Краткая справка:
вучоны ў галіне педыятрыі, адзін з заснавальнікаў беларускай школы педыятраў, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна Леніна
Имена на других языках:
Леонов Василий Антонович (русский);
5137 символов
Справка
З іменем заснавальніка беларускай школы педыятраў Васіля Антонавіча Лявонава непарыўна звязаны развіццё і поспехі педыятрычнай навукі і практыкі аховы здароўя дзяцей.
Нарадзіўся вучоны ў Варонежы ў сям'і рабочага. З залатым медалём скончыў Варонежскую гімназію. Паступіў вучыцца ў Санкт-Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію, якую скончыў у 1914 г. Чатыры гады служыў ваенным урачом у рускай арміі на франтах Першай сусветнай вайны. З 1918 г. В.А. Лявонаў – ардынатар, затым асістэнт дзіцячай клінікі медыцынскага факультэта Варонежскага ўніверсітэта. У 1921 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю «Материалы к изучению условных следовых рефлексов у детей». Працаваў загадчыкам кафедры дзіцячых хвароб медыцынскага факультэта Смаленскага ўніверсітэта.
У 1924 г. В.А. Лявонаў пераехаў у Мінск і з красавіка стаў загадваць кафедрай дзіцячых хвароб медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 1930 г. Мінскі медыцынскі інстытут). З часу прыезду ў Беларусь ён стваральнік, арганізатар кафедры дзіцячых хвароб і нязменны яе кіраўнік на працягу 46 гадоў. У 1931 г. у Мінскім медыцынскім інстытуце быў арганізаваны факультэт аховы мацярынства і дзяцінства. Першым яго дэканам стаў В.А. Лявонаў. Плённай была выкладчыцкая дзейнасць вучонага. Велізарная эрудыцыя, уменне проста і ясна выкладаць лекцыйны матэрыял, багацце думкі, вялікі медыцынскі і жыццёвы вопыт заўсёды прыцягвалі ў аўдыторыю не толькі студэнтаў, але і практычных урачоў. Ён валодаў дарам прывіваць любоў да прафесіі.
Навуковая дзейнасць вучонага заўсёды была накіравана на вырашэнне надзённых задач практычнай аховы здароўя. Яшчэ ў 1920–30- я гг. В.А. Лявонаў і яго супрацоўнікі займаліся навуковай і практычнай распрацоўкай надзвычай важнага ў той час пытання – клініка і лячэнне эпідэмічнага цэрэбраспінальнага менінгіту. У 1930 г. апублікаваны працы В.А. Лявонава аб клінічных варыянтах гэтага захворвання, дадзена дэталёвае апісанне скурных яго праяў. Значэнне яго работ па гэтай тэматыцы цяжка пераацаніць. Былі ўдасканалены метады лячэння, зніжана лятальнасць. Акрамя эпідэмічнага менінгіту многа ўвагі ўдзяляў вучоны вывучэнню ўмоўных рэфлексаў у дзяцей пры розных захворваннях. Вынікам стала манаграфія «Условные рефлексы у детей-рахитиков» (1928), якая адыграла значную ролю ў вывучэнні патагенезу гэтай паталогіі. Таксама В.А. Лявонаў займаўся навуковай распрацоўкай клінікі лячэння рэўматызму, туберкулёзу, расстройстваў харчавання, гельмінтозаў, пнеўманій і іншых захворванняў.
Вучоны арганізоўваў лячэбную і прафілактычную дапамогу дзецям у краіне. Вырасла плеяда педыятраў, навуковых работнікаў і ўрачоў. У 1932 г. створана Беларускае навуковае таварыства дзіцячых урачоў, і В.А. Лявонаў быў яго старшынёй да канца жыцця. Яшчэ ў даваенны час і асабліва пасля Вялікай Айчыннай вайны ён распрацоўваў новы напрамак у педыятрыі – праблему мікраэлементаў, ролю іх у арганізме здаровага і хворага дзіцяці. Вучоны становіцца галоўным кансультантам у Беларусі па гэтай праблеме. У выніку шматгадовай працы над праблемай мікраэлементаў В.А. Лявонавым і яго супрацоўнікамі атрыманы фундаментальныя звесткі пра значэнне іх для чалавека, утрыманне ў арганізме здаровых і хворых дзяцей і абгрунтаваны рэкамендацыі па іх ужыванні. Вучоны неаднаразова ўказваў на неабходнасць стварэння ў Беларусі саўгасаў мэтавага прызначэння для атрымання узбагачаных мікраэлементамі гародніны, малака з іх наступным уключэннем у рацыён харчавання стацыянарным хворым. Працы «О содержании кобальта в крови и некоторых органах у детей» (1953), «Минеральный спектр крови в динамике лейкозов у детей» (1966, разам з А.К. Усціновічам), «Цинк в организме человека и животных» (1971, разам з Т.Л. Дубінай), шэраг зборнікаў пад рэдакцыяй В.А. Лявонава абагульняюць і падагульняюць даследаванні.
Ён быў таксама першым у краіне вучоным-педыятрам, які пачаў распрацоўваць праблему геранталогіі, вывучаць механізмы старэння арганізма і магчымасць прадаўжэння жыцця чалавека. У 1958 г. менавіта па яго ініцыятыве на базе аддзела ўзроставай біяхіміі створаны сектар геранталогіі АН БССР. Пад кіраўніцтвам В.А. Лявонава вывучаліся пытанні малекулярных асноў старэння, нейрагумаральных рэгуляцый у арганізме, узроставых змяненняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і залоз унутранай сакрэцыі і інш.
Навуковая дзейнасць В.А. Лявонава атрымала высокую ацэнку і прызнанне. У 1939 г. прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У 1940 г. ён выбіраецца членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1941 г. – акадэмікам, з 1940 па 1947 г. быў віцэ-прэзідэнтам, з 1947 г. – членам прэзідыума АН БССР. Ён апублікаваў больш за 110 навуковых прац, з іх 4 манаграфіі. Вучоны вёў вялікую грамадскую працу, дзе з усёй паўнатой выяўляліся яго арганізатарскія здольнасці. У розныя гады В.А. Лявонаў быў членам парткама інстытута, старшынёй Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, членам рэдкалегіі часопісаў «Педиатрия», «Здравоохранение Белоруссии», дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. За шматгранную, плённую дзейнасць узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі граматамі.