Имена на других языках:
Сахаров Сергей Петрович (русский);
Криптонимы:
S.; С.; С.С.
4471 символ
Справка
Адным са збіральнікаў і захавальнікаў фальклорна-этнаграфічнай спадчыны беларусаў Латвіі быў грамадскі і культурны дзеяч, педагог-асветнік Сяргей Пятровіч Сахараў.
Нарадзіўся ён у Полацку ў сям’і псаломшчыка царквы пры кадэцкім корпусе. Пачатковую адукацыю атрымаў у Туроўлянскай школе ў Полацкім павеце. У далейшым вучыўся ў Полацкім духоўным вучылішчы (1891–1895) і Віцебскай духоўнай семінарыі (1896–1901). Пасля заканчэння навучання быў накіраваны на педагагічную работу ў Люцынскі павет і г. Люцын (цяпер г. Лудза, Латвія). Менавіта ў гэты перыяд пачаў запісваць пачутыя казкі, загадкі, легенды і інш. У 1906 г. у газеце «Витебский голос» надрукаваў першы запісаны народны твор – «Люцынскую легенду пра стары замак». У 1907–1911 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр’еўскага (цяпер Тартускага) універсітэта і адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філалагічным факультэце. З 1911 г. выкладаў правазнаўства, гісторыю і мову ў настаўніцкім інстытуце, школах і гімназіях Віцебска. Педагагічную працу С. П. Сахараў спалучаў з грамадскай дзейнасцю – служыў у Віцебскай казённай палаце, быў сакратаром Віцебскага папячыцельскага камітэта аб турмах і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Менавіта праца ў камісіі і знаёмства з вядомымі гісторыкамі і этнографамі А. П. Сапуновым, К. І. Ціхаміравым, Я. Ф. Карскім і іншымі значна паўплывалі на станаўленне грамадска-палітычных і навуковых поглядаў будучага фалькларыста.
У далейшым С. П. Сахараў займаў пасады інспектара народных школ у Юр’еўскім і Пінскім паветах (1913–1917), дырэктара Люцынскай рускай гарадской гімназіі (1917–1921), загадчыка дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела народнай асветы. Выступаў у друку з артыкуламі, прысвечанымі пытанням маральна-этычных адносін, школьнай адукацыі, юрыспрудэнцыі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Латвіі і далучэння да яе некаторых беларускіх этнічных зямель шмат рабіў для арганізацыі беларускага нацыянальнага руху: кіраваў працай культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына» ў Люцыне, узначальваў Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі (1921–1925), чытаў лекцыі па пытаннях гісторыі і культуры, арганізоўваў выступленні самадзейных гімназічных гурткоў і інш. З 1925 г. С. П. Сахараў працаваў дырэктарам Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, дзе працягваў займацца збіраннем вусна-паэтычнай творчасці. Пад яго кіраўніцтвам гімназія ператварылася ў культурнае асяроддзе беларусаў Латвіі. Разам з вучнямі і настаўнікамі навакольных школ даследчык запісваў фальклорныя творы, збіраў прадметы народнай культуры, рабіў фотаздымкі мясцовых жыхароў, пабудоў, прылад працы і краявідаў, наладжваў выстаўкі і канцэрты. Усё сабранае перадавалася на захоўванне ў створаны пры гімназіі музей, а фальклорныя запісы змяшчаліся на старонках рукапіснага часопіса «Школьная праца».
Выйшаўшы ў 1932 г. у адстаўку, С. П. Сахараў актыўна заняўся літаратурнай і навукова-даследчай працай. У гэты перыяд ім быў напісаны шэраг артыкулаў па пытаннях гісторыі, культуры, рэлігіі. Сярод іх – «Город Лудза в прошлом и настоящем» (1935), «Полацкі князь Усяслаў – беларускі нацыянальны асілак» (1939), «Православные церкви в Латгалии» (1939) і інш. Вялікай папулярнасцю сярод беларускага насельніцтва Латвіі карыстаўся складзены ім «Беларускі каляндар на 1937 г.», які змяшчаў разнастайны матэрыял. Актыўна займаўся падрыхтоўкай да выдання сабранага ім фальклору. У 1940 г. даследчык змог арганізаваць выданне першага з чатырох падрыхтаваных ім да друку выпускаў «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў», які ўтрымліваў больш за 400 песен з нотамі. У ваенны перыяд С. П. Сахараў вярнуўся да выкладчыцкай працы – быў дырэктарам Індраўскай і Зылупскай беларускіх гімназій. Не пакідаў таксама і заняткаў фалькларыстыкай: колькасць сабраных і прасістэматызаваных да гэтага часу фальклорных твораў дасягнула ўжо каля 3 тыс. запісаў.
У красавіку 1945 г. С. П. Сахараў быў арыштаваны і па прыгаворы суда пяць гадоў знаходзіўся ў лагерах Казахстана. Пасля вызвалення ў 1950 г. вярнуўся ў Латвію. Апошнія гады шмат намаганняў прыкладаў да арганізацыі выдання астатніх выпускаў «Народнай творчасці…». Аднак і да нашага часу велізарная колькасць фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, педагагічная, гісторыка-этнаграфічная і літаратурна-публіцыстычная спадчына даследчыка застаецца ў рукапісах. Зберагаюцца дакументы ў архівах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, а таксама ў навуковых бібліятэках Латвіі і Літвы.