Шмат запамінальных мастацкіх вобразаў за сваё жыццё стварыў вядомы акцёр Генрых Юр’евіч Грыгоніс. Яго героі, прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп грамадства, заўсёды былі вельмі рэалістычнымі. У кожным характары артыст імкнуўся знайсці індывідуальныя рысы.
Нарадзіўся Г. Грыгоніс у мястэчку Падбярэззе Віленскай губерні (зараз в. Пабяржэ Вільнюскага раёна, Літва). Акцёрскую дзейнасць пачаў на Далёкім Усходзе, куды трапіў, плаваючы на караблях расійскага гандлёвага флоту. Не маючы спецыяльнай адукацыі, ён вучыўся на практыцы. З 1907 па 1911 г. з тэатрам І. Арнольдава аб’ездзіў Уладзівасток, Харбін, Благавешчанск, востраў Сахалін, Чыту, Нікалаеўск-на-Амуры, Хабараўск. У 1912 г. у Благавешчанску перайшоў працаваць у тэатр мініяцюр. Рэпертуар складаўся з невялікіх сцэнак, аднаактовых камедый, пародый. У 1917–1919 гг. іграў у тэатрах Петраграда, пасля ўжо даволі вопытным майстрам прыехаў у Беларусь. З 1919 г. пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча працаваў у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, з 1920 г. у Беларускім дзяржаўным тэатры (з 1926 г. БДТ-1, зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Выконваў пераважна вострахарактарныя ролі, з 1920-х да сярэдзіны 1930-х гг. лічыўся першым комікам тэатра. Генрых Грыгоніс таксама здымаўся ў кіно. У 1937 г. сыграў у беларускім фільме «Дняпро ў агні», у 1938 г. – ва ўкраінскім фільме «Кармялюк». У 1941 г. атрымаў званне народнага артыста БССР.
Незвычайны поспех Г. Грыгонісу прынеслі ролі Старца і П. Пустарэвіча («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я. Купалы), сыграныя ім у спектаклях Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Працаваў разам са знакамітымі дзеячамі тэатра У. Галубком, А. Ільінскім, Л. Ржэцкай, М. Міцкевічам. Асабліва плённы перыяд у творчасці Г. Грыгоніса – 1920-я гг. У першае дзесяцігоддзе ў рэпертуары БДТ-1 найчасцей ставіліся п’есы Я. Купалы, У. Галубка, М. Чарота, Е. Міровіча, у якіх Г. Грыгоніс іграў найбольш значныя ролі. Сярод іх – Даніла («На Купалле» М. Чарота), Бацька, Дзяк («Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны» У. Галубка), Дораш, Мураўёў, Саламон («Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Перамога» Е. Міровіча) і інш. Вельмі яскрава і выразна ўвасобіў народныя вобразы, адметныя нацыянальным каларытам. Гэта Каваль («Каваль-ваявода» Е. Міровіча), Мікола («Салавей» З. Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Галушка («У стэпах Украіны» А. Карнейчука), Савеліч («Капітанская дачка» паводле А. Пушкіна), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы). Псіхалагічнай глыбінёй вызначаліся вобразы Чужакова («Мост» Я. Рамановіча), Бубліка («Платон Крэчат» А. Карнейчука), Лукі («На дне» М. Горкага), Фірса («Вішнёвы сад» А. Чэхава). У класічным рэпертуары вялікі поспех меў у ролях Місаіла («Барыс Гадуноў» А. Пушкіна), герцага Эскала («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), графа Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Журдэна («Мешчанін у дваранах» Ж.-Б. Мальера). У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр знаходзіўся ў Томску. Ставіліся спектаклі, у якіх галоўнае месца займала тэма барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Разам з іншымі акцёрамі Г. Грыгоніс выступаў у воінскіх часцях, шпіталях, цэхах фабрык і заводаў, іграў урыўкі са спектакляў, чытаў вершы, байкі, гумарэскі. У пасляваенны час рэпертуар тэатра стаў вельмі разнастайны. Спектаклі, прысвечаныя ваенным падзеям, працягвалі займаць значнае месца. Генрых Грыгоніс сыграў у пастаноўках «З народам» К. Крапівы, «Гэта было ў Мінску» А. Кучара. Апошняя работа акцёра (тэатральны сезон 1951–1952 гг.) – вобраз Дамініка Луцэвіча (бацькі Я. Купалы), створаны ім з вялікай сардэчнай цеплынёй у спектаклі па п’есе В. Віткі «Шчасце паэта».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.