Краткая справка:
архітэктар, заслужаны архітэктар Беларусі
Имена на других языках:
Бакланов Михаил Иванович (русский);
3471 символ
Справка
Міхаіл Іванавіч Бакланаў нарадзіўся 12 лютага 1914 г. у сяле Іванаўка Валнавахскага раёна Данецкай вобласці (Украіна). Першай прафесійнай навучальнай установай будучага архітэктара стала школа фабрычна-завадскога навучання. Набыццё практычнага вопыту пачалося на Данецкім металургічным заводзе, дзе М.І. Бакланаў працаваў чарцёжнікам. У 1932 г. ён паступіў у Харкаўскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, скончыўшы які ў 1936 г. адразу стаў студэнтам Харкаўскага інжынерна-будаўнічага інстытута. З 4-га курса Міхаіла прызвалі ў армію. Воінская служба пачалася пад Беластокам у 17-м асобным дывізіёне аэрастатаў.
З першых дзён вайны радавы М.І. Бакланаў удзельнічаў у баях з фашысцкімі захопнікамі, аднак у ліпені 1941 г. параненым трапіў у палон і да 1943 г. знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных на тэрыторыі Польшчы. У сакавіку 1943 г. яму удалося ўцячы. Жаданне змагацца з ворагам прывяло М.І. Бакланава ў партызанскую брыгаду “Народныя мсціўцы”. За актыўны ўдзел у баях з акупантамі ён быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. М.І. Бакланаў быў накіраваны на работу ў архітэктурна-планіровачную майстэрню Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Народных Камісараў БССР. Тут ён пазнаёміўся з вядомымі архітэктарамі таго часу І.Р. Лангбардам, М.П. Паруснікавым, М.О. Баршчам. Сумесна з І.Р. Лангбардам малады архітэктар праектаваў кінатэатр “Победа” на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. Пад кіраўніцтвам майстра ён выконваў розныя работы: падрыхтоўваў неабходныя чарцяжы, шаблоны архітэктурных дэталяў, шмат часу праводзіў на будаўнічых пляцоўках.
У верасні 1948 г. М.І. Бакланаў быў пераведзены ў праектны інстытут “Белдзяржпраект”. Менавіта з гэтай установай звязана яго працоўная біяграфія на працягу 36 гадоў. Тут М.І. Бакланаў прайшоў шлях ад радавога архітэктара да кіраўніка архітэктурна-канструктарскай майстэрні. Набытыя практычныя навыкі і веды садзейнічалі раскрыццю яго творчай індывідуальнасці. Гэта праявілася ўжо ў першай самастойнай рабоце – распрацоўцы праекта будынка Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (цяпер Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).
Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Міхаіла Іванавіча на тэрыторыі Беларусі ўзведзена шмат унікальных будынкаў. Сярод іх: комплекс карпусоў Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт), бібліятэчны корпус Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), вучэбны корпус медыцынскага інстытута на вуліцы Ленінградскай, корпус факультэта радыёфізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у суаўтарстве), будынак Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, дзяржаўныя дачы Упраўлення справамі Савета Міністраў БССР у Белавежскай пушчы, санаторый, пансіянат і турбазы на возеры Нарач, шэраг жылых дамоў у Мінску і інш. Усім пабудовам уласціва цікавае аб’ёмна-прасторавае рашэнне. Яны арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, вылучаюцца прадуманай планіроўкай, добрай якасцю будаўніцтва. У сваіх работах дойлід імкнуўся да прастаты і лаканізму архітэктурных рашэнняў.
За сваю працоўную дзейнасць, удзел ва ўзнаўленні і будаўніцтве Мінска Міхаіл Іванавіч Бакланаў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1969 г. яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага архітэктара БССР.