да канца. Аднак пры будаўніцтве Кузнецкага камбіната, узведзенага ў 1929–1936 гг., былі выкарыстаны многія прагрэсіўныя задумы і вынаходкі таленавітага металурга.
У гонар М. К. Куракі названы Гур’еўскі металургічны завод (г. Гур’еўск), адна з цэнтральных вуліц у г. Новакузнецк, усталяваны мемарыяльныя дошкі ў Магілёве, Данецку, Краматорску і інш.