Дата рождения:
22.07.1916 Дуброва, в., Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
2005
Краткая справка:
пісьменнік, літаратуразнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст.
Псевдонимы:
Хваля Радыён
Имена на других языках:
Юревич Владимир Михайлович (русский);
3598 символов
Справка
Уладзімір Міхайлавіч Юрэвіч, вядомы пісьменнік, крытык, журналіст, перакладчык, заслужаны работнік культуры БССР (1976), адносіцца да таго пакалення беларускай інтэлігенцыі, ідэйныя і грамадзянскія погляды якога фарміраваліся ў 20–30-я гг. мінулага стагоддзя, суровы час Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе.
Нарадзіўся ён у в. Дуброва Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) ў сям’і настаўнікаў. Вучыўся ў Мінску ў Першай беларускай сямігадовай школе, потым у Мінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. У 1932 г. У. Юрэвіч стаў дыктарам Беларускага радыё. Пасля заканчэння тэхнікума (1934) некалькі гадоў выкладаў вытворчае навучанне ў Пятроўшчынскай школе, затым стаў студэнтам будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Вучобу сумяшчаў з працай на радыё. У 1939–1941 гг. вучыўся на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны У. Юрэвіч працаваў памочнікам галоўнага інжынера будаўнічай канторы Упраўлення капітальнага будаўніцтва Наркамата авіяцыйнай прамысловасці ў Казані. Восенню 1941 г. быў мабілізаваны на будаўніцтва ўмацаванага раёна на Волзе. Пасля завяршэння работ удзельнічаў у аднаўленні радыёвяшчання на беларускай мове на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» пры Цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве. У верасені 1944 г. У. Юрэвіч вярнуўся ў Мінск. Працаваў дыктарам на Беларускім радыё, займаўся журналістыкай. У 1948 г. быў прызначаны адказным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання, у 1952 г. галоўным рэдактарам мастацкага вяшчання. З 1954 г. з’яўляўся ўласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларусі, з 1959 г. адказным сакратаром часопіса «Маладосць», з 1970 г. займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музея Я. Купалы. У 1972 г. У. Юрэвіч прызначаны палітычным аглядальнікам Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з 1974 г. быў членам рэдкалегіі, потым рэдактарам аддзела часопіса «Коммунист Белоруссии». З 1979 г. ён літаратурны кансультант Саюза пісьменнікаў БССР. У 1985–1996 гг. быў адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Літаратурную дзейнасць У. Юрэвіч пачаў у 1942 г. з публіцыстычных і літаратуразнаўчых выступленняў на радыё. У 1949 г. у часопісе «Вожык» быў апублікаваны фельетон «Цецерукі і глушцы ў эфіры» (пад псеўданімам Радыён Хваля). Яго першым грунтоўным выступленнем у друку стала змешчаная ў 1952 г. у часопісе «Полымя» рэцэнзія на кнігу «Пушкин-критик». У 1953 г. У. Юрэвіч стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Выхаваная з дзіцячых гадоў любоў да роднага слова, працяглая практычная праца з жывым словам дазволілі яму спецыялізавацца на аналізе мовы мастацкіх твораў. Добры густ, багатыя назіранні, уменне прынцыпова і аб’ектыўна прааналізаваць майстэрства пісьменніка – характэрныя рысы яго літаратурна-крытычных кніг «Слова і вобраз» (1961), «Шматгалоссе жыцця» (1965), «Погляд» (1974), «Абрысы» (1976), «Янка Купала: нарыс жыцця і творчасці» (1983) і інш. Матэрыялы, назапашаныя ў час працы ў радыёклубе «Жывое слова», склалі навукова-папулярнае выданне «Слова жывое, роднае, гаворкае...» (1992), за якое пісьменнік атрымаў у 1994 г. Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Зрабіў свой уклад У. Юрэвіч і ў развіццё беларускай дзіцячай літаратуры. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Тараскавы турботы» (1966), «Дзе начуе сонца» (1970), «Дожджык на колах» (1977), «Нястрашны страх» (1986), а таксама публіцыстычных нарысаў «Першая неабходнасць» (1963) і «Мінск: учора, сёння, заўтра» (1982).