Дата рождения:
17.03.1898 (па іншых крыніцах 06.03.1896) Зембін, в., Барысаўскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
29.10.1937 Мінск, г.
Краткая справка:
яўрэйскі паэт, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Псевдонимы:
Зембін А.З.
Варианты имени:
Харык Ізі
Имена на других языках:
Харик Изи (русский); Харик Исаак Давыдович (русский);
2533 символа
Справка
Ізі Харык – прадстаўнік рэвалюцыйнага рамантызму ў паэзіі, літаратурнага кірунку, тыповага для творчых пошукаў пралетарскіх паэтаў дваццатых гадоў. Дасканалы знаўца быту беларускага мястэчка і горада, яўрэйскага фальклору, чалавек шырокай адукацыі, добра знаёмы з дасягненнямі сусветнай літаратуры, Ізі Харык увайшоў у яўрэйскую літаратуру як таленавіты і спрактыкаваны мастак.
Нарадзіўся Харык у мястэчку Зембін пад Барысавам у сям’і шаўца. У 1919 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Пасля грамадзянскай вайны Харык аказаўся ў Маскве, дзе паступіў вучыцца ў Літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава. У 1927 г. скончыў Маскоўскі універсітэт. Пасля вяртання ў Мінск у 1928–1937 гг. быў рэдактарам яўрэйскага часопіса “Штэрн” (“Зорка”).
Літаратурную дзейнасць Ізі Харык пачаў у 1920 г. у яўрэйскіх газетах. У 1922 г. у Мінску была выдадзена яго першая кніга вершаў “Трапятанне”. Да 1936 г. на ідыш выйшлі зборнікі паэзіі: “Мінскія балоты”, “На зямлі”, “Душой і целам”, “Вершы і паэмы”, “Хлеб”, “Ад полюса да полюса”, “Наша бадзёрасць”, “Пяць паэм”, “На чужым балі”. Тэматыка і пафас яго вершаў і паэм звязаны з рэчаіснасцю 1920–30-х гадоў, з пераменамі жыцця, прынесенымі рэвалюцыяй. Ізі Харык прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю адразу, шчыра верыў у яе прызначэнне і лічыў, што цяпер чалавек працы даб’ецца свайго нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. З першых сваіх твораў ён выступіў як змагар за новае жыццё.
Я не хачу, каб цемра нежывая
Была над намі! Я святла хачу!...
(Пер. К. Кірэенкі).
Гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам паэзіі І. Харыка. Драматычнасць, востраканфліктны характар яго творчасці адзначыў Р. Бярозкін, звязваючы гэтую адметнасць з разуменнем паэтам тых складанасцей і супярэчнасцей, якія суправаджалі шлях чалавека ў новую рэвалюцыйную эпоху.
Творы І. Харыка карысталіся заслужанай папулярнасцю не толькі сярод чытачоў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Яны вывучаліся ў школе, вершы і паэмы былі перакладзены на многія мовы народаў свету. У 1958 і 1969 гг. асобнымі кнігамі ў перакладзе на беларускую мову выдадзены выбраныя творы паэта.
З пачатку 30-х гадоў І. Харык друкаваў артыкулы і нарысы таксама ў беларускамоўных выданнях. 11 ліпеня 1936 г. беларускі друк змясціў “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну”, якое перадалі ў вершах Я. Купала, Я. Колас, А. Александровіч, П. Броўка, П. Глебка і І. Харык. Аднак гэта не выратавала паэта ад расправы. У 1937 г. ён быў рэпрэсіраваны і загінуў.