Краткая справка:
урач, грамадскі дзеяч, выдавец і рэдактар медыцынскай газеты "Друг здравия" (1833–1869), кавалер ордэна святой Ганны ІІ ст., святога Станіслава ІІІ ст., святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ і ІV ст.
Имена на других языках:
Гржимайло Кондратий Иванович (русский); Грум Кондратий Иванович (русский); Грум-Гржимайло Кондратий Иванович (русский);
3998 символов
Справка
Адным з прагрэсіўных дзеячаў свайго часу, які заклаў асновы хірургіі і медыцынскай навукі, быў Кандрат Іванавіч Грум-Гржымайла.
Нарадзіўся ён у Магілёве ў сям’і губернскага чыноўніка. Вучыўся ў народным вучылішчы, Магілёўскай духоўнай семінарыі, у 1815 г. скончыў Магілёўскую гімназію. У 1817 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе праз год атрымаў званне кандыдата філасофіі і перавёўся на медыцынскі факультэт. Пасля заканчэння навучання і стажыроўкі атрымаў ступень медыка-хірурга (1821). Працаваў хірургам у Пячорскім ваенным шпіталі (Магілёў), дзе на працягу сямі гадоў выканаў больш за 140 аперацый, у тым ліку 24 у сувязі з пахвіннымі грыжамі. У 1823 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Вообще о паховых грыжах и новом способе их излечения посредством операции». У далейшым К.І. Грум-Гржымайла дэталёва распрацаваў уласную методыку аперацыі пахвінных грыж. Свае навуковыя здабыткі ён сабраў у працы «Монография о радикальном лечении пахомошоночных грыж, в особенности по способу, основанному на двадцати семи операциях…» (1828, выдадзена ў 1837 г.). Сярод іншых дасягненняў хірурга ў гэты перыяд – першая, выкананая на тэрыторыі Расійскай Імперыі пластычная аперацыя заечай губы ў дзіцяці, аперацыя на мачавым пузыры. У 1828 г. была выдадзена яго манаграфія «О колтуне».
У 1828–1833 гг. К.І. Грум-Гржымайла ў якасці ваеннага ўрача служыў у Турцыі, Украіне, Польшчы, выконваў аперацыі ў палявых умовах. З 1833 г. жыў у Санкт-Пецярбургу, дзе працаваў у медыцынскім дэпартаменце Міністэрства ўнутраных спраў. У 1833–1869 гг. быў выдаўцом і рэдактарам медыцынскай газеты «Друг здравия», у якой друкаваліся звесткі па гігіене, дыетэтыцы, касметыцы, даваліся парады па хатнім лячэнні, шмат увагі ўдзялялася пытанням догляду за дзецьмі. У 1835 г. вучоны быў выбраны сапраўдным членам Вольнага эканамічнага таварыства, уваходзіў у яго медыцынскі камітэт, дзе на працягу амаль 40 гадоў займаўся навукова-даследчай работай. У гэты перыяд К.І. Грум-Гржымайла шмат працаваў над прафілактыкай воспы, якая ў тыя гады з’яўлялася цяжкім эпідэмічным захворваннем ва ўсім свеце. Ён аўтар прац «Руководство к привитию предохранительной оспы» (1837), «Рассуждение о современном состоянии оспопрививания в Европе» (1846) і інш. Па ініцыятыве ўрача ў 1851–1866 гг. у Санкт-Пецярбургу дзейнічала «воспапрывівальная ўстанова», у якой пад яго наглядам было прывіта ад воспы больш за 15 тыс. чалавек.
Вялікую ўвагу К.І. Грум-Гржымайла ўдзяляў пытанням фізіялогіі і паталогіі дзіцячага ўзросту. Вынікам працы стала складанне і выданне ў 1837 г. «Общепонятных наставлений к предупреждению и лечению повальных детских болезней», публікацыя першага навукова-папулярнага трохтомнага выдання «Руководство к воспитанию, образованию и сохранению здоровья детей» (1843–1845) і інш. Займаўся таксама вывучэннем мінеральных вод і лекавай гразі Расійскай Імперыі. Свае меркаванні вучоны выклаў у кнізе «Полное систематическое, практическое описание минеральных вод, лечебных грязей и купаний в Российской империи, с присовокуплением Краткого описания известных заграничных минеральных вод и патологии хронических болезней» (1855). Праца стала першым расійскім выданнем, у якім акрамя тапаграфічных і хімічных звестках аб курортах былі змешчаны даныя аб уздзеянні розных мінеральных водаў і гразей на арганізм чалавека, паказанні і проціпаказанні для лячэння імі. Вучоны – аўтар больш за 200 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў і вялікай колькасці рэцэнзій, якія ён змяшчаў у «Военно-медицинском журнале», «Трудах Императорского Вольного Экономического общества», «Трудах общества русских врачей» і іншых, а таксама кнігі ўспамінаў «Физиология поэзии и счастья» (1865).
За навуковыя дасягненні ў медыцыне К.І. Грум-Гржымайла быў выбраны членам Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3-й і 4-й ступеняў, стаў лаўрэатам Дзямідаўскай прэміі Расійскай акадэміі навук (1841).