Дата рождения:
10.01.1905 Лошніца, аг., Барысаўскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
26.02.1993
Краткая справка:
вучоны ў галіне афтальмалогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, заслужаны ўрач Беларусі, выдатнік аховы здароўя СССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1974), ганаровая грамадзянка Мінска, узнагароджана ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга
Варианты имени:
Бірыч Таццяна Васільеўна
Имена на других языках:
Бирич Татьяна Васильевна (русский);
4903 символа
Справка
Яркім прадстаўніком медыцынскай навукі Беларусі з'яўляецца выдатны хірург-афтальмолаг, таленавіты вучоны Таццяна Васільеўна Бірыч.
Нарадзілася яна ў в. Лошніца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння мясцовай чатырохгадовай народнай школы і трох класаў школы II ступені Т.В. Бірыч пачала працаваць настаўніцай пачатковай школы. У 1923 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Пасля яго заканчэння ў 1928 г. стала ардынатарам кафедры хваробы вачэй. Працу сумяшчала з вучобай у аспірантуры пры Беларускай акадэміі навук. Важную ролю ў жыцці Т.В. Бірыч адыграла навуковая стажыроўка ў 1931–1932 гг. у 1-м Маскоўскім медыцынскім інстытуце. Пад кіраўніцтвам сусветна вядомага вучонага-афтальмолага В.П. Адзінцова яна працавала над кандыдацкай дысертацыяй на тэму “Экспериментальные, гистологические и клинические исследования по вопросу об образовании каверн в зрительном нерве”, якую паспяхова абараніла ў 1937 г. і атрымала вучоную ступень кандыдата медыцынскіх навук. З 1932 па 1941 г. Т.В. Бірыч працавала асістэнтам, дацэнтам кафедры хвароб вачэй Мінскага медыцынскага інстытута. На працягу года (1937–1938) стажыравалася ў Адэскім навукова-даследчым інстытуце хвароб вачэй, які ўзначальваў акадэмік У.П. Філатаў. Тут яна авалодала новымі метадамі пластычнай хірургіі, тэхнікай аперацый па перасадцы трупнай рагавіцы. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Т.В. Бірыч – ваенны ўрач II рангу, асістэнт кафедры хвароб вачэй Саратаўскага медыцынскага інстытута, кансультант эвакуацыйнага шпіталя, арганізаванага на базе клінікі хвароб вачэй медыцынскага інстытута, а потым начальнік ваеннага аддзялення клінікі хвароб вачэй. З 1944 па 1945 г. яна выконвала абавязкі загадчыка кафедры хвароб вачэй Саратаўскага медыцынскага інстытута. У снежні 1945 г. вярнулася ў Мінск і ўзначаліла кафедру хвароб вачэй Мінскага медыцынскага інстытута, дзе працягвала праводзіць эксперыментальныя і біяхімічныя даследаванні, вынікам якіх стала доктарская дысертацыя на тэму “Оксигенотерапия в офтальмологии” (абараніла ў 1947 г.). Кафедрай яна кіравала нязменна 40 гадоў і да канца жыцця працавала тут прафесарам. Таццяна Васільеўна Бірыч – першая беларуская жанчына, якой былі прысвоены вучонае званне прафесара (1948) і ганаровае званне “Заслужаны ўрач БССР” (1948).
Навуковая і педагагічная дзейнасць Т.В. Бірыч добра вядомая не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Яна апублікавала больш за 250 навуковых прац. Сярод іх – “Памятка о трахоме” (1951), “Глаукома и предупреждение слепоты” (1963), “Оксигенотерапия в офтальмологии”(1972), “Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах” (1975), “Ожоги глаз” (1979), “Применение низких температур в офтальмологии” (1984) і інш. Даследаванні Т.В. Бірыч былі прысвечаны найбольш актуальным пытанням афтальмалогіі: выкарыстанню аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, метаду выдалення катаракты з дапамогай нізкіх тэмператур, вывучэнню кровазліцця ў сятчатку ў нованароджаных пры нармальных і паталагічных родах. У 1961 г. Т.В. Бірыч упершыню ўжыла новы метад крыяхірургіі. Ён у той час стаў перспектыўным і высокаэфектыўным напрамкам медыцыны. Метад атрымаў шырокае распаўсюджванне ў клініках хвароб вачэй краіны. Дзякуючы нястомным клопатам Т.В. Бірыч у рэспубліцы была створана разгалінаваная сетка лячэбных устаноў для дарослых і дзяцей, дзе прымаліся меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых змен органаў зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку і інш.
Таццяна Васільеўна займалася і грамадскай дзейнасцю. Будучы нязменным старшынёй Рэспубліканскага навуковага таварыства афтальмолагаў, членам праўлення і членам Прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства афтальмолагаў, членам Цэнтральнай праблемнай вучэбна-метадычнай камісіі па афтальмалогіі Міністэрства аховы здароўя СССР, яна настойліва дамагалася ўкаранення ў шырокую паўсядзённую практыку новых навуковых даследаванняў, што забяспечвала высокі ўзровень прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння, дыспансерызацыі і рэабілітацыі ў афтальмалогіі. Была пастаянным удзельнікам і дакладчыкам на ўсесаюзных і рэспубліканскіх з’ездах і канферэнцыях афтальмолагаў, дэлегатам II Усесаюзнай канферэнцыі прыхільнікаў міру, ХХ з’езда КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, намеснікам Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Высокія заслугі ў развіцці афтальмалагічнай навукі былі дастойна адзначаны дзяржавай. Таццяна Васільеўна – заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1964), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Таксама ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1960), ордэнам Леніна (1974), медалямі, ганаровымі граматамі. У 1987 г. яна стала ганаровым грамадзянінам Мінска. Яе імя ўвекавечана на мемарыяльных дошках, усталяваных у Мінску і Лошніцы.