Дата рождения:
05.07.1926 Ушаловічы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
15.11.2000
Краткая справка:
літаратуразнавец, педагог, акадэмік НАН Беларусі, Акадэміі педагагічных навук СССР, замежны член Расійскай акадэміі адукацыі
Варианты имени:
Лазарук Міхаіл Арсенавіч
Имена на других языках:
Лазарук Михаил Арсеньевич (русский);
3837 символов
Справка
Міхаіл Арсенавіч Лазарук нарадзіўся ў вёсцы Ушаловічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у Васілінкаўскай няпоўнай сярэдняй школе. У 1940 г. паступіў у Мінскі дарожна-механічны тэхнікум. Праз год пачалася вайна, і васемнаццацігадовы юнак трапіў на фронт. Ад самага пачатку свайго салдацкага жыцця і да завяршэння яго ў Берліне, Лазарук на ўласным вопыце спазнаў, як давалася народу перамога над фашызмам, колькі нечалавечых намаганняў, жорсткіх выпрабаванняў выпала на яго лёс. Увесь гэты вопыт, гэтая навука былі ці не самымі важнымі для далейшага жыцця вучонага.
У 1947 г. ён паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (сёння Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка), у якім Міхаіл Арсенавіч “затрымаўся” болей як на 30 год. Ад выпускніка інстытута (дарэчы, з дыпломам выдатніка) да дацэнта, а затым прафесара кафедры і яе загадчыка, дэкана філалагічнага факультэта, прарэктара інстытута, нарэшце, дырэктара НДІ педагогікі (зараз Нацыянальны інстытут адукацыі) – такі педагагічны шлях М. А. Лазарука. Такім жа паслядоўным быў ён і ў навуцы – кандыдат, а затым доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, акадэмік Беларускай акадэміі адукацыі, замежны член Расійскай акадэміі адукацыі (перад тым, з 1978 па 1991 год, – член-карэспандэнт і правадзейны член Акадэміі педагагічных навук СССР). Не толькі гэты пералік ступеняў настойлівага ўзыходжання ў яго адносінах да навуковай і педагагічнай працы, але, перш за ўсё, дзесяткі кніг, болей дзвюх соцен іншых публікацый, якія красамоўна і пераканаўча сведчаць пра яго як вучонага, даследчыка, вядомага літаратуразнаўца і педагога.
Сталай літаратурнай працай М. А. Лазарук пачаў займацца з 1949 г. Спачатку пісаў вершы, байкі, але потым цалкам перайшоў на крытыку і літаратуразнаўства. Даследаваў гісторыю развіцця беларускай паэмы, пытанні тэорыі літаратуры. Пры яго актыўным і арганізацыйным удзеле былі створаны грунтоўныя калектыўныя працы па гісторыі асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі: “Антология педагогической мысли Белоруссии” (1986) і манаграфічнае даследаванне “Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Ад старажытных часоў да 1917 года” (1985), якія былі выдадзены ў Маскве вялікім тыражом. Яны абуджалі павышаную цікавасць культурнай грамадскасці да нашай гістарычнай і духоўнай спадчыны ў сферы школьнага навучання і выхавання маладых пакаленняў.
Як вучоны-літаратуразнавец М. А. Лазарук сфарміраваўся на распрацоўцы праблем літаратурнай навукі, на даследаванні сучаснай і даўнейшай гісторыі развіцця беларускай літаратуры. Шырока вядомы яго манаграфіі па гісторыі беларускай паэмы, грунтоўныя крытычныя працы, артыкулы аб творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў розных часоў, пачынаючы з Ф. Скарыны і канчаючы паэтамі-сучаснікамі. Большасць гэтых прац сабрана ў зборніку “Часу непадуладнае” (1981). Даследаванне агульных эстэтычна-стылёвых тэндэнцый беларускай літаратуры, распрацоўка тэарэтычных пытанняў, жанравых асаблівасцей беларускай паэзіі сталі тым грунтам, на якім былі створаны падручнікі для студэнтаў-філолагаў (“Уводзіны ў літаратуразнаўства” з А. Ленсу), вучняў сярэдніх школ (“Тэорыя літаратуры”, “Беларуская літаратура” з В.Івашыным). Сумесна з А. Ленсу ім складзены таксама слоўнік літаратурных тэрмінаў. Работа над удасканаленнем школьных праграм і падручнікаў працягвалася ўсё жыццё. Пра гэта сведчыць і апошняя кніга М. А. Лазарука “Навучанне і выхаванне творчасцю”, якая па-новаму асвятляе праблемы школьнай літаратурнай адукацыі, павышае цікавасць да новага ў выкладанні літаратуры. Навуковы ўклад вучонага ў распрацоўку сістэмы школьнай літаратурнай адукацыі знайшоў шырокае прызнанне настаўніцкай і навуковай грамадскасці рэспублікі.