Дата рождения:
30.01.1895 Мышкавічы, аг., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
13.01.1968 Мышкавічы, аг., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, вайны ў Іспаніі 1936–1939 гг., адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), гаспадарчы дзеяч, кіраўнік легендарнага калгаса "Рассвет" (1944–1967), Герой Сацыялістычнай Працы (1958), узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Орловский Кирилл Прокофьевич (русский);
3100 символов
Справка
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў Кірыла Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся ў в. Мышкавічы (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, якую скончыў у 1910 г., затым вучыўся на курсах па садоўніцтве і агародніцтве, працаваў у сялянскай гаспадарцы бацькі. У час Першай сусветнай вайны, вясной 1915 г., быў прызваны ў армію. Каля двух гадоў знаходзіўся ў 251-м запасным пяхотным палку каля Масквы. У 1917 г. служыў у сапёрным узводзе 65-га пяхотнага палка Заходняга фронту ў званні малодшага ўнтэр-афіцэра.
Пасля дэмабілізацыі ў 1917 г. вярнуўся ў Мышкавічы. З 1918 г. і да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць К.П. Арлоўскага была звязана з разведкай, органамі ВЧК, НКУС БССР і НКДБ БССР. У маі 1918 г. яго прынялі на службу ў Аршанскую надзвычайную камісію. У чэрвені 1918 г. у час акупацыі Беларусі германскімі войскамі па заданні Бабруйскага падпольнага раённага камітэта РКП(б) арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад. Са снежня 1918 г. працаваў у Бабруйскай надзвычайнай камісіі. У 1919–1920 гг. вучыўся на курсах каманднага саставу ў Мінску, Магілёве, Маскве. У 1922–1925 гг. быў камандзірам партызанскага атрада ў заходнебеларускім Палессі (вядомы пад падпольнымі псеўданімамі Аршынаў і Муха-Міхальскі).
У 1930 г. К.П. Арлоўскі скончыў Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве. Вучобу сумяшчаў з працай на заводах. У маі 1930 г. вярнуўся ў Мінск і да 1936 г. служыў у органах ДПУ – НКУС БССР.
Кірыла Пракопавіч удзельнічаў у нацыянальна-рэвалюцыйнай вайне іспанскага народа (1936–1939), выконваў баявыя заданні, быў саветнікам у 14-ым корпусе рэспубліканскай арміі.
У 1940–1942 гг. К.П. Арлоўскі знаходзіўся ў спецкамандзіроўцы ў Заходнім Кітаі. Па сваёй ініцыятыве з дазволу кіраўніцтва вярнуўся на Радзіму, каб прыняць удзел у абароне Айчыны. У чэрвені 1942 г. сфарміраваў і ўзначаліў разведвальна-дыверсійную групу НКДБ, якая 26 кастрычніка 1942 г. была закінута на акупіраваную нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыю Беларусі і вырасла ў партызанскі атрад «Сокалы». У красавіку – маі 1943 г. на яго базе створаны тры партызанскія атрады. 17 лютага 1943 г. група партызан на чале з К.П. Арлоўскім знішчыла з засады некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў фашысцкай адміністрацыі, у тым ліку галоўнага камісара Баранавічаў. У гэтым баі Кірыла Пракопавіч быў цяжка паранены, страціў рукі і слых. У 1943 г. яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 1944 г. узначаліў калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна, які хутка вырас у буйную шматгаліновую гаспадарку. У 1947–1951 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1950 г. – дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. У 1958 г. атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Памёр К.П. Арлоўскі 13 студзеня 1968 г., пахаваны ў в. Мышкавічы.
Яго імем названы калгас «Рассвет», школа ў Кіраўску, вуліцы ў Магілёве, Бабруйску, Клецку, Ганцавічах, Кіраўску, Ляхавічах, у цэнтры Мышкавіч устаноўлены бронзавы бюст К.П. Арлоўскаму.