Дата рождения:
18.10.1906 Зарудзічы, в., Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
17.05.1934
Краткая справка:
паэт, літаратуразнавец, публіцыст, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі
Псевдонимы:
Адраджэнец Лявон; Чачотка Лявон
Варианты имени:
Салагуб Алесь; Салагуб Аляксандр Феафілавіч
Имена на других языках:
Сологуб Александр Феофилович (русский); Сологуб Алесь (русский);
Криптонимы:
А.С.
2692 символа
Справка
Паэт, літаратуразнавец, публіцыст Алесь (Аляксей) Феафілавіч Салагуб нарадзіўся ў в. Зарудзічы Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям'і. З 1922 па 1927 г. вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У час вучобы зблізіўся з дзеячамі беларускага рэвалюцыйнага руху. З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) актыўна далучыўся да яе дзейнасці: арганізоўваў яе гурткі, распаўсюджваў нелегальную літаратуру. За рэвалюцыйную дзейнасць зняволены польскімі ўладамі ў турму (1924, 1927). Выйшаўшы з турмы ў 1928 г., нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу, жыў у Мінску. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння ў 1931 г. А. Салагуб стаў аспірантам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Марыў аб сур'ёзнай навуковай і літаратурнай рабоце, але гэтыя планы былі парушаны – на трэцім годзе вучобы ў аспірантуры стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. У 1933 г. арыштаваны, у 1934 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Першыя вершы паэта з'явіліся ў 1923 г. у часопісе «Рунь» у час вучобы ў гімназіі. Больш актыўна пачаў друкавацца з 1924 г. у заходнебеларускіх выданнях (газета «Жыццё беларуса», «Народны звон», «Наша праўда», часопіс «Маланка»). Выступаў пад псеўданімамі Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка і інш. Вершы А. Салагуба мелі напачатку рамантычны, а потым агітацыйна-камуністычны характар. Ён апяваў новыя змены ў вёсцы, услаўляў сацыялістычную будучыню, да якой прыйдуць працоўныя шляхам сусветнай рэвалюцыі. У час паўторнага зняволення паэт напісаў шмат вершаў, некалькі апавяданняў і драму «Вяселле». Цыкл вершаў астрожнай тэматыкі выйшлі асобнай кнігай у 1929 г. у Мінску пад назвай «Лукішкі». Лірычны герой – астрожнік, які, нягледзячы на турэмныя пакуты і здзекі, верыць у надыход светлага будучага. Вершы прасякнуты высокім напалам рэвалюцыйных пачуццяў і памкненняў. У літаратуразнаўчых працах («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі» (1931), «Мастацкая літаратура Грамады» (1933)) і публіцыстычных артыкулах асвятляў палітычнае жыццё буржуазнай Польшчы і Заходняй Беларусі, спрабаваў вызначыць кірункі развіцця і здабыткі літаратуры Заходняй Беларусі. Значным творам у літаратурнай спадчыне А. Салагуба з'яўляецца «Лукішскі дзённік», напісаны ў турэмным зняволенні. У 1961 г. былі апублікаваны яго фрагменты. Аўтар па-мастацку і з эпічнай падрабязнасцю апісаў рэаліі турэмнага побыту. Дзённікавыя запісы А. Салагуба – унікальнае дакументальнае сведчанне станаўлення беларускага інтэлігента, творчай асобы ў абставінах уздыму грамадскага жыцця, нацыянальна-вызваленчага руху.