Краткая справка:
кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972)
Имена на других языках:
Семеняко Юрий Владимирович (русский);
3579 символов
Справка
Вялікі ўклад у беларускае музычнае мастацтва ўнёс Юрый Уладзіміравіч Семяняка. Кампазітар-лірык, мастак з аптымістычным светаўспрыманнем, ён ніколі не адрываўся ад нацыянальных каранёў і беларускай песеннасці. Менавіта таму музыка Ю. Семянякі прасякнута цеплынёй, задушэўнасцю, глыбокім пачуццём і выразнасцю.
Нарадзіўся будучы кампазітар у Мінску ў сям’і служачых. У 1932 г. бацькі пераехалі ў Феадосію (Крым), дзе ён вучыўся ў музычнай школе, потым (з 1939 г.) у музычным вучылішчы. За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў Беластоцкае музычнае вучылішча па класе фартэпіяна. З цяжкасцямі перажыў жахі фашысцкай акупацыі і адразу пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі, разгроме групы нямецкіх войск на поўдні ад Берліна. Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў выкладчыкам у музычнай школе пры Доме настаўніка ў Іванаве (Расія). З 1947 па 1963 г. з’яўляўся канцэртмайстрам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (цяпер Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Р. Шырмы). Пасля пераезду калектыву з Гродна ў Мінск сумяшчаў работу з вучобай у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага (клас кампазіцыі А. Багатырова), якую скончыў у 1957 г.
Юрый Семяняка пісаў музыку розных жанраў. Сярод найбольш вядомых твораў – оперы “Калючая ружа” (1960), “Калі ападае лісце” (1968), “Зорка Венера” (1970, усе на лібрэта А. Бачылы), “Новая зямля” (1978, лібрэта А. Петрашкевіча). Прыкметны след пакінуў кампазітар у жанры музычнай камедыі. Ён з’яўляецца аўтарам аперэт “Рябиновое ожерелье” (1964, лібрэта М. Алтухова), “Паўлінка” (1973, лібрэта А. Бачылы), “Неделя вечной любви” (1975, лібрэта В. Зуба) і інш. Першым у беларускай музыцы стварыў гераічную аперэту «Поет “Жаворонок”» (1969, лібрэта Н. Калаптур і П. Харкова), у якой апавядаецца пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Плённа працаваў Ю. Семяняка ў вакальна-інструментальным, аркестравым, камерна-інструментальным і вакальным жанрах, ствараючы кантаты, канцэртныя арыі, сюіты, сімфоніі, уверцюры, трыа для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, харавыя творы, вакальныя дуэты. Значнае месца ў яго творчасці займала музыка да кінафільмаў, драматычных спектакляў, радыёспектакляў і тэлепастановак. Заслужаную славу і ўсенароднае прызнанне прынесла кампазітару песенная творчасць. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 300 песень, пераважна на вершы беларускіх паэтаў. Некаторыя з іх (“Явар і каліна”, “Ой, шумяць лясы зялёныя”, “Ты мне вясною прыснілася”, “Люблю цябе, Белая Русь”, “Не за вочы чорныя”, “Расцвітай, Беларусь”) увайшлі ў рэпертуар ансамбляў “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”.
Усё жыццё Ю. Семянякі было прысвечана служэнню музычнаму мастацтву. Нямала сіл аддаў ён развіццю самадзейнай творчасці і грамадскай рабоце. На працягу некалькіх гадоў быў членам праўлення, затым намеснікам старшыні, а з 1978 па 1980 г. старшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР. За плённую працу Ю. Семяняка атрымаў у 1955 г. ордэн “Знак Пашаны”, у 1971 г. быў узнагароджаны ордэнам Леніна. За цыкл песень на патрыятычную тэму стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), у 1974 г. народным артыстам БССР. Імя Ю. Семянякі носіць Міжнародны конкурс маладых кампазітараў, Дзіцячая школа мастацтваў № 1 г. Гродна, адна з вуліц беларускай сталіцы. На фасадзе дома ў Мінску, дзе жыў кампазітар, у 2008 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, аўтарамі якой з’яўляюцца скульптар А.М. Заспіцкі і архітэктар Ю.М. Градаў.