Дата рождения:
21.08.1906 Караваева, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
30.12.1984
Краткая справка:
пісьменнік, аўтар гумарыстычных апавяданняў, літаратурных пародый, нарысаў, п'ес, твораў для дзяцей
Псевдонимы:
Макар
Имена на других языках:
Последович Макар Трофимович (русский);
3427 символов
Справка
Беларускі пісьменнік, аўтар гумарыстычных апавяданняў, літаратурных пародый, нарысаў, п'ес, твораў для дзяцей Макар Трафімавіч Паслядовіч нарадзіўся ў в. Караваева Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. У 1924 г. скончыў Навасёлкаўскую школу. Вучыўся на падрыхтоўчых курсах для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. Адначасова з 1925 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Беларуская вёска». Калі быў яе спецыяльным карэспандэнтам, аб'ездзіў Беларусь, Урал, Сібір, Далёкі Усход, пабываў на будаўніцтве Харкаўскага і Сталінградскага трактарных заводаў. Матэрыялы аб гэтых паездках М. Паслядовіч публікаваў у рэспубліканскім друку. З 1935 да 1939 г. займаў пасаду адказнага сакратара часопіса «Полымя рэвалюцыі». У час Вялікай Айчыннай вайны з'яўляўся кіраўніком мар'інагорскай падпольнай групы і сувязным асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі ў 1943 г. быў арыштаваны і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму, працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Звязда» (1945–1948). Потым перайшоў на творчую працу. У 1934 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Дэбютаваў у друку М. Паслядовіч у 1927 г. апавяданнямі «Першы мядзведзь» (часопіс «Паляўнічы Беларусі») і «Пад старою бярозай» (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Пісьменнік пераважна пісаў пра людзей беларускай вёскі, тыя змены, што адбыліся пасля рэвалюцыі ў сельскім жыцці. У зборніках апавяданняў «Зруйнаваныя межы» і «Людзі вясны» (1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесцях «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) паказана класавая барацьба ў вёсцы, станаўленне калгаснага ладу. Аповесць «Магістральны канал» (1947) пра людзей, якія асушалі палескія балоты. Раман «Паўстанне» (1940) адлюстроўвае партызанскую барацьбу ў часы германскай і польскай акупацыі Беларусі. Аднаўленню пасляваеннай вёскі прысвечаны раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1–2, 1949–1952). Макар Трафімавіч з'яўляецца аўтарам аповесцей «Цёплае дыханне» (1947), «Па воўчых сцежках» (1957), «З табою побач» (1960), а таксама зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Пад дзвюма дойнымі каровамі» (1963), «Двайное дно» (1964), літаратурных пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Аляксандра Шаплыка» (1949), «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), п'ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939) і інш. Тэматыка твораў пісьменніка разнастайная. Ён пісаў пра грамадзянскую вайну, раскулачванне сялян і станаўленне калгаснага ладу, асушэнне палескіх балот, аднаўленне пасляваеннай вёскі, нярэдка паказваючы ўсе гэтыя падзеі ў адпаведнасці са стэрэатыпамі свайго часу. Шэраг сваіх кніг М. Паслядовіч прысвяціў юным чытачам. Для дзяцей былі выдадзены кніжкі апавяданняў «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964) і інш.
Пісьменнік пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А. Пушкіна, А. Чэхава, аповесці М. Гогаля «Тарас Бульба» (з А. Бачылам), П. Бажова «Зялёны конік», раманы Р. Джаваньёлі «Спартак», Ж. Верна «Таямнічы востраў», М. Астроўскага «Народжаныя бурай», нарыс М. Горкага «У. І. Ленін», рускія народныя казкі, апавяданні і аповесці ўкраінскіх, азербайджанскіх, туркменскіх, польскіх, югаслаўскіх, мангольскіх і іншых пісьменнікаў. Творчая дзейнасць М. Паслядовіча адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яго імем названа вуліца ў г. Мар'іна Горка.