Дата рождения:
29.01.1900 Клюкаўка, в., Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
10.06.1972
Краткая справка:
вучоны-хімік, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1959, 1961)
Имена на других языках:
Ермоленко Николай Федорович (русский); Ермоленко Николай Фёдорович (русский);
3688 символов
Справка
Ярмоленка Мікалай Фёдаравіч, адзін з заснавальнікаў хімічнай навукі Беларусі, нарадзіўся ў в. Клюкаўка Аршанскага павета Віцебскай губерні (цяпер Аршанскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў хімічны факультэт 2-га Маскоўскага ўніверсітэта (1924).
У 1924−1928 гг. быў асістэнтам кафедры неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1928–1930 гг. навучаўся ў аспірантуры БДУ. Спецыялізаваўся ў Інстытуце фізічнай хіміі пры Лейпцынгскім універсітэце (1928–1929), хіміка-тэхналагічным інстытуце ў Ленінградзе (1929−1930).
У 1930 г. М. Ф. Ярмоленку прысвоена вучоная ступень кандыдата хімічных навук і званне дацэнта кафедры агульнай і неарганічнай хіміі БДУ. Праз год атрымаў званне прафесара. Быў першым загадчыкам кафедры агульнай хіміі Беларускага (Мінскага) медыцынскага інстытута (1930–1939), загадчыкам кафедры аналітычнай хіміі БДУ (1934–1972). У 1935 г. яму прысвоена вучоная ступень доктара хімічных навук.
У 1932–1938 гг. і з 1944 г. М.Ф. Ярмоленка ўзначальваў лабараторыю калоіднай хіміі Інстытута хіміі Акадэміі навук БССР (з 1966 г. лабараторыя перайменавана ў лабараторыю сінтэтычных сарбентаў і сарбцыйных працэсаў Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР). У 1936–1937 гг. быў прарэктарам БДУ па навуковай рабоце і ў 1936 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны працягваў выкладчыцкую дзейнасць у якасці загадчыка кафедры агульнай хіміі Сталінградскага медыцынскага інстытута (1941−1942) і прафесара кафедры хіміі Ташкенцкага тэкстыльнага інстытута (1942−1943). З 1943 па 1946 г. загадваў кафедрай агульнай хіміі БДУ і лабараторыяй калоіднай хіміі АН БССР.
У 1946−1953 гг. быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук. У 1959−1972 гг. кіраваў лабараторыяй Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР.
У 1947 г. М.Ф. Ярмоленка выбраны правадзейным членам (акадэмікам) АН БССР. У 1956−1969 гг. з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР. У 1965–1972 гг. быў галоўным рэдактарам журнала «Весці АН БССР. Серыя хімічных навук».
Вучоны праводзіў даследаванні ў галіне калоіднай, неарганічнай і прыкладной хіміі, фізічнай хіміі палімераў і адсорбцыі з раствораў. Важнымі вынікамі яго навуковай дзейнасці сталі выяўленне з’явы седыментацыйнай тыксатрапіі, абгрунтаванне тэорыі ламінарнай каагуляцыі, даследаванне механізма дзеяння інгібітараў пры акісленні каўчукоў, працэсаў набракання высокапалімераў, заканамернасцей працэсаў адсорбцыі, распрацоўка прынцыпаў тэхналагічных працэсаў атрымання сарбентаў з важнымі ў практычных адносінах уласцівасцямі і інш.
Ярмоленка М.Ф. – аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій. Сярод іх – «Хроматографический адсорбционный анализ и его развитие» (1955), «Триполифосфаты и их применение» (1969, у суаўтарстве), «Регулирование пористой структуры окисных адсорбентов і катализаторов» (1971, у суаўтарстве) і інш. Мае 16 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Стварыў навуковую школу, якая займаецца фундаментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі ў галіне калоіднай хіміі, атрымання сінтэтычных адсарбентаў, іонаабменнікаў і каталізатараў, даследаваннямі сарбцыйных і каталітычных працэсаў. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронена 29 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысертацыі. Шмат гадоў ён быў старшынёй Мінскай секцыі Усесаюзнага хімічнага таварыства імя Д.І. Мендзялеева. З’яўляўся дэпутатам Мінскага абласнога Савета.
Навуковая і педагагічная дзейнасць вучонага была адзначана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1954), ордэнамі Леніна (1959, 1961), медалямі. У 1949 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР.