Краткая справка:
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра
Имена на других языках:
Жданович Флориан Павлович (русский);
4549 символов
Справка
Імя Фларыяна Паўлавіча Ждановіча непарыўна звязана з развіццём беларускай тэатральнай культуры. Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і служачага. Скончыў Мінскае рэальнае вучылішча, потым драматычную школу ў Варшаве. Малады акцёр пачаў сваю сцэнічную дзейнасць у 1902 г. з выступленняў у польскіх тэатрах. У 1907 г. Ф. Ждановіч вярнуўся ў родны Мінск з цвёрдым намерам арганізаваць беларускі тэатр. Гэтай справе было прысвечана ўсё яго далейшае жыццё. Працаваў у тэатральнай трупе, якая існавала на правах гуртка пры польскім спартыўным таварыстве “Сокал”, дзе выступаў з чытаннем вершаў беларускіх паэтаў Я. Купалы і Я. Коласа. Са сваімі сябрамі-аднадумцамі Ф. Ждановіч падрыхтаваў і правёў вечар “Беларускі кірмаш”, на якім гучалі беларускія вершы, народныя песні. Наступным крокам была арганізацыя першага беларускага драматычнага гуртка ў Мінску, з якім паставіў п’есу М. Крапіўніцкага “Па рэвізіі”. Канчаткова кірунак дзейнасці быў выпрацаваны пасля выступлення ў Мінску Першай беларускай трупы І. Буйніцкага (1911 г.). Адразу пасля яе гастроляў адбылося асабістае знаёмства, і ўзнікла дамоўленасць паміж Ф. Ждановічам, У. Фальскім і І. Буйніцкім аб арганізацыі новай беларускай трупы.
Ф. Ждановіч узяўся за падрыхтоўку рэпертуару. Ён зрабіў адметныя інсцэніроўкі твораў “Хам” і “У зімовы вечар” (“Рысь”) Э. Ажэшкі. У яго рэдакцыі яны набылі яшчэ большую насычанасць беларускім каларытам, мясцовымі фарбамі. Пераклаў з украінскай мовы п’есу “Цыганка Аза” М. Старыцкага, якая атрымала назву “Хата за вёскай”. Вялікая ўвага надавалася і фарміраванню драматычнага калектыву. Ён складаўся з лепшых удзельнікаў гуртка Ф. Ждановіча і трупы І. Буйніцкага. Былі запрошаны таксама прафесіянальныя акцёры-беларусы з польскай трупы. Але адразу распачаць работу калектыў не меў магчымасці: царскія ўлады не далі дазволу стварыць нацыянальны калектыў.
Новая трупа змагла канчаткова аформіцца ў 1913 г. Работа пачалася з рэпетыцый “Паўлінкі” Я. Купалы. Прэм’ера спектакля адбылася 15 жніўня 1913 г. у Радашковічах. Прадстаўленне мела надзвычайны поспех. Нараджэнне тэатра адбылося. Прынята было рашэнне назваць яго Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі. Кіраўніком быў абраны Ф. Ждановіч. Аднак разгарнуць сваю дзейнасць таварыству не ўдалося: царскія ўлады ўспрынялі арганізацыю беларускага тэатра як антыўрадавую дзейнасць. Над Ф. Ждановічам навісла пагроза арышту, і ён вымушаны быў пакінуць Мінск. Некаторы час працаваў на рускай сцэне ў Крыме.
У Мінск Ф. Ждановіч вярнуўся толькі ў пачатку красавіка 1917 г. і адразу ж прыступіў да аднаўлення Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Гэтаму калектыву, які паказваў спектаклі з 1917 да сярэдзіны 1920 г., даводзілася працаваць у вельмі складаных ваенных умовах – пры нямецкай, польскай уладах. Тым не менш ён іграў багаты рэпертуар – паказваліся спектаклі па творах В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка, К. Буйло, М. Чарота. А калі 14 верасня 1920 г. адкрыўся Першы беларускі дзяржаўны тэатр (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), большасць пастановак у дапрацаваным выглядзе склала аснову яго рэпертуару. Перайшлі на працу і акцёры з таварыства. Арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком тэатра стаў Ф. Ждановіч. Ён праводзіў і асноўную рэжысёрскую работу. Былі пастаўлены спектаклі “Прымакі” (1920), “Сон на кургане” і “Адвечная песня” (1921) Я. Купалы, “Ганка”, “Апошняе спатканне”, “Бязродны” У. Галубка (1921) і інш. Рэжысёрскія работы Ф. Ждановіча вылучаліся шырокім выкарыстаннем беларускага фальклору і сцэнічных прыёмаў народнага тэатра. У 1922–1929 гг. рэжысёр працягваў сваю дзейнасць у родным тэатры ў якасці акцёра. Яму ўдаваліся ролі розных планаў, а ігра заўжды вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, самабытнасцю. Са сцэнічных вобразаў, якія ён увасобіў, вылучаюцца Быкоўскі, Сымон (“Паўлінка”, “Раскіданае гняздо” Я. Купалы), Пекляванаў (“Браняпоезд 14–69” У. Іванова), Караваеў (“Мяцеж” Д. Фурманава і С. Паліванава) і інш.
У 1929 г. Ф. Ждановіч з-за палітычных абставін вымушаны быў пакінуць Беларусь. Ён выехаў у Саратаў, выкладаў там у тэатральным вучылішчы. Затым працаваў рэжысёрам і акцёрам у тэатрах Расіі. Гэта быў нялёгкі для Ф. Ждановіча час. Ён, як і многія дзеячы культуры, быў незаконна рэпрэсіраваны. Але як бы драматычна ні складваліся абставіны, якія б крутыя павароты ні рыхтаваў лёс, Ф. Ждановіч да канца сваіх дзён быў моцны духам і вельмі горды ад усведамлення, што ёсць Першы беларускі дзяржаўны тэатр, яго пачынанне, яго роднае дзецішча.