Дата рождения: 31.08.1916
Дата смерти: 18.02.2005
Краткая справка: актрыса, рэжысёр, педагог, народная артыстка Беларусі
Имена на других языках: Броварская Зинаида Ивановна (русский);
На жаль, усё менш і менш застаецца тых, хто належыць да купалаўскага Алімпа. Адной з такіх “багінь” тэатра з’яўлялася народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Зінаіда Іванаўна Браварская, якая працавала ў купалаўскай “акадэміі” больш за 60 гадоў! У Зінаіды Іванаўны быў вялікі творчы шлях, бясцэнны, каштоўнейшы жыццёвы вопыт, не пазбаўлены і апёкаў вайны, і цяжкай горычы страт любімых і блізкіх людзей. З.І. Браварская сыграла дзесяткі выдатных роляў у тэатры і кіно, на тэлебачанні і радыё. Шматгадовая актыўная дзейнасць у якасці чытальніцы на радыё, вядучай праграм займала значную частку творчай біяграфіі актрысы. Пэўны адрэзак часу прыпадаў на педагагічную дзейнасць, калі З.І. Браварская выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Нарадзілася актрыса на Украіне, на станцыі “Адэса-дачная” ў сям’і чыгуначніка. Скончыла адэскую школу, Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (1937), дзе вучылася ў выдатных педагогаў М.М. Тарханава, М.С. Плотнікава, Л. Цэлешавай і інш. Сцэнічную дзейнасць З.І. Браварская пачала ў Тэатры юнага гледача Беларусі, дзе выступіла ў ролі Тоні Туманавай (“Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага). З 1938 г. працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, якому прысвяціла ўсё жыццё (нават у 85 год З.І. Браварская яшчэ была занята ў двух спектаклях – “Паўлінцы” і “Памінальнай малітве”).
Выхаванка рускай акцёрскай школы, Зінаіда Браварская даволі арганічна і натуральна ўпісалася ў беларускі нацыянальны тэатральны кантэкст, адчула мелодыку беларускай гаворкі. Яе гераіні былі самымі рознымі. Даследчыкі творчасці Зінаіды Іванаўны падкрэсліваюць яе неабмежаваны жанравы дыяпазон. Ёй даручалі ролі псіхалагічна-заглыбленыя і гратэскна-жанравыя, яна іграла ў меладрамах і вадэвілях, камедыях і трагедыях. Сярод роляў лірычна-драматычнага плана найбольш значныя: Ірына (“Вогненны мост” Б. Рамашова), Ірына Аляксандраўна (“Трэцяя патэтычная” М. Пагодзіна), Ксенія (“Палата” С. Алёшына), Клея (“Ліса і вінаград” Г. Фігейрэду), Ніхаль (“Дзівак” Назыма Хікмета). Разнастайную гаму фарбаў ад мяккай іранічнай інтанацыі да з’едлівай іроніі, вострага гратэску выявіла ў ролях Юлечкі (“Даходнае месца” А. Астроўскага), жонкі (“Забыты ўсімі” Назыма Хікмета), Бэкбік (“Што той салдат, што гэты” Б. Брэхта), маці (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка), Табун-Туркоўскай (“Залатая карэта” Л. Лявонава), маці Менахэма (“Памінальная малітва” Р. Горына паводле Шолам-Алейхема) і інш. У плане вострай сатыры ўвасоблены вобраз Зіны Зёлкінай (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы). Па-мастацку сплаўлены драматычнае і камічнае, парадаксальнасць і эксцэнтрызм у ролях Эржбет Орбан (“Гульня з кошкай” І. Эркеня), Бажашуткавай (“Амністыя” М. Матукоўскага), Мар’і Аляксандраўны (“Дзядзечкаў сон” паводле Ф. Дастаеўскага), Эды (“Матылёк… Матылёк…” А. Нікалаі), Фонсіі Дорсі (“Гульня ў джын” Д. Кобурна), Сары Бернар (“Смех лангусты” Дж. Марэла). “Ролі, як дзеці. Калі ты іх зразумееш, калі яны для цябе дарагія, гэтыя дзеці, дык яны выяўляюць сябе з самага лепшага боку. Яны становяцца сутнасцю, і не любіць іх немагчыма. У гэтых ролях адлюстравана я сама. З маім светапоглядам, з маім густам, з маёй жаночай тайнай, з маёй чалавечай бядой. Кожная роля выяўляе цябе як мастака, як артыста з розных бакоў. У адной ролі ты адна, у другой – іншая, але гэта таксама ты”, – гаварыла З.І. Браварская ў інтэрв’ю. Адна з апошніх яе акцёрскіх работ – роля сусветна вядомай французскай актрысы Сары Бернар у спектаклі “Смех лангусты” англійскага драматурга Дж. Марэла. Па-свойму Зінаіда Іванаўна асэнсоўвала эпізоды з вельмі складанага і нялёгкага жыцця актрысы, узнімаючыся да агульначалавечых абагульненняў. Лёс Сары Бернар у трактоўцы Браварскай набываў шэкспіраўскі матыў адвечнай трагедыйнасці жыцця. “Больш за 100 разоў я выходзіла на сцэну, прапускаючы праз сваё сэрца жыццё Сары Бернар. Я шукала, дзе пераплятаюцца з ёю мой боль і мая радасць. Страшнавата выходзіць да гледача з роляй-споведдзю…”, – адзначала Браварская ў сваёй кнізе-ўспаміне “І кожны вечар у час прызначаны…”.
Рознабаковая адоранасць актрысы адлюстравана і ў яе драматычных вопытах: яна адна з аўтараў інсцэніроўкі і рэжысёраў спектакля “Людзі на балоце” паводле І. Мележа, рэжысёр пастановак “Мільён за ўсмешку” А. Сафронава і “Яны любілі яго” А. Кертэса. З.І. Браварская выступала як акцёр, аўтар і рэжысёр пастановак на рэспубліканскім радыё, у тым ліку “Краіна Мурлындзія”, “Мафін і яго славутая карчомка” паводле Э. Хогарт, “Вайна пад стрэхамі” паводле А. Адамовіча. Выканала ролі: імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ў тэлевізійнай пастаноўцы “Крах” паводле А. Талстога, жанчыны з дзіцем у серыяле “Нашы суседзі”, фрау Кубе ў фільме “Гадзіннік спыніўся апоўначы” М. Фігуроўскага, Зіначкі Зёлкінай ў “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы…
“…Я горача люблю людзей мастацтва менавіта за іх душэўную шчодрасць і нестандартнасць, за здольнасць узняцца над шэрасцю нашых будняў. А акцёр – гэта ўвогуле сонечная прафесія. Гэта прафесія пошуку, пошуку радасці, гэта імгненнае, маментальнае полымя, гэта феерверк фантазіі, феерверк арыгінальных, незвычайных знаходак, заснаваных на ўпартай і штодзённай працы…”, – сцвярджала верная служка Мельпамены, для якой жыццё ў тэатры ці тэатр у жыцці былі раўназначнымі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г.