Ёсць на Уздзеншчыне маляўнічая вёска Прусінава. Размясцілася яна ля вытоку Нёмана, сярод густых хваёвых лясоў. Тут у сям’і селяніна нарадзіўся Алесь Пальчэўскі – вядомы беларускі пісьменнік. Ён быў адзінаццатым дзіцем у бацькі, якому належала ўсяго 3,5 гектара ворнай зямлі. Каб жыць на гэтым надзеле, трэба было працаваць ад цямна да цямна. Да працы з самых малых гадоў прызвычаіўся і Алесь. Яму было наканавана застацца на вёсцы, але хлопец прагна цягнуўся да ведаў: шмат чытаў, ладзіў у вёсцы спектаклі, падпісваў аднавяскоўцаў на газеты.
Пасля заканчэння пачатковай школы ў Прусінаве ён вучыўся ў вышэйшым пачатковым вучылішчы ў вёсцы Новы Свержань, на Стаўбцоўшчыне, потым паступіў на рабфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта, пасля стаў студэнтам філфака. Вучыўся Пальчэўскі ў адной групе з П.Броўкам, Я.Скрыганам, С.Баранавых, В.Кавалём, спрабаваў пісаць сам. З блаславення К.Чорнага яго першыя творы пачалі з’яўляцца ў сталічных выданнях з 1925 г., але пачаткам літаратурнай дзейнасці Алесь Восіпавіч лічыў 1926 г., калі ў часопісе “Малады араты” было надрукавана яго апавяданне “Ахвяра”. У 1931 г. Пальчэўскі скончыў універсітэт, а праз год у выдавецтве “Чырвоная змена” выйшла асобнай кніжкай яго п’еса для школьнай самадзейнасці “З чырвоным сцягам”, у 1934 г. у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі – п’еса “Зломаная іголка”. Захапленне драматургіяй жыло з таго часу, як у роднай вёсцы пачаў прымаць актыўны ўдзел у самадзейнасці. Патрэбных твораў не хапала, таму і даводзілася самому брацца за пяро. Пасля заканчэння універсітэта Пальчэўскі займаўся выдавецка-газетнай работай. Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса “Кааперацыя БССР”, затым – у часопісе “Шляхі калектывізацыі”, у дзіцячым часопісе “Іскры Ільіча”. У гэты перыяд ён рыхтаваў да друку зборнік апавяданняў для дзяцей “Акурак”. Аднак 26 лістапада 1936 г. жыццё Алеся Восіпавіча набыло новы паварот: яго аб’явілі “ворагам народа”, а 1 кастрычніка 1937 г. прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Пасля рэабілітацыі ў 1954 г. Пальчэўскі вярнуўся ў Мінск. Ён працаваў у газеце “Зорька”, рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, а з 1961 па 1971 г. – адказным сакратаром часопіса “Вясёлка”. Пісьменніку давялося нанава ўваходзіць у літаратуру. Ён выдаў некалькі кніг для дарослых чытачоў, аднак больш пісаў дзецям. Напісанае і выдадзенае да вайны стала бібліяграфічнай рэдкасцю, а сапраўднае знаёмства з пісьменнікам адбылося ў канцы 50-х гадоў, калі выйшлі яго кнігі “Родныя берагі” і “Беражанкі”. З апошняй кніжкі і пачаліся для Пальчэўскага сапраўдныя ўваходзіны ў дзіцячую літаратуру. “Ты не адзін” (1960), “Аля і Галя” (1961), “Дым над лесам” (1964), “Данеўцы – нашы знаёмыя” (1965), “Таемная крушня” (1969), “Тайна аднаго звяна” (1971), “Аднавокі сом” (1974) – усе гэтыя кнігі прызначаліся юнаму чытачу. У іх пісьменнік даследаваў “дзяціную пару чалавека праз яго любоў да прыроды, да працы, адзін да аднаго, да ўсіх разам”*, – пісаў крытык У.Юрэвіч. Самы значны з твораў Пальчэўскага для дзяцей – аўтабіяграфічная аповесць “Сцежкі” (1977). Яна стала для пісьменніка лебядзінай песняй.
Смерць застала Алеся Пальчэўскага на парозе яго 75-годдзя (памёр 26.04.1979 г.). Застала нечакана, за рабочым сталом, калі ён рыхтаваў два тамы выбраных твораў. Завяшчанне пра пахаванне было пакінута свайму вернаму сябру і жонцы, таксама пісьменніцы – Тамары Цулукідзе. Спачываць вечна ён пажадаў побач з магіламі сваіх бацькоў. Там, у родным Прусінаве, на высокай наднёманскай кручы, пад шатамі хвой, ён і пахаваны.
* Цыт. па: Пальчэўскі А. Выбраныя творы: У 2 т. Мн., 1980. Т. 1. С. 8.