Краткая справка:
вучоны ў галіне гідрагеалогіі і прыкладной геалогіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947, 1952) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972)
Варианты имени:
Багамолаў Герасім Васілевіч
Имена на других языках:
Богомолов Герасим Васильевич (русский);
4167 символов
Справка
Герасім Васілевіч Багамолаў нарадзіўся ў в. Слізнёва Сычоўскага павета Смаленскай губерні (цяпер Навадугінскі раён Смаленскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1929 г. скончыў Маскоўскую горную акадэмію. Пасля атрымання дыплома быў выкладчыкам гэтай жа акадэміі. У 1930 г. накіраваны на працу гідрагеолагам ў Бюро падземных вод Інстытута збудаванняў. Прымаў удзел у працах па водазабеспячэнню г. Мінска. З 1931 г. быў намеснікам дырэктара Інстытута інжынерна-будаўнічай гідратэхнікі і гідрагеалогіі, з 1935 г. ‒ дырэктарам Навукова-даследчага бюрогідрагеалогіі і інжынернай геалогіі. Адначасова выкладаў у Маскоўскім геолагаразведачным інстытуце. У 1933 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «К методике определения производительности водоносных пластов откачкой». У 1939 г. завяршыў працу па стратыфікацыі карэнных і ледніковых адкладаў, характарыстыцы іх ваданоснасці, геалагічных структурах, перспектыўных для пошукаў нафты, вугалю, солі. За гэту работу у 1940 г. ён атрымаў вучоную ступень доктара навук і стаў прафесарам. У 1947 г. выбраны членам-карэспандэнтам, у 1960 г. ‒ акадэмікам Акадэміі навук БССР. З 1939 г. быў дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута гідрагеалогіі і інжынернай геалогіі, з 1951 г. ‒ намеснікам міністра геалогіі СССР. З 1954 г. з’яўляўся намеснікам акадэміка-сакратара Аддзялення геалагічных і геаграфічных навук АН СССР. У 1961 г. прызначаны дырэктарам Інстытута геалагічных навук (з 1964 г. Інстытут геахіміі і геафізікі) Акадэміі навук БССР. З 1964 г. загадваў сектарам геатэрміі глыбінных зон, з 1971 г. ‒ аддзелам гідрагеахіміі падземных вод і геатэрміі. У 1978‒1981 гг. працаваў загадчыкам лабараторыі цепламасапераносу ў зямных нетрах.
Герасім Васілевіч ‒ аўтар больш за 350 навуковых прац па прыкладной геалогіі і геатэрміі, гідрагеалогіі грунтовых вод, іх складу, умовам залягання і ўтварэння. Сярод іх ‒ «Гідрагеалагічныя доследы ў басейне ракі Свіслачы» (1933, у суаўтарстве), «К методике определения производительности водоносных пластов откачкой» (1933), «Классификация ресурсов подземных вод для целей водоснабжения и методика их подсчета» (1946, у суаўтарстве), «Геологическая структура территории БССР и краткая характеристика развития дочетвертичного и четвертичного рельефа» (1946), «Чем богаты недра Белоруссии» (1950), «Подземные воды и их изучение» (1966, у суаўтарстве). На тэрыторыі Беларусі прымаў удзел у навуковых даследаваннях, прысвечаных агульным геалагічным праблемам, рэгіянальнай геалогіі, гідрагеалогіі, тэктоніцы, геатэрміі і інш. У 1928‒1929 гг. выконваў палявыя даследаванні па вопытна-фільтрацыйных і вопытна-міграцыйных работах у гідрагеалагічных скважынах у ваколіцах Мінска для ацэнкі запасаў падземных вод. У 1939 г. пад яго кіраўніцтвам была састаўлена геалагічная карта карэнных адкладаў Беларусі. У 1940‒1941 гг. Герасім Васілевіч узначальваў гідралагічную экспедыцыю, у межах якой ажыццяўляўся збор інфармацыі для абгрунтавання праекта асушэння Палесся. У пасляваенны час выканаў гідралагічныя даследаванні падземных вод на тэрыторыі Беларусі, вынікі якіх ляглі ў аснову рэканструкцыі сістэмы водазабеспячэння буйных гарадоў. Першыя працы па штучным папаўненні запасаў падземных вод былі выкананы Г. В. Багамолавым у 1974‒1976 гг. у пойме Дняпра. У Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР ён арганізоўваў даследаванні па цеплавым рэжыме нетраў рэспублікі. Сярод адкрыццяў вучонага вядомасць атрымала мінеральная вада, якая была названа «Мінская». Герасім Васілевіч узначальваў Навуковы савет па праблемах Салігорскіх калійных радовішчаў.
Вучоны двойчы ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР ‒ за распрацоўку і ўкараненне хімічнага метаду замацавання плывуноў (1947) і за адкрыццё і разведку Старобінскага радовішча калійных солей (1952). У 1968 г. Г. В. Багамолаў атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У 1972 г. за разведку буйных нафтавых радовішч на тэрыторыі Беларусі яму прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1947), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1975), Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі. У гонар Г. В. Багамолава названа вуліца ў Салігорску.