Имена на других языках:
Гуринович Адам Гилярий Каликстович (русский);
5025 символов
Справка
Прыметную старонку ў гісторыі беларускай літаратуры канца XIX стагоддзя склала творчасць паэта-дэмакрата, фалькларыста, перакладчыка Адама Гіляры Калікставіча Гурыновіча.
Нарадзіўся паэт у фальварку Кавалі (Кавалькі) Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раён). Паходзіў ён з небагатага, але старадаўняга шляхецкага роду. Далёкія продкі А. Гурыновіча па бацькавай лініі былі выхадцамі з Аравіі, татарамі-масульманамі, і мелі прозвішча Гурын. Родавым гербам Гурыновічаў быў герб “Праўдзіц”, які доўгі час захоўваўся ў сямейным архіве. Бацькі дбалі аб набыцці дзецьмі добрай адукацыі. З 1879 г. па 1887 г., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механіка-тэхнічным аддзяленні дадатковага класа, ён вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Ужо ў час вучобы А. Гурыновіч пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 г. ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці. Але неўзабаве захварэў на тыф і ў студзені 1888 г. быў вымушаны часова спыніць вучобу і вярнуцца на радзіму. Працягнуў вучобу ў тым жа інстытуце на наступны год. У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы, захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 г. ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, прасіў яго парад у фальклорнай працы. Я. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы А. Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 г. у часопісе “Zbior wiadomosci do antropologii krajowej” (“Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі”) і выдадзены асобна пад назвай “Зборнік беларускіх твораў”.
Як беларускі дзеяч і паэт А. Гурыновіч сфарміраваўся пад уплывам народніцкага “Гомана” і творчасці Ф. Багушэвіча (праграмны верш “Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею…”). Уплыў на яго мелі таксама традыцыі паўстання 1863 г., ідэі К. Каліноўскага. Паэт пісаў на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. Беларускія вершы былі ўпершыню надрукаваны ў 1921 г. У светапоглядзе А. Гурыновіча знайшлі далейшае развіццё рэвалюцыйна-дэмакратычныя, народніцкія ідэі. У гісторыю роднай літаратуры ён увайшоў як паэт-рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў грамадзянскай лірыкі, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з самаўладствам. А. Гурыновіч першы з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы. У няскончаным вершаваным апавяданні “На фабрыцы” ўпершыню паказваліся будні рабочых і праводзілася думка, што іх жыццё нічым не адрознівалася ад цяжкага сялянскага і нават было яшчэ горшым. Асноўныя вобразы і матывы паўтараліся ў вершах А. Гурыновіча на розных мовах. Паэт стварыў вобраз рэвалюцыянера, які ўсе сілы аддаў барацьбе за вызваленне працоўнага люду: “Как мало тех, кто искренней душой…”, “Не той моцны” (на польскай мове). Вобраз беларускага народа ствараўся ў вершах на беларускай мове, у якіх гаварылася пра цяжкае і бяспраўнае жыццё селяніна: “Перш душылі паны…”, “Што за звук, ды так громка раздаўся…”, пераклікаўся з “Размышлением у парадного подъезда” М. Някрасава.
У творах паэта спалучаліся адкрытая грамадзянскасць, публіцыстычнасць і лірызм. Тэматычны і жанрава-стылявы дыяпазон яго паэзіі даволі шырокі: трыбунна-публіцыстычныя (“Што ты спіш, мужычок…”), сатырычныя (“Звярынец” – перайманне ананімнага верша “Тэатр”), пейзажныя (“Вясна”), фальклорна-песенныя (“Да жніва”, “Бор”), дыдактычныя (“Раз у Зольках, у дзярэўні…”), вершы-медытацыі (“Сцямнела на двары і ціха кругом…”), блізкія да балад сюжэтныя апавяданні (“Месца нячыстае”). Плённай была таксама спроба пісьменніка ў перакладах польскіх, рускіх, украінскіх аўтараў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспровіча, І. Франко. Акрамя таго, А. Гурыновіч з’яўляўся адным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі (“Каток”, “Рыбак”).
У той жа час А. Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у тым ліку марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім “Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай”, які ўтварыўся ў 1889 г. і хутка эвалюцыяніраваў у падпольную антыўрадавую арганізацыю. За ўдзел у дзейнасці гуртка ў 1893 г. А. Гурыновіч быў арыштаваны, сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён быў выпушчаны з-за хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе памёр ад чорнай воспы.
А. Гурыновіч пражыў кароткае, але яркае жыццё. Талент яго толькі пачынаў загарацца і раптам патух, як тая зорка, што скацілася па небасхіле. Пры яго жыцці не было надрукавана ніводнага верша. І ўсё ж спадчына паэта захавалася найбольш поўна, хаця і мела страты (значная частка твораў згубілася ў паліцэйскіх архівах, іншыя знішчыў брат пасля арышту паэта).