Краткая справка:
тэатральны крытык, празаік, драматург, сцэнарыст, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны ІІ ступені і "Знак Пашаны"
Псевдонимы:
Гук Б.; Ивин В.; Івін В.; Ляшчэня К.
Имена на других языках:
Бурьян Борис Иванович (русский);
Криптонимы:
В.І.
3064 символа
Справка
У беларускім тэатразнаўстве Барысу Іванавічу Бур’яну належыць асаблівае месца. У сваіх працах ён адлюстраваў гісторыю беларускага тэатра, аднавіў яго невядомыя старонкі, расказаў пра лепшых майстроў нацыянальнай сцэны.
Нарадзіўся Б. Бур’ян у Маскве ў сям’і чыгуначніка. У час вучобы ў сярэдняй школе (г. Перм) удзельнічаў у калектывах мастацкай самадзейнасці. З 1939 г. выступаў на прафесійнай сцэне ў тэатрах Кінешмы і Разані. У 1941 г. скончыў тэатральную студыю пры Разанскім тэатры драмы. У жніўні гэтага ж года быў прызваны ў армію (служыў у войсках сувязі). Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, добраахвотнікам пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце, быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў рэпарцёрам БелТА па Мінску, потым стыльрэдактарам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты “Сталинская молодежь”. У 1950 г. Б. Бур’ян быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У 1951 г. стаў літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, потым – рэдактарам ў Дзяржвыдавецтва БССР. З 1956 па 1962 г. загадваў аддзелам прозы і паэзіі альманаха “Советская Отчизна” і часопіса “Неман”. У 1963 г. Б. Бурьян з’яўляўся рэдактарам Беларускага тэлебачання, з 1965 па 1967 г. – Мінскай кінастудыяй навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. У 1967–1985 гг. ён быў загадчыкам аддзела тэатра, музыкі і кіно газеты “Літаратура і мастацтва”.
Творчую дзейнасць Б. Бур’ян пачаў у 1947 г. як крытык і тэатральны рэцэнзент. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Даследаваў пытанні гісторыі і тэорыі тэатра, праблемы нацыянальнага ў сцэнічным мастацтве, узаемасувязі культур розных народаў. Работы Б. Бур’яна, прысвечаныя рэжысёрскаму і акцёрскаму майстэрству, стану нацыянальнай драматургіі і творчасці пісьменнікаў, якія працавалі для беларускага тэатра, вылучаліся глыбінёй аналізу і арыгінальнасцю формы. Сярод іх – нарысы пра акцёраў А. Кістава “На высоком взлете” (з І. Ліснеўскім, 1962) і А. Клімаву “Судьба чужая – как своя” (1982), пра Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі “На театральных перекрестках” (з І. Ліснеўскім, 1967), тэкст да фотаальбома “Приглашает Русский театр…” (1989), тэатральныя нататкі “Каму апладзіруе зала” (1972) і “З сёмага рада партэра” (1978), артыкулы і эсэ “І толькі надпіс…” (1987) і інш. Барыс Бур’ян працаваў таксама ў жанры прозы і драматургіі. Ён аўтар аповесцей “У синей бухты” і “Твоя повесть” (1959), “Вальс Грибоедова” (1960), “Радужный перезвон” (1964), “Грозовые отголоски” (выбранае, 1984); п’ес “Зорка Венера” (з М. Алтуховым, 1961, пастаўлена ў 1967) і “Твой высокі поўдзень” (пастаўлена ў 1968). Стварыў шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кінематографа. Пераклаў асобныя творы М. Лынькова, К. Чорнага, Б. Мікуліча, У. Шахаўца, А. Васілевіч, І. Грамовіча і іншых беларускіх аўтараў на рускую мову.
Барыс Іванавіч Бур’ян памёр 8 кастрычніка 2009 г. Пахаваны ў калумбарыі на Паўночных могілках у Мінску. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і “Знак Пашаны”, медалямі, граматамі Вярхоўнага Савета БССР.