Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941, 1948), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1940, 1955), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1948), медалём
Имена на других языках:
Сорокин Глеб Павлович (русский);
3933 символа
Справка
У гісторыю беларускага тэатральнага мастацтва назаўсёды ўвайшло імя Глеба Паўлавіча Глебава. Сорак гадоў выступаў ён на беларускай сцэне, дзе прайшоў шлях ад удзельніка масовак, статыста і дублёра да вядучага акцёра, ролі якога былі прасякнуты жыццёвай праўдай, прастатой і эмацыянальнай сілай.
Нарадзіўся Г. Глебаў (сапраўднае прозвішча Сарокін) у Вазнясенску Херсонскай губерні (цяпер Мікалаеўская вобласць, Украіна) у сям’і чыгуначніка. Яго бацька, былы акцёр знакамітай трупы М. Крапіўніцкага, арганізаваў у 1902 г. на станцыі Бірзула аматарскі тэатральны гурток, у спектаклях якога з дзяцінства прымаў удзел Г. Глебаў. У час вучобы ў гімназіі ён захапіўся музыкай і авалодаў ігрой на некалькіх інструментах. У 1914 г. узначаліў духавы аркестр. У 1917 г. паступіў у Адэскі політэхнічны інстытут. Правучыўся год і летам 1918 г. пайшоў добраахвотнікам на фронт. Потым працаваў рабочым, суфлёрам у тэатры «Палітасвета», якім кіраваў артыст А. Аляксандраў. У хуткім часе Г. Глебаў атрымаў ролю Блахіна ў п’есе Л. Андрэева «Дні нашага жыцця». Пазней іграў Крывога Зоба ў спектаклі «На дне» М. Горкага, Мілаўзорава ў пастаноўцы «Без віны вінаватыя» А. Астроўскага і інш. Пасля рэарганізацыі трупы А. Аляксандрава выступаў у розных украінскіх вандроўных калектывах. Частыя перамены месц, разнапланавыя ролі, сустрэчы з вядомымі артыстамі і рэжысёрамі ўзбагачалі яго акцёрскае майстэрства.
У 1926 г. Г. Глебаў стаў артыстам Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Спачатку ён удзельнічаў у хоры, выконваў танцавальныя нумары, выступаў у масавых і эпізадычных сцэнах, дубліраваў акцёраў. У 1928–1930 гг. сыграў Мухіна («Мост» Я. Рамановіча), Шацько («Калі запяюць верацёны» Е. Міровіча), Цыганка («Гута» Р. Кобеца). Высокае майстэрства пераўвасаблення і імправізацыі Г. Глебава праявілася ў спектаклі «Бацькаўшчына» К. Чорнага (1932), у якім артыст з выкрывальнай сілай, сатырычнай завостранасцю стварыў вобраз Павала Няміры. Талент акцёра на поўную моц раскрыўся ў п’есах беларускіх аўтараў: Халімон і Язва («Партызаны» і «Мілы чалавек» К. Крапівы), Харкевіч («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я. Купалы), Гарошка і Максім («Выбачайце, калі ласка!» і «Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона, Дзяржаўная прэмія СССР, 1948) і інш. Вяршыня творчасці Г. Глебава – роля Тулягі («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, Дзяржаўная прэмія СССР, 1941), якую ён з бляскам выконваў 27 гадоў і ў апошні перыяд творчасці надаваў вобразу глыбокае драматычнае гучанне.
Тэмпераментна, з акрэсленай сацыяльнай афарбоўкай і непаўторным каларытам выконваў акцёр ролі з класічнага рэпертуару. Сярод лепшых – Маргарытаў, Чугуноў, Мамаеў («Позняе каханне», «Ваўкі і авечкі», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А. Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Ж.Б. Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана) і інш. Створаныя вобразы напоўнены творчай імправізацыяй, гратэскавыя прыёмы спалучаліся ў іх з тонкім аналізам і псіхалагічнай глыбінёй.
Яркай старонкай творчай біяграфіі Г. Глебава было кіно, у якім ён здымаўся з канца 1940-х гг. Сярод найбольш вядомых мастацкіх кінафільмаў – «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954), «Несцерка» (1955), «Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1959), «Хлеб і ружы» (1960), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Усходні калідор» (1966), «Запомнім гэты дзень» (1967) і інш. Вялікую папулярнасць набылі выступленні акцёра на радыё, асабліва калі ён чытаў казкі і байкі для дзяцей.
У 1940 г. Г. Глебаў стаў народным артыстам БССР, у 1948 г. – народным артыстам СССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1940, 1955), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1948), медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945). Памёр Г. Глебаў 3 сакавіка 1967 г. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.