Дата рождения: 25.04.1889
Дата смерти: 10.04.1942
Краткая справка: вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі
Имена на других языках: Мирчинк Георгий Фёдорович (русский);
Мірчынк Георгій Фёдаравіч – беларускі геолаг, знаўца геалагічнай гісторыі Зямлі, вядомы арганізатар навукі, бліскучы педагог – нарадзіўся ў Маскве ў сям'і выкладчыка. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, які скончыў у 1912 г. і застаўся пры кафедры геалогіі для падрыхтоўкі да прафесарскага звання, якое атрымаў у 1918 г. У 1940 г. стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР.
Сваё жыццё Г.Ф. Мірчынк прысвяціў геалогіі. Прафесійная дзейнасць звязана з вывучэннем стратыграфіі і палеагеаграфіі плейстацэну розных раёнаў СССР, апісаннем фарміравання і выяўленнем узросту тэрасавых адкладаў, лёсаў, пахаваных міжледавіковых адкладаў і г. д. Яшчэ падчас вучобы займаўся вывучэннем верхнямелавых і трацічных адкладаў паўднёвай часткі Расіі. Вынікі праведзеных даследаванняў былі выкладзены ў першых апублікаваных навуковых працах. За работу «О верхнемеловых отложениях Европейской России и их отношение к третичным» (1912) Г.Ф. Мірчынк атрымаў залаты медаль. У 1923 г. склаў першую карту чацвярцічных адкладаў еўрапейскай часткі СССР. Яна была прадэманстравана на Усерасійскай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўцы ў 1923 г., а ў 1927 г. быў складзены новы варыянт карты. Вялікая ўвага тут надавалася вылучэнню генетычных тыпаў чацвярцічных адкладаў у адпаведнасці са стратыграфічнай разбіўкай. Пазней Г.Ф. Мірчынк удзяляў вялікую ўвагу праблеме сінхранізацыі марскіх і кантынентальных чацвярцічных адкладаў. Ён прапанаваў шэраг ідэй у галіне чацвярцічнай тэктонікі, што заняла важнае месца ў яго даследаваннях 1930-х гг. Вывучэнне чацвярцічных адкладаў СССР, якім займаўся вучоны на працягу больш за 25 гадоў, дазволіла яму стаць адным з найбуйнейшых спецыялістаў па чацвярцічнай геалогіі ў Еўропе. Георгій Фёдаравіч з 1932 г. быў членам прэзідыума савецкай секцыі Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні чацвярцічнага перыяду, з 1939 г. – віцэ-прэзідэнтам, а з 1941 г. – прэзідэнтам. У апошнія гады жыцця ён звярнуўся да праблем развіцця структуры зямной кары.
Сувязь вучонага з Беларуссю і беларускай навукай пачалася яшчэ ў сярэдзіне 1920-х гг. Ён першым з савецкіх геолагаў стаў вывучаць умовы залягання культурных пластоў палеалітычных паселішчаў і стаянак. Упершыню выявіў у разрэзе чацвярцічнай тоўшчы Беларусі адклады трох ледніковых эпох. Па матэрыялах, сабраных у Бердыжы ў 1927–1928 гг., даследчык абазначыў размяшчэнне культурных рэшткаў паселішча на схіле старажытнага яра. Удакладніў геалагічны ўзрост помніка – прамежак часу паміж адкладамі пяскоў 1-й надпоймавай тэрасы і размывам марэны з утварэннем яра, на схіле якога пасяліўся першабытны чалавек. Пасля больш позніх даследаванняў Бердыж аднесены да арыньянскіх стаянак. Паводле Г.Ф. Мірчынка, палеалітычная стаянка Юравічы па характару геалагічных утварэнняў блізкая да Бердыжа. Вызначыў, што людзі сяліліся на 2-й надпоймавай тэрасе (Супонева, Ціманаўка, Юравічы), на схіле яра з алювіяльных адкладаў (Бердыж) ці на схіле даліны ракі (Боршава, Гагарына). Навуковая праца «Геалагічныя ўмовы знаходжання палеалітычнай стаянкі каля в. Бердыжа на р. Сожы (Гомельшчына)» (1930) і іншыя сталі асновай для далейшых даследаванняў геалогіі верхняга (позняга) палеаліту, увязалі іх з гісторыяй выкапнёвага чалавека. Таксама Г.Ф. Мірчынк прымаў удзел у распрацоўцы праблем водазабеспячэння Мінска, працаваў кансультантам-геолагам на будаўніцтве чыгуначнага палатна Орша – Варажба, займаўся пошукам радовішчаў будаўнічых матэрыялаў на тэрыторыі Усходняй Беларусі, геолагаразведкай.
Вялікае месца ў жыцці Г.Ф. Мірчынка адведзена педагагічнай дзейнасці. У 1918–1930 гг. ён займаў пасады дацэнта, прафесара, загадчыка кафедры, прарэктара ў Маскоўскім універсітэце. З 1930 г. быў загадчыкам кафедры Маскоўскага геолагаразведачнага інстытута, адначасова з 1934 г. – загадчыкам аддзела Інстытута геалагічных навук АН СССР. Вучоны чытаў курсы «Палеанталогія», «Геалогія СССР», «Гістарычная геалогія», «Геалогія чацвярцічных адкладаў». Складзены Г.Ф. Мірчынкам курс чацвярцічнай геалогіі стаў першым не толькі ў савецкай, але і ў еўрапейскай літаратуры. Ён быў пабудаваны на матэрыялах асабістых палявых назіранняў з прыцягненнем дадзеных айчынных і замежных даследаванняў. Найважнейшым вынікам педагагічнай дзейнасці вучонага стала стварэнне навуковай школы геолагаў-чацвярцічнікаў.
Навуковая дзейнасць Г.Ф. Мірчынка працягвалася каля 30 гадоў – занадта мала для таго, каб патэнцыял вучонага раскрыўся поўнасцю. Засталіся недапісанымі падручнікі і манаграфіі. І тым не менш велізарная эрудыцыя, невычэрпная энергія, непадробная любоў да геалогіі пакінулі глыбокі след у айчыннай навуцы. Вучоны апублікаваў больш за 110 навуковых прац, адну манаграфію. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.