Дата рождения:
25.04.1904 Барысаў, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
26.07.1984
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980)
Варианты имени:
Барысенка Васіль Васільевіч
Имена на других языках:
Борисенко Василий Васильевич (русский);
3434 символа
Справка
Васіль Васілевіч Барысенка нарадзіўся ў Барысаве ў сям’і чыгуначніка. Працаваў на чыгунцы і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1924). Пасля атрымання дыплома працаваў у пачатковай сельскай школе. У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, затым паступіў у аспірантуру пры АН БССР. У 1932–1934 гг. з’яўляўся дэканам літаратурнага факультэта, дацэнтам на кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута. З 1934 г. працоўны шлях В. В. Барысенкі звязаны з Інстытутам мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, дзе ён быў спачатку старшым навуковым супрацоўнікам (1934–1937), затым дырэктарам (1937–1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў спецыяльным карэспандэнтам армейскай газеты. У 1946‒1973 гг. ‒ дырэктар, з 1973 г. ‒ старшы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. У 1955 г. В. В. Барысенка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Ф. Богушевич и проблема реализма в белорусской литературе XIX века». Ён сумяшчаў навуковую дзейнасць з выкладчыцкай працай. З’яўляўся дацэнтам (да 1960 г.), затым прафесарам Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1937 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, у 1969 г. ‒ акадэмікам АН БССР.
Васіль Васілевіч ‒ аўтар больш за 100 навуковых прац, прысвечаных тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, беларускай тэксталогіі. Сярод іх ‒ «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1963, у суаўтарстве), «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977, у суаўтарстве) і інш. Пачатак навуковай дзейнасці вучонага прыйшоўся на час фарміравання марксісцка-ленінскіх прынцыпаў у савецкім літаратуразнаўстве, што знайшло адлюстраванне ў асноўных рысах яго творчага аблічча. У працах 1930-х‒1940-х гг. адчуваецца ўплыў вульгарнага сацыялагізму. У навуковых інтарэсах В. В. Барысенкі спалучаліся глыбокая зацікаўленасць у вывучэнні гісторыі літаратуры і сучаснага літаратурнага працэсу. Васіль Васілевіч даў цэласную і разгорнутую характарыстыку літаратурнага жыцця XIX ст. Ён вывучаў творчасць класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, К. Чорнага. Дзякуючы вучонаму выйшлі акадэмічныя выданні навукова каментаваных збораў твораў пісьменнікаў. Яго літаратуразнаўчыя і крытычныя працы вылучаюцца дакладнасцю фактычнага матэрыялу, глыбінёй навуковай думкі. Літаратуразнавец ‒ складальнік кніг «Беларуская дакастрычніцкая проза» (1965), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967). Вучоны прымаў удзел у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1‒2, 1965‒1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1‒2, 1968‒1969). Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Васіль Васілевіч уваходзіў у склад рэдакцыйных саветаў многіх літаратурных і навуковых выданняў у Мінску і Маскве.
У 1974 г. В. В. Барысенка ўдастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1980 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа. Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені (1944), Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.