Дата рождения: 20.12.1890 Мінск ці Украіна, г.
Дата смерти: 24.06.1976
Краткая справка: мастак тэатра, графік, педагог, адзін з заснавальнікаў дэкарацыйнага мастацтва ў беларускім савецкім тэатры, народны мастак Беларусі
Имена на других языках: Maryks Askar Pyatrovitch (английский); Марикс Оскар Петрович (русский);
У гісторыі культуры імя Аскара Пятровіча Марыкса звязана з перыядам заснавання і станаўлення беларускага прафесійнага дэкарацыйнага мастацтва. Ён пакінуў адметную творчую спадчыну ў жанрах пейзажа, нацюрморта, партрэта, ствараў графічныя серыі, прысвечаныя помнікам беларускага дойлідства, нацыянальнаму адзенню.
Нарадзіўся А. Марыкс у Львове, на тэрыторыі былой Аўстра-Венгрыi. З дзяцінства марыў стаць мастаком. У Львове закончыў Інстытут тэхнічнага малявання. Потым вучыўся на курсе архітэктуры і дэкаратыўнага мастацтва Пражскай акадэміі выяўленчых мастацтваў, якую скончыў у 1912 г. Яго настаўнікамі былі вядомыя майстры І. Мiльберг і К. Канберг. Некаторы час займаўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў у С. Ленца,
Я. Стронскага. Потым лёс А. Марыкса быў звязаны з Беларуссю. У 1919 г. адкрылася гомельская мастацкая студыя імя М. Урубеля, у якой ён пачаў выкладаць. У 1920 г. А. Марыкс прыехаў у Мiнск, дзе працягваў актыўнае творчае жыццё. Маючы выдатную еўрапейскую адукацыю, у 1921 г. ён уладкаваўся на працу мастаком-дэкаратарам у БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). У 1922–1929 і 1934–1939 гг. з’яўляўся галоўным мастаком тэатра. З 1929 па 1934 г. працаваў у тэатрах Расіі. З 1940 па 1946 г. творчае жыццё А. Марыкса было звязана з БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). У 1953 і 1957 гг. працаваў галоўным мастаком Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Працяглы час (1949–1962) выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе намаганнямі А. Марыкса адкрыта кафедра тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва. Быў распрацаваны курс лекцый па гісторыі касцюма з паказам адзення розных эпох і народаў, а таксама эскізаў беларускіх строяў. Вучнямі майстра былі мастакі Б. Казакоў, Ю. Тур, У. Гардзеенка і інш. З 1940 г. з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў, а ў 1961 г. стаў народным мастаком Беларусі.
Працуючы ў розных тэатрах, А. Марыкс асвоіў майстэрства афармлення вялікіх і маленькіх сцэн. Ён шырока ўводзіў маляўнічую аснову, тонка карыстаўся колерам. Добра ведаючы заходнеславянскую культуру, знаходзіў у ёй агульныя рысы з беларускай, але заўважаў і адметнасці. Ужо ў першых спектаклях, пастаўленых у БДТ-1, праявіўся почырк майстра. Яны знаёмілі гледача з нацыянальнай культурай, фальклорнымі крыніцамі, народным побытам і традыцыямі. Аскар Марыкс аформіў спектаклі «Раскіданае гняздо»
Я. Купалы (1921), «Машэка» і «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Каваль-ваявода» і «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) Е. Міровіча, «Мешчанін у дваранах» Ж. Б. Мальера (1924), «Салавей» З. Бядулі (1937) і шэраг іншых, без якіх немагчыма ўявіць гісторыю тэатра.
З вялікай уважлівасцю і любоўю мастак адносіўся да сваёй працы, да кожнага эскіза. Ён першым у Беларусі ўвёў трохмернае вымярэнне дэкарацый, з яго іменем звязана і стварэнне першага макета для афармлення спектакляў. Аскар Марыкс заўсёды ішоў ад ідэйнага зместу драматычнага твора, падрабязна знаёміўся з эпохай, у якой была напісана п’еса, прысутнічаў на рэпетыцыях і толькі пасля дэталёвага знаёмства з усім, чым жыў пастаноўшчык і творчы калектыў тэатра, прыступаў да работы: ствараў эскізы, замалёўкі, знаходзячы адпаведны колер, стыль і форму, якія патрэбны для п’есы. Мастацкае афармленне гарманічна злівалася з вобразамі ўсяго спектакля, ніколі не затушоўвала рэжысёрскай экспазіцыі, дапамагала акцёрам пранікнуцца творчай атмасферай пастаноўкі. Аскар Марыкс часта прымаў удзел у этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі з мэтай спасціжэння паэтычнай вобразнасці фальклору і прыгажосці беларускага дойлідства. Наведваў вёскі, рабіў замалёўкі строяў, сялянскага быту, прывозіў з вандровак арыгінальныя, самаробныя наміткі, посцілкі, андаракі, ручнікі, якія выкарыстоўваліся ў спектаклях. Рэалістычныя дэкарацыі мелі вялікае значэнне для далейшага развіцця тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва краіны. У БДТ-2 ён аформіў спектаклі «Чалавек з ружжом» М. Пагодзіна (1938), «Асада млына» паводле Э. Заля (1941), «Проба агнём» К. Крапівы (1943), «Каварства і каханне» Ф. Шылера (1946), «Шторм» У. Біль-Белацаркоўскага (1953) і інш. Сярод работ у іншых тэатрах – «Цудоўная дудка» В. Вольскага (1939) у Тэатры юнага гледача БССР імя Н.К. Крупскай; «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі (1940) і «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (1949) у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі; «Несцерка» В. Вольскага (1946) у Пінскім, «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона (1947) у Бабруйскім і Гродзенскім (1945), «Каменны валадар» Л. Украінкі (1953) у Гродзенскім абласных драматычных тэатрах; опера «Яўген Анегiн» П. Чайкоўскага (1936), балет «Дон Кіхот» Л. Мiнкуса (1947) у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. Аскар Пятровіч быў папулярным мастаком-дэкаратарам не толькі ў тэатрах Беларусі. Яго творчасць вядома і за межамі краіны.
Паспяхова А. Марыкс працаваў і ў графіцы. Яго серыі «Помнікі дойлідства Беларусі» (1944–1961), «Беларускае адзенне» (1950-я гг.), «Беларусь старажытная» (1972–1976) заснаваны на асабістых фальклорна-этнаграфічных і гістарычных даследаваннях. Аўтар стварыў уласны стыль, наватарскі падыход да гістарычнага пейзажа ў беларускім мастацтве другой паловы XX ст. Яшчэ адным захапленнем А. Марыкса былі чаканка («Сказ пра Машэку» і «Лірнік» (1967), «На Купалле» і «Лясная песня» (1970) і інш.) і вітражы («Папараць-кветка», «Клён», «Бярозка» (усе 1966) і інш.). Адметная і серыя эскізаў, прысвечаная Ф. Скарыну. Яркія моманты біяграфіі першадрукара зафіксаваны ў ёй: «Скарына ў друкарні», «Скарына ў мантыі і берэце», «Скарына ў Італіі», «Скарына ва ўборы вучонага» і іншыя (усе 1967–1970-я гг.).
На працягу ўсяго творчага жыцця мастак не спыняўся, а пастаянна эксперыментаваў, шукаючы новыя магчымасці для самавыяўлення. Сёння творы А. Марыкса знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.