Дата рождения:
10.04.1900 Багацькаўка, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
20.11.1988 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны-геолаг, географ, эканаміст, статыстык, дэмограф, грамадскі дзеяч, заснавальнік савецкай школы палеапатамалогіі і беларускай школы даследчыкаў антрапагену, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалямі
Псевдонимы:
Габрыэль Мсціславец
Имена на других языках:
Горецкий Гавриил Иванович (русский);
5296 символов
Справка
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі – выдатны даследчык геалогіі антрапагену, інжынернай геалогіі, археалогіі, эканомікі, эканамічнай геаграфіі, сельскай і лясной гаспадаркі і іншых галін ведаў, заснавальнік новай галіны геалагічнай навукі ‒ палеапатамалогіі.
Гаўрыла Гарэцкі нарадзіўся ў в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Багацькаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці). Вучыўся ў школе, земскім і двухкласным вучылішчах. У 1919 г. скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, у 1924 г. ‒ эканамічны факультэт Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. У 1924–1925 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. З 1925 па 1927 г. быў дацэнтам, загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай эканомікі і эканамічнай геаграфіі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У гэты час абгрунтаваў неабходнасць пашырэння адміністрацыйных граніц БССР, пазначыў прыярытэтныя кірункі развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі, унёс значны ўклад у вывучэнне эканомікі і дэмаграфіі Гомельскай губерні. Гаўрыла Гарэцкі быў удзельнікам экспедыцыі Наркамзема па Міншчыне і Мазыршчыне, вывучэнні стратыграфіі і храналогіі палеалітычных помнікаў Бердыж і Юравічы (Гомельская вобласць), адкрыў стаянкі каменнага веку ў даліне ракі Нёман (каля вёсак Беліца, Кавальцы, Збляны, Морына).
У 1927‒1930 гг. Г.І. Гарэцкі з’яўляўся дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя У.І. Леніна і ўнёс значны ўклад у станаўленне і развіццё інстытута, сфарміраваў новыя прынцыпы арганізацыі навукова-даследчай работы. Адначасова ў 1929‒1930 гг. ён загадваў адной з кафедр Беларускай акадэміі навук. У 1928 г. выбраны правадзейным членам акадэміі.
У 1930, 1937 і 1938 гг. вучоны падвяргаўся арыштам, быў пазбаўлены звання акадэміка. У 1931‒1939 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам і інжынерам-геолагам Геалагічнага аддзела Беламорска-Балтыйскага камбіната, удзельнічаў у будаўніцтве Ніжне- і Верхнетуломскай ГЭС, Кольскага канала, Рыбінскага гідравузла Валгабуда і інш. У 1941‒1942 гг. Г.І. Гарэцкі быў галоўным геолагам Галоўабаронбуда, займаўся ўзвядзеннем абарончых збудаванняў пад Масквой і Ленінградам. З 1943 г. з’яўляўся галоўным геолагам, намеснікам начальніка аддзела інжынернай геалогіі, галоўным кансультантам у арганізацыях Гідрапраекта СССР. Прымаў удзел у будаўніцтве Горкаўскай, Куйбышаўскай, Саратаўскай, Канеўскай, Кахоўскай і Цымлянскай ГЭС, Волга-Данскога, Сальскага і Азоўскага каналаў, вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм. Менавіта ў гэтыя гады пачаў развіваць асновы палеапатамалогіі ‒ навукі аб старажытных рэках. У 1945 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «О роли местных географических условий в четвертичной истории (на примере изучения Кольской и Туломской долин на Кольском полуострове)», у 1946 г. ‒ доктарскую на тэму «Неогеновые и четвертичные отложения района Средней Камы между устьем Вишеры и городом Боровском».
У канцы 1960-х гг. пасля рэабілітацыі (1958) і аднаўлення ў званні акадэміка (1965) Г.І. Гарэцкі вярнуўся на Радзіму. У 1969‒1985 гг. узначальваў аддзел геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, адначасова ў 1969‒1973 гг. быў галоўным кансультантам Гідрапраекта, намеснікам акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР. Па яго ініцыятыве створаны геалагічны музей пад адкрытым небам, які атрымаў назву «Парк камянёў».
Гаўрыла Гарэцкі падрыхтаваў больш за 200 навуковых і публіцыстычных прац, у тым ліку 8 манаграфій. Сярод іх ‒ «Народны прыбытак Беларусі» (1926), «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы: (нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі)» (1928), «Даследчая справа па сельскай і лясной гаспадарцы БССР» (1929), «Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна» (1964), «Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги» (1966), «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра» (1970), «Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья)» (1980) і інш. Гаўрыла Іванавіч быў вядомы і як таленавіты публіцыст: з’яўляўся аўтарам успамінаў пра М. Гарэцкага, Я. Купалу, М. Горкага, К. Крапіву, У. Дубоўку, П. Рагавога і інш.
Актыўную навуковую працу Г.І. Гарэцкі сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Вучоны з’яўляўся старшынёй савецкай секцыі Міжнароднага саюза па вывучэнні чацвярцічнага перыяду, старшынёй Камісіі АН СССР па вывучэнні чацвярцічнага перыяду, ганаровым членам геаграфічных таварыстваў СССР і БССР, беларускага філіяла таварыства глебазнаўцаў СССР, арганізатарам і старшынёй Беларускай антрапагенавай камісіі АН БССР.
У 1971 г. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, у 1986 г. ‒ Дзяржаўнай прэміі БССР. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1930), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1952, 1971), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1979), медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1972 г. яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1989 г. на будынку інстытута, дзе працаваў вучоны, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У яго гонар названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл. Вывучэннем жыцця і дзейнасці акадэміка Гарэцкага актыўна займаюцца сучасныя даследчыкі.