Краткая справка:
тэатразнавец, педагог, драматург, аўтар акадэмічных прац і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966), тэатральнай прэміі імя К. Крапівы (1992), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Нефёд Владимир Иванович (русский);
5082 символа
Справка
Яркай, самабытнай, неардынарнай асобай быў доктар мастацтвазнаўства, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Іванавіч Няфёд, які прысвяціў сваё жыццё навуковай дзейнасці ў галіне тэатральнага мастацтва.
Нарадзіўся ён у г. Шахты Растоўскай вобласці (Расія) у сям’і шахцёра. Пасля заканчэння сямігодкі і школы горнапрамысловага вучнёўства працаваў слесарам на шахце. У гэты перыяд пачаў пісаць вершы, асобныя з якіх друкаваліся ў гарадской газеце “Красный шахтер”. З 1934 г. У. І. Няфёд – студэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М. Г. Чарнышэўскага (спачатку філасофскага, а пазней тэатразнаўчага факультэта).
У 1940 г. атрымаў дыплом тэатразнаўца і размеркаванне ў Мінск, дзе працаваў спачатку намеснікам, а потым начальнікам аддзела тэатраў ва Упраўленні па справах мастацтваў пры СНК БССР. На старонках беларускіх газет з’явіліся першыя рэцэнзіі У. І. Няфёда на спектаклі, замалёўкі творчых партрэтаў акцёраў і рэжысёраў, грунтоўныя артыкулы. Усе далейшыя творчыя планы перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Дэмабілізаваны па стане здароўя, ён быў накіраваны ў Маскву, дзе займаўся выяўленнем і зборам творчых беларускіх кадраў, аднаўленнем дзейнасці эвакуіраваных тэатраў, фарміраваннем франтавых брыгад. У 1944 г. вярнуўся ў вызвалены Мінск. Пачалася праца па аднаўленні тэатральнага жыцця краіны. У 1946 г. У. І. Няфёд прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. З 1951 г. стаў супрацоўнікам Акадэміі навук БССР: з 1954 г. узначальваў сектар мастацтва Інстытута літаратуры і мастацтва; з 1957 г. з’яўляўся загадчыкам сектара тэатра і кіно, з 1970 г. загадчыкам сектара збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, з 1977 г. загадчыкам аддзела тэатра, з 1988 г. галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы.
У сваіх работах ён даследаваў гісторыю, тэорыю і практыку беларускага тэатра ад вытокаў да сучаснасці, праблемы драматургіі і творчасці майстроў сцэны. У перыядычным друку, кнігах і зборніках апублікавана каля 500 навуковых прац, артыкулаў і рэцэнзій. За работы па асэнсаванні гісторыі беларускага тэатра У. І. Няфёду прысвоена вучоная ступень доктара мастацтвазнаўства (1963). Самая каштоўная заслуга даследчыка – стварэнне навукова абгрунтаванай канцэпцыі гістарычнага развіцця нацыянальнага тэатра Беларусі. За навуковыя працы “Тэатр у вогненныя гады” (1959), “Сучасны беларускі тэатр (1946–1959)” (1961) і “Становление белорусского советского театра, 1917–1941” (1965) У. І. Няфёд быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1966). Калектыўная фундаментальная работа беларускіх тэатразнаўцаў “Гісторыя беларускага тэатра” (у 3 т., 1983–1987) выйшла пад кіраўніцтвам У. І. Няфёда. У ёй даследчык з’яўляўся аўтарам многіх артыкулаў. Кіраваў У. І. Няфёд таксама выданнем грунтоўнай калектыўнай працы “Театр и жизнь: некоторые проблемы театрального процесса в Белоруссии 70–80-х гг.” (1989). У 1992 г. ён стаў лаўрэатам прэміі ў галіне тэатральнага мастацтва імя К. Крапівы за кнігі “Николай Ковязин: жизнь и творчество” (1990) і “Ігнат Буйніцкі – бацька беларускага тэатра” (1991).
Як спецыяліст у галіне тэатральнай крытыкі У. І. Няфёд нямала пісаў пра творцаў спектакляў і сцэнічных вобразаў. Сярод іх – У. Уладамірскі, П. Малчанаў, А. Ільінскі, У. Дзядзюшка, Б. Платонаў, І. Ждановіч, А. Кістаў і інш. У рэцэнзіях разглядаў і аналізаваў драматычныя творы, асабліва малавядомыя ці зусім невядомыя гледачам, вызначаў іх актуальнасць і сацыяльную значнасць, падрабязна спыняўся на цэнтральных вобразах, адзначаў працу іншых удзельнікаў і стваральнікаў пастановак. Матэрыялы У. І. Няфёда вызначаліся адкрытай манерай пісьма, канкрэтыкай, дзелавітасцю.
Паралельна з тэатразнаўчай займаўся педагагічнай дзейнасцю. З 1947 па 1990 г. быў выкладчыкам (з 1964 г. прафесарам) Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1982 г. выдаў вучэбны дапаможнік для студэнтаў творчых устаноў “Гісторыя беларускага тэатра”.
Усю навуковую і вучэбна-выхаваўчую работу У. І. Няфёд спалучаў з літаратурнай. Ён аўтар многіх драматургічных твораў, якія не толькі друкаваліся ў перыядычных выданнях, але і выходзілі ў свет асобнымі кнігамі, – “Кто первый?” (1950), “На парозе жыцця” (1951), “Одноактные пьесы” (1955), “Ля разбітага карыта” (1957), “Маленькие комедии и драмы” (1967) і інш. П’есы У. І. Няфёда, разлічаныя на самадзейныя, народныя тэатры, вызначаліся актуальнасцю тэматыкі, грамадзянскай вастрынёй праблематыкі. Творы былі заўсёды запатрабаванымі. Некаторыя з іх вытрымалі некалькі перавыданняў, перакладаліся на польскую, румынскую, украінскую мовы.
Сёння справу жыцця У. І. Няфёда працягваюць яго калегі і вучні. Традыцыяй стала раз у два гады арганізоўваць Няфёдаўскія чытанні – рэспубліканскую навукова-творчую канферэнцыю, дзе ўсебакова аналізуюцца стан і праблемы беларускага мастацтва і мастацтвазнаўства, абмяркоўваюцца шляхі далейшага развіцця нацыянальнай мастацкай культуры ў XXI ст.