Корш-Саблін (сапраўднае Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч
Дата рождения:
29.03.1900
Дата смерти:
06.07.1974
Краткая справка:
кінарэжысёр, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай кінематаграфіі, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), кавалер ордэна Леніна, ордэна "Знак Пашаны", імем якога названа вуліца ў Мінску
Псевдонимы:
Корш-Саблин Владимир Владимирович; Корш-Саблін Уладзімір Уладзіміравіч
Имена на других языках:
Саблин Владимир Владимирович (русский);
3742 символа
Справка
Адным з пачынальнікаў і класікаў беларускага кіно быў выдатны кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст БССР і СССР Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін.
Нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч у Маскве ў сям’і выдаўца Уладзіміра Міхайлавіча Сабліна. Яго дзедам быў вядомы тэатральны дзеяч Фёдар Адамавіч Корш. З 17 гадоў Уладзімір Уладзіміравіч працаваў у тэатрах Сімферопаля і Мелітопаля, дзе выступаў пад прозвішчам дзеда. Служыў у кавалерыі памочнікам і ад’ютантам камандзіра палка. Удзельнічаў у штурме Перакопа. У 1923 г. у Адэсе быў запрошаны ў якасці ваеннага кансультанта на здымкі фільма, прысвечанага гэтым падзеям. Тады і пачалося яго захапленне кінематографам, якое падтрымаў сваяк Уладзіміра Уладзіміравіча вядомы акцёр, драматург і пачынаючы кінарэжысёр Ю. Тарыч. Пад яго кіраўніцтвам на працягу 1925–1929 гг. У. Корш-Саблін як асістэнт рэжысёра і акцёр удзельнічаў у стварэнні фільмаў “Крылы халопа”, “Першыя агні”, першага ігравога беларускага фільма “Лясная быль” (паводле аповесці М. Чарота) і інш. З гэтага часу ён назаўсёды звязаў свой лёс з беларускім кінематографам. У 1929 г. У. Корш-Саблін прыступіў да стварэння сваёй першай самастойнай стужкі “У агні народжаная”, прысвечанай 10-годдзю БССР. Яму пашанцавала выпусціць на экраны першы гукавы фільм беларускага кіно “Першы ўзвод” (“Заходні фронт”, 1933), асноўны змест якога – шлях у рэвалюцыю аднаго з узводаў Заходняга фронту. Гісторыка-рэвалюцыйная праблематыка была асабліва блізкай для У. Корш-Сабліна. Яна знайшла працяг у яго мастацкіх фільмах “Вогненныя гады” (1939) – пра Грамадзянскую вайну; “Канстанцін Заслонаў” (1949, разам з А. Файнцымерам, Дзяржаўная прэмія СССР 1950); “Чырвонае лісце” (1958) – пра рэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй Беларусі; “Масква – Генуя” (1964, сумесна з А. Спешневым і П. Армандам, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1968); “Запомнім гэты дзень” (1967) – пра падзеі, якія адбываліся ў кастрычніку 1917 г. у Мінску. Завяршыўся гісторыка-рэвалюцыйны і героіка-патрыятычны напрамак творчасці У. Корш-Сабліна кінастужкай “Крушэнне імперыі” (1970), дзе адлюстраваны падзеі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.
Усе гэтыя фільмы аб’ядноўваюць вера ў рэвалюцыю, вернасць герояў абранаму шляху. Вялікім поспехам карысталіся ў гледачоў розных пакаленняў лірычныя камедыі У. Корш-Сабліна “Шукальнікі шчасця” (1936) і “Маё каханне” (1940) і не ў апошнюю чаргу таму, што музыку да іх пісаў І. Дунаеўскі, з якім рэжысёр пачаў працаваць, яшчэ ствараючы фільм “Першы ўзвод”. Гэта былі вельмі жыццярадасныя фільмы, якія трэба разглядаць у кантэксце таго часу, у якім яны нарадзіліся. У гады Вялікай Айчыннай вайны У. Корш-Саблін ва ўмовах блакады ў Ленінградзе рыхтаваўся да пастаноўкі фільма-казкі “Каваль Вярнідуб” беларускага дзіцячага пісьменніка А. Якімовіча, а пасля эвакуацыі з Ленінграда ў Алма-Ату кіраваў групай франтавых аператараў, якія знялі дакументальны фільм “Вызваленне Беларусі” (1944).
Пасля вайны У. Корш-Саблін стварыў фільм аб адраджэнні вёскі “Новы дом” (1947), ідылічную кінааповесць пра вёску “Пасеялі дзяўчаты лён” (1956), ажыццявіў экранізацыю п’ес выдатнага драматурга К. Крапівы “Пяюць жаваранкі” (1953) і “Хто смяецца апошнім” (1955). Паводле трылогіі Я. Коласа “На ростанях” зняў фільм “Першыя выпрабаванні” (1960–1961).
Шмат увагі аддаваў У. Корш-Саблін творчым справам кінастудыі “Беларусьфільм”, мастацкім кіраўніком якой ён быў у 1945–1960 гг. і 1969–1974 гг., Саюзу кінематаграфістаў БССР, які ўзначальваў з 1957 па 1974 г. Станоўча ставіўся да прыцягнення маладых кінематаграфістаў у “Беларусьфільм”.
За сваё творчае жыццё У. Корш-Саблін атрымаў усе магчымыя званні, тытулы, узнагароды і назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускага кінамастацтва.