Дата рождения:
07.04.1914 Рудня Прыбыткаўская, в., Гомельскі раён
Дата смерти:
19.12.1989 Расія
Краткая справка:
партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, генерал-маёр, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Сацыялістычнай Працы (1974), кавалер пяці ордэнаў Леніна
Имена на других языках:
Мазуров Кирилл Трофимович (русский);
5001 символ
Справка
Вядомы палітычны і дзяржаўны дзеяч, адзін з самых выдатных кіраўнікоў Беларусі Кірыла Трафімавіч Мазураў быў таленавітым арганізатарам, якога вылучалі прыродны розум, працаздольнасць, інтэлігентнасць. Энергія, энтузіязм, вялікае жаданне працаваць на карысць людзям, высокая адказнасць за даручаную справу вызначалі К. Т. Мазурава на ўсіх пасадах, якія ён займаў. Кірыла Трафімавіч узначальваў самыя розныя ўчасткі партыйнай і гаспадарчай дзейнасці ў надзвычай складаныя часы – перад пачаткам, у ходзе і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. З яго імем звязаны значныя поспехі беларускага народа ў развіцці эканомікі, навукі і культуры ў 1953–1965 гг., рэабілітацыя многіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, падпольшчыкаў, партызанскіх камандзіраў.
Нарадзіўся К. Т. Мазураў у в. Рудня-Прыбыткаўская Гомельскага павета Магілёўскай губерні (зараз Гомельскі раён). Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (1933), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б) (1947). З 1933 г. працаваў тэхнікам, начальнікам Камарынскага раённага дарожнага аддзела. У 1936–1939 гг. служыў у Чырвонай Арміі, палітаддзеле Беларускай чыгункі. У 1939 г. быў накіраваны на камсамольскую работу: з'яўляўся загадчыкам аддзела Гомельскага абкама, сакратаром Гомельскага гаркама, першым сакратаром Брэсцкага абкама ЛКСМБ. У гады Вялікай Айчыннай вайны К. Т. Мазураў стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага, патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі (палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнік)). Быў двойчы паранены. Праз год пасля пачатку вайны яго вызвалі ў Маскву і пасля кароткатэрміновага інструктажу – вучобы ў верасні 1942 г. – як прадстаўніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху накіравалі ў акупіраваную фашыстамі Беларусь у партызанскія злучэнні Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей. Быў членам Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б, а таксама сакратаром ЦК ЛКСМБ.
Кірыла Мазураў прымаў удзел у распрацоўцы і ажыццяўленні многіх лакальных акцый і баявых аперацый. Вялікая роля належала яму і ў наладжванні агітацыйна-прапагандысцкай работы ў захопленай немцамі Беларусі, у прыватнасці, у арганізацыі выдання на акупіраванай тэрыторыі рэспубліканскіх газет “Звязда” і “Чырвоная змена”. У 1943–1947 гг. з'яўляўся другім і першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. З кастрычніка 1947 г. – на партыйнай рабоце ў апараце ЦК КП(б)Б. У ліпені 1953 г. К. Т. Мазураў стаў Старшынёй Савета Міністраў БССР, а ў ліпені 1956 г. – першым сакратаром ЦК КПБ. Гэты высокі пост ён займаў амаль 10 гадоў, у рабоце праявіў якасці палітычнага дзеяча значнага маштабу. Па яго прапановах вырашаліся многія пытанні будаўніцтва галоўных у той час для краіны прамысловых прадпрыемстваў, заводаў і фабрык, вучэбных устаноў, арганізацый культуры. Шмат сіл аддаваў аднаўленню і добраўпарадкаванню Мінска, развіццю іншых гарадоў, а таксама многіх вёсак рэспублікі. Пры непасрэдным удзеле К. Т. Мазурава быў распрацаваны і здзейснены план развіцця машынабудаўнічай, хімічнай, электратэхнічнай, прыборабудаўнічай, радыёэлектроннай, лёгкай і харчовай прамысловасцей, будаўнічай індустрыі. Пачалі даваць прадукцыю сотні новых прадпрыемстваў – мінскія заводы аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў, трактарных запасных частак, гадзіннікавы, электратэхнічны, камвольны камбінаты, полацкі завод шкловалакна і інш.
Шмат было зроблена і ў сацыяльнай сферы. За 1962–1964 гг. больш за 300 тыс. жыхароў рэспублікі атрымалі новыя кватэры або палепшылі ўмовы жылля. Кірыла Трафімавіч заўсёды вельмі прыхільна ставіўся да праблем дзяцей і моладзі, быў адным з ініцыятараў будаўніцтва ў Мінску Палаца піянераў і школьнікаў, кінатэатра “Піянер”, аздараўленчага лагера для школьнікаў “Зубраня” на возеры Нарач і інш. З імем К. Т. Мазурава, якога хвалявалі праблемы сувязі пакаленняў, захавання і ўвекавечання памяці загінуўшых у ваеннае ліхалецце, звязана з'яўленне ў рэспубліцы многіх вядомых зараз усім мемарыялаў , абеліскаў, музеяў (“Брэсцкая крэпасць-герой”, помнік Перамогі ў Мінску, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш.).
З 1965 па 1978 г. К. Т. Мазураў працаваў першым намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР. Неаднаразова выбіраўся членам ЦК КПСС, быў членам Прэзідыума ЦК КПСС, членам Палітбюро ЦК КПСС. З 1986 г. з'яўляўся старшынёй Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы. К. Т. Мазураў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гонар вядомага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча названа адна з прыгожых вуліц Мінска.
У 1984 г. у выдавецтве “Беларусь” выйшлі дакументальныя мемуары К. Т. Мазурава “Незабываемое”, у якіх на вялікім фактычным матэрыяле паказана барацьба насельніцтва Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, кіруючая роля партыі, дзейнасць ЦК ЛКСМБ, падпольных камсамольскіх органаў і арганізацый. Кніга атрымала высокую ацэнку чытачоў, была перавыдадзена ў 1987 і 1988 г., дапоўнена новымі главамі.