Дата рождения:
26.04.1899 Замосце, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
11.08.1972
Краткая справка:
пісьменнік, драматург, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Псевдонимы:
Бушма Л.; Бушма Лявон; Данілавіч І.
Имена на других языках:
Гурский Илья Данилович (русский);
3434 символа
Справка
Літаратурная і грамадская дзейнасць Ільі Данілавіча Гурскага была вельмі плённай. Творы пісьменніка з’яўляюцца значным укладам у развіццё беларускай літаратуры.
Нарадзіўся І. Гурскі ў в. Замосце Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1932) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук (1935). З 1924 г. працаваў у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, Галоўмастацтве БССР. У 1935–1941 гг. з’яўляўся рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». З 22 чэрвеня 1941 г. па лістапад 1942 г. служыў у Чырвонай Арміі. Затым разам з групай беларускіх пісьменнікаў быў дэмабілізаваны. У час Вялікай Айчыннай вайны І. Гурскі з’яўляўся адказным сакратаром франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактарам газеты «За свабодную Беларусь» і сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». Пасля вайны доўгі час (з 1944 па 1960 г.) рэдагаваў часопіс «Беларусь». Ён быў членам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1934 г.), на працягу многіх гадоў з’яўляўся членам прэзідыума саюза. У 1969 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры БССР.
У пачатку творчай дзейнасці І. Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы. Ён з’яўляецца аўтарам п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930; пастаўлена ў БДТ-2 у 1931 г.), «Новы горад» (1932), «Маці» (1934), «Сваты» (1935; пастаўлена ў БДТ-1 у 1936 г.), «Патрыёты» (1939), «Хлеб» (1949), «Свае людзі» (1950; пастаўлена ў Пінскім абласным драматычным тэатры ў 1950 г.) і інш. Напісаў п’есу для дзяцей «Сварка» (1929), радыёп’есу «На крэсах усходніх» (1933), аднаактовыя п’есы «На варце» (1938) і «Клад» (1941). Многія з твораў аўтара былі пастаўлены аматарскімі драматычнымі гурткамі. Апавяданні І. Гурскі пачаў пісаць з 1934 г. Для іх, як і для п’ес аўтара, характэрна актуальная для таго часу тэматыка: індустрыялізацыя, калектывізацыя, калгаснае жыццё. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць. Ён часта падпісваў свае творы псеўданімамі Л. Бушма, Лявон Бушма, І. Даніловіч, а таксама крыптанімам І. Г-кі. У 1951 г. выйшлі «Выбраныя творы» І. Гурскага. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кніг апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961); аповесці «Лясныя салдаты» (1945); рамана «У агні» (1952; новая рэдакцыя 1959 г.), рамана-хронікі «Вецер веку» (1966), рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1971). Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка – барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ёй прысвечаны многія творы І. Гурскага, у тым ліку аповесць «Лясныя салдаты» і раман «У агні». Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы «Вецер веку» (складаецца з чатырох кніг). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле. Ён перакладаў на беларускую мову творы М. Горкага, А. Чэхава, М. Твэна і інш. Творы пісьменніка былі перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы.
Ілья Данілавіч Гурскі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Яго імем названы вуліца ў Мінску і Нёманская сярэдняя школа (в. Магільна, Уздзенскі раён). На доме, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.