Дата рождения: 13.07.1889 Расія
Дата смерти: 26.06.1973
Краткая справка: расійскі і беларускі тэатральны мастак, які стаяў ля вытокаў нацыянальнай школы тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва, народны мастак Беларусі, заслужаны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950)
Варианты имени: Нікалаеў Сяргей Філіпавіч
Имена на других языках: Николаев Сергей Филиппович (русский);
У беларускай сцэнаграфіі імя Сяргея Піліпавіча Нікалаева – мастака незвычайнай творчай фантазіі, высокага інтэлекту і тонкага густу – адно з самых вядомых. Многія яго дэкарацыі да оперных і балетных спектакляў, якія былі пастаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, увайшлі ў залаты фонд тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва нашай краіны.
Нарадзіўся С. Нікалаеў у Маскве ў сям'і музыканта. Вучыўся ў Імператарскім Строганаўскім Цэнтральным вучылішчы тэхнічнага малявання. Яго настаўнікам быў знакаміты мастак К. Каровін. У 1912 г. С. Нікалаеў скончыў вучылішча, атрымаў званне мастака-дэкаратара 1-й ступені і пачаў працаваць у майстэрнях Вялікага тэатра. Праз некаторы час разам з К. Каровіным наведаў Кастрамскую і Уладзіміраўскую губерні, пабываў на Урале, дзе вывучаў старажытную архітэктуру, народны фальклор, напісаў шмат эцюдаў. Першымі самастойнымі работамі сталі дэкарацыі да балета У. Рэбікава «Ёлка» і святочнае афармленне гастрольнага канцэрта «Усходнія танцы» (1916). Яны вызначаліся прафесійным майстэрствам, добрым веданнем законаў сцэны, тонкім адчуваннем і разуменнем харэаграфіі. У 1917 г. С. Нікалаеў знаходзіўся ў г. Буй (Кастрамская губерня). Працаваў мастаком у Буйскім народным доме, дзе аформіў драматычныя спектаклі «На дне» М. Горкага, «Цар Фёдар Іаанавіч» А. Талстога, «Улада цемры» Л. Талстога і іншыя; выкладаў маляванне ў мясцовай школе; займаў пасаду загадчыка аддзела народнай асветы; прымаў удзел у мерапрыемствах па ахове старажытных помнікаў культуры ў Буйскім і Галіцкім паветах. Праз некаторы час быў запрошаны ў Маскву. Працаваў мастаком, потым загадчыкам мастацкай студыі Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення, з’яўляўся кансультантам па маскіроўцы баявой тэхнікі ў адной з вайсковых часцей. У 1922 г. у рабочым клубе Глухаўскай мануфактуры аформіў оперы «Кармэн» Ж. Бізэ і «Дэман» А. Рубінштэйна. У 1923 г. для павільёна прафсаюзаў першай сельскагаспадарчай выстаўкі стварыў чатыры пано – «Поўдзень», «Поўнач», «Усход», «Захад». Для выставачнай залы ў Парыжы напісаў пано «Савецкае паліва» (1924). З 1928 па 1933 г. С. Нікалаеў займаўся педагагічнай работай – выкладаў жывапіс у Мастацкім вучылішчы памяці 1905 г., затым у Мастацкім тэхнікуме імя М.І. Калініна і Архітэктурным інстытуце. У гэты час напісаў з натуры шмат эцюдаў («Вясна», «Дворык», «Перад навальніцай», «Захад сонца», «Старая бяроза» і інш.). Сярод пейзажных работ 1935 г. – карціны «Зімовая дарога», «Ваўкі», «Ласі», «Воўчы абклад», «На глушцовым току». Птушкі і звяры, намаляваныя ў гэтых творах, ажыўляюць пейзаж, надаюць яму адчуванне паўнаты жыцця. У 1936 г. мастак зноў звярнуўся да працы дэкаратара. На сцэне Вялікага тэатра аформіў оперы «Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава і «Дэман» А. Рубінштэйна.
У 1938 г. С. Нікалаеў быў прызначаны галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. У Мінску пачаўся самы плённы перыяд яго творчасці. Першым спектаклем, над афармленнем якога С. Нікалаеў працаваў, стала опера «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава. У наступным годзе ён прыступіў да работы над дэкарацыямі да оперы А. Багатырова «У пушчах Палесся». Каб дасягнуць выразнасці афармлення, паехаў на Палессе, дзе зрабіў замалёўкі вясковых пейзажаў, прадметаў быту, старажытнага адзення, арнаменту, вышывак, ткацтва; напісаў эцюды «У лясной глушы», «Іней», «Вясна на Палессі». Свае назіранні мастак адлюстраваў у дэкарацыях: на сцэне былі створаны сапраўдныя карціны беларускага Палесся. Талент С. Нікалаева праявіўся і ў афармленні іншых нацыянальных спектакляў. Сярод іх – оперы «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я. Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Д. Лукаса (1947), «Надзея Дурава» А. Багатырова (1956); балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В. Залатарова. У дэкарацыях да спектакляў рускай класікі мастак адлюстраваў жыццёвую праўду, раскрыў гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам музычных вобразаў. Глыбокім драматызмам, гістарычнай дакладнасцю вылучалася мастацкае афармленне опер «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949) і «Мазепа» (1952) П. Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э. Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А. Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М. Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1954), «Садко» М. Рымскага-Корсакава (1957). Маштабнасцю зрокавых вобразаў, рамантычнай узнёсласцю і лірызмам вызначаліся работы да балетаў «Лебядзінае возера» (1948) і «Спячая прыгажуня» (1954) П. Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні (1949). Глыбокае разуменне характару эпохі і своеасаблівасць музыкі кампазітара мастак адлюстраваў у дэкарацыях да опер «Ціхі Дон» І. Дзяржынскага і «Марозка» М. Красева (1951). Значнае месца ў яго творчасці займала стварэнне дэкарацый да спектакляў па творах замежных аўтараў. Сярод іх – «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П. Л. Гертэля (1943), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) і «Аіда» (1953, 1970) Дж. Вердзі, «Фаўст» Ш. Гуно (1950), «Эсмеральда» Ц. Пуні (1951). З 1938 па 1959 г. на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР С. Нікалаеў аформіў каля 30 спектакляў. Яго дэкарацыі вылучаліся высокім жывапісным майстэрствам, насычанай каляровай гамай, арганічным адзінствам музычных і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэнічнай прасторы. Многія работы мастака сталі ўзорамі тэатральнага жывапісу. У 1932 г. Сяргей Піліпавіч Нікалаеў атрымаў званне заслужанага артыста РСФСР, у 1949 г. стаў народным мастаком БССР, у 1950 г. лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі CССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.