Дата смерти:
10.01.1944 Полацк, г., Віцебская вобласць
Краткая справка:
удзельніца камсамольскага падполля і партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1958), імя якой носяць вуліцы Полацка, Обаля, Шуміліна
Имена на других языках:
Портнова Зинаида Мартыновна (русский);
1502 символа
Справка
Зінаіда Мартынаўна Партнова нарадзілася ў Ленінградзе ў сям’і рабочага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыла 7 класаў агульнаадукацыйнай школы. Улетку 1941 г. разам з малодшай сястрой прыехала да сваякоў у вёску Зуя Віцебскай вобласці і апынулася на акупіраванай немцамі тэрыторыі.
У 1942 г. юная патрыётка ўступіла ў Обальскую падпольную камсамольска-моладзевую арганізацыю «Юныя мсціўцы». Актыўна ўдзельнічала ў распаўсюджванні лістовак сярод насельніцтва і дыверсіях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Са жніўня 1943 г. Зіна Партнова была разведчыцай партызанскага атрада імя К.Я. Варашылава. У снежні 1943 г. пры выкананні задання па наладжванні сувязі з падполлем была арыштавана. Падчас допыту адважная дзяўчына схапіла са стала пісталет фашысцкага следчага, застрэліла яго і яшчэ двух гітлераўцаў і спрабавала уцячы, але была схоплена і закатавана ў студзені 1944 г.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лiпеня 1958 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, Зінаідзе Мартынаўне Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Зінаіда Партнова ўзнагароджана ордэнам Леніна (пасмяротна). У 1969 г. у вёсцы Зуя на доме, дзе яна жыла, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Імя Героя носіць сярэдняя школа ў пасёлку Обаль, вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Полацку, гарадскіх пасёлках Шуміліна і Обаль. У Мінску ўстаноўлены бюст Зіны Партновай, а ля пасёлка Обаль – абеліск.