Дзе б ні працаваў, якія б пасады ні займаў Іларыён Мацвеевіч Барашка – пісьменнік, журналіст, дзеяч культуры – ён заўжды ставіўся да сваіх абавязкаў сумленна і адказна.
Выхадзец з сям'і рабочых, І. Барашка рана спазнаў, што такое беднасць, нястачы, клопаты пра надзённы кавалак хлеба. Яшчэ хлопчыкам ён пайшоў працаваць кур'ерам прафсаюза чорнарабочых і насільшчыкаў Мінска. У 1920 г. стаў разборшчыкам матэрыялаў у Мінскім архіве, а ўжо ў 1922 г. быў прызначыны захавальнікам архіваў Беларусі. Дзякуючы яго энтузіязму і энергіі пазбегла знішчэння пэўная колькасць архіўных фондаў устаноў былой Мінскай губерні і дакументаў прыватных архіваў. Праца ў архіве стала для І. Барашкі сапраўднай школай: дапамагла агульнаму развіццю яго асобы, накіравала на вывучэнне гістарычных тэм, адсюль ён дасылаў свае першыя творы ў рэдакцыі газет “Чырвоная змена” і “Савецкая Беларусь”.
У пачатку 1920-х гг. Іларыён Барашка быў акцёрам Трупы У. Галубка (пазней Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у 1923 г. паказваў батлейку «Цар Ірад» у Мінску і Маскве. У 1920-я гг. пачалася актыўная грамадска-літаратурная дзейнасць Ілары Барашкі: ён быў адказным сакратаром часопіса “Полымя” (1924–1925), рэдактарам часопіса “Малады араты” (1925–1927), намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена” (1927–1929), членам рэдкалегіі і намеснікам рэдактара часопіса “Маладняк” (1929–1931).
Упершыню ў друку І. Барашка выступіў у 1923 г. з багатымі і разнастайнымі па сваёй тэматыцы апавяданнямі і нарысамі. Спачатку творы пісьменніка змяшчаліся ў газетах і часопісах, пазней пачалі выходзіць асобнымі выданнямі – “У прасторы” (1926), “Камунары” (1931), “На розныя тэмы” (1931), аповесць “Рыгор Галота” (1929), казка “Залатыя арэхі” (1930), вершаваны нарыс “Асінстан” (1931), апавяданне для дзяцей “Газета Ганначкі Хаваначкі” (1932) і зборнік апавяданняў “Блізкія далі” (1959). Галоўны матыў у творчасці Ілары Барашкі – рэвалюцыйнае змаганне, сюжэты для адлюстравання якога пісьменнік шукаў часам у самым далёкім мінулым. Часцей за ўсё І. Барашка звяртаўся да тэмы рэвалюцыі 1905 г. на Беларусі, пісаў пра героіку грамадзянскай вайны, партызанскі рух, сацыялістычныя пераўтварэнні ў краіне.
Спрабаваў свае сілы малады пісьменнік і ў кінематаграфіі: пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1930 г. працаваў рэдактарам на кінастудыі “Савецкая Беларусь” (цяпер “Беларусьфільм”) у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург; 1932–1936). У 1938 г. Ілары Барашка скончыў сцэнарны факультэт кінаакадэміі ў Маскве. Разам з Р. Кобецам напісаў сцэнарый мастацкага фільма “Дняпро ў агні” (выйшаў у 1937 г.), быў аўтарам сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў, у тым ліку пра Я. Коласа і Ф. Скарыну.
У час Вялікай Айчыннай вайны Ілары Барашка служыў у палітупраўленні Ціхаакіянскага, а затым Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Рэдагаваў часопіс “У дапамогу чырвонафлоцкай самадзейнасці”, пісаў нарысы і брашуры пра гераічныя подзвігі маракоў, прымаў удзел у баявых аперацыях, быў узнагароджаны медалямі.
Пасля вайны І. Барашка працаваў у Міністэрстве культуры СССР і РСФСР. З’яўляючыся членам савета па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР, ён не толькі рэкамендаваў для перакладу, але і сам перекладаў на беларускую мову творы К. Чорнага, К. Крапівы, П. Галавача, І. Гурскага і інш.
І. М. Барашка унёс значны ўклад у скарбніцу духоўнага багацця беларускага народа.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.