Дата рождения: 16.09.1904 Баршчоўка, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 29.11.1980 Мінск, г.
Краткая справка: актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Беларусі, узнагароджаная ордэнам "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Кошельникова Раиса Николаевна (русский);
Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава належала да ліку акцёраў шырокага творчага дыяпазону. Яе выразная мастацкая індывідуальнасць арганічна праяўлялася ў ролях ярка камедыйных, глыбока псіхалагічных і трагедыйных. Вялікай жыццёвай праўдай, прастатой, эмацыянальнай сілай былі прасякнуты найбольш значныя работы актрысы.
Нарадзілася Р. Кашэльнікава ў в. Баршчоўка Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пад уплывам маці, сельскай настаўніцы, захапілася літаратурай, асабліва беларускай паэзіяй, і тэатрам. Яна ўдзельнічала ў аматарскіх школьных спектаклях, чытала са сцэны творы Я. Купалы, спявала народныя песні. Пасля заканчэння ў 1923 г. педагагічнага тэхнікума ў г. Чэрвені паступіла ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. У 1926 г. з яе выпускнікоў у Віцебску быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2, зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). За 13 гадоў працы ў гэтым калектыве, якія сталі самым плённым перыядам у творчасці артысткі, Р. Кашэльнікава стварыла яркія, запамінальныя вобразы. Нават яе першыя эпізадычныя ролі – Другі паж (народная драма “Цар Максімілян”), Эльф (“Сон у летнюю ноч” У. Шэкспіра), Вакханка (“Вакханкі” Эўрыпіда) – вылучаліся віртуознай тэхнікай, пластычнасцю, акрэсленым знешнім малюнкам. Потым у рэпертуары з’явіліся драматычныя ролі, такія як Ксенія (“Разлом” Б. Лаўранёва), Аксана (“Гібель эскадры” А. Карнейчука), Аўгіння (“У пушчах Палесся” Я. Коласа) і інш. Адным з лепшых акцёрскіх дасягненняў Р. Кашэльнікавай у БДТ-2 стаў вобраз Ларысы Агудалавай у спектаклі “Беспасажніца” па аднайменным творы А. Астроўскага.
У 1939 г. актрыса пераехала ў Мінск, дзе пачала працаваць у Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1, зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), на сцэне якога стварыла цэлую галерэю высокамастацкіх вобразаў. Сярод значных роляў беларускага рэпертуару – Броня, Клава (“З народам”, “Мілы чалавек” К. Крапівы), Куліна (“Людзі на балоце” паводле І. Мележа), Ізабэла (“Салавей” З. Бядулі) і інш. Найбольш ярка раскрыўся талент Р. Кашэльнікавай у спектаклях па творах рускіх і замежных драматургаў, дзе былі сыграны ролі Глафіры, Лябёдкінай, Глумавай (“Ваўкі і авечкі”, “Позняе каханне”, “На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага), Любові Каламійцавай (“Апошнія” М. Горкага), Ганны Ільінічны Ульянавай (“Сям’я” І. Папова), Сюзанны (“Жаніцьба Фігаро” П. Бамаршэ), фру Ліндэ (“Нора” Г. Ібсена), мадэмуазэль Куку (“Безыменная зорка” М. Себасцьяна) і інш. Вяршыняй творчасці Р. Кашэльнікавай у БДТ-1 стала роля Паўлінкі ў п’есе Я. Купалы. Яе гераіня, мяккая і жаноцкая, гарэзлівая і задумлівая, памяркоўная і ўпартая, прываблівала грацыёзнасцю, прагай да жыцця, індывідуальнасцю і праўдзівасцю. Яшчэ раз у сваёй творчай біяграфіі Р. Кашэльнікавай давялося “сустрэцца” з Я. Купалам у 1952 г., калі яна іграла жонку паэта – Уладзіславу Францаўну Луцэвіч – у спектаклі “Шчасце паэта” па п’есе В. Віткі.
Дзякуючы выключнай працавітасці, патрабавальнасці і адказнасці Р. Кашэльнікава стала вядучай актрысай Купалаўскага тэатра, якому аддала больш за 40 гадоў творчага жыцця. За высокі прафесіяналізм, плённую дзейнасць у галіне культуры ёй у 1957 г. было прысвоена ганаровае званне “Народная артыстка БССР”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.