Имена на других языках:
Друцкий-Подбереский Ромуальд Андреевич (русский); Подбереский Ромуальд Андреевич (русский);
3282 символа
Справка
Рамуальд Андрэевіч Падбярэскі (Друцкі-Падбярэскі) – адзін з найбольш вядомых дзеячаў беларускага літаратурна-грамадскага руху. Яго выдавецкая і літаратурная дзейнасць у 40-х гг. ХІХ ст. садзейнічала пашырэнню дэмакратычных ідэй, спрыяла ажыўленню літаратурнага працэсу на Беларусі.
Нарадзіўся Р.А. Падбярэскі ў Вільні ў сям’і збяднелага шляхціца. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі ў 1830 г. непрацяглы час вучыўся ў Віленскім універсітэце, у далейшым займаўся выпадковымі заробкамі, працаваў гувернёрам у сям’і палкоўніка Целешава ў Арле. У 1836 г. стаў студэнтам спачатку філалагічнага, а потым юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, адначасова служыў у Літоўскім гандлёвым таварыстве. У гэты перыяд зблізіўся са славянафіламі, пад іх уплывам зацікавіўся фальклорам, заняўся перакладам на польскую мову рускіх народных казак і іх публікацыяй. Пачаў друкаваць у перыядычных выданнях таксама і свае ўласныя артыкулы – «Зарыян Даленга-Хадакоўскі» (1838), «Караль Ліпінскі ў Маскве», «Кароткая гісторыя Ніжняга Ноўгарада і нарыс Макар’еўскага кірмашу» (абодва 1839) і інш.
Не скончыўшы навучанне, Р.А. Падбярэскі ў 1841 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург. Тут далучыўся да літаратурнага гуртка Я. Баршчэўскага, пазнаёміўся з украінскім паэтам Т. Шаўчэнкам, наладзіў супрацоўніцтва з вядомымі літаратарамі Ю. Крашэўскім, М. Грабоўскім, І. Галавінскім, Л. Штырмерам і інш. Займаўся выдавецкай дзейнасцю: выпускаў альманах «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1–4, 1843–1849), апублікаваў «Дыярыуш» С. Бельскага (1842), выдаў зборнік вершаў Т. Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845). У 1844 г. у артыкуле «Беларусь і Ян Баршчэўскі», які стаў таксама і прадмовай да кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Р.А. Падбярэскі зрабіў агляд беларускай літаратуры першай паловы ХІХ ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Сярод іншых публікацый – «Сучасная музыка», «Польскі метад П.А. Язвінскага», «Рыгор Грачына» (усе 1842), «Пра крыніцы рускіх казак» (1843), «Лісты пра Беларусь» (1844), «Панарама места Полацка» (1845), «Пан Антон Абрамовіч, кампазітар» (1846) і інш. Акрамя гэтага запісваў і публікаваў песні, прыказкі, байкі і іншыя творы фальклору.
З 1847 г. Р.А. Падбярэскі працаваў у Вільні. Арганізаваў выданне літаратурна-навуковага альманаха «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны альманах», т. 1–2, 1849–1850), у якім змяшчаў публіцыстычныя артыкулы, матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі, фальклору і старажытнай гісторыі беларускіх зямель. Пад сваім імем і ананімна выступаў у друку з допісамі пра культурныя падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літаратурна-крытычнымі артыкуламі. З’яўляецца аўтарам гістарычных і фальклорна-этнаграфічных нарысаў «Погляд на Інфлянты і беларускія старажытнасці» (1847), «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў. Гістарычны погляд», «Літоўскія і жмудскія паданні» (усе 1848) і інш.
У 1850 г. за антыўрадавую літаратурна-грамадскую дзейнасць Р.А. Падбярэскі арыштаваны. З 1851 г. знаходзіўся ў ссылцы ў Архангельскай губерні, дзе некаторы час служыў памочнікам рэдактара газеты «Архангельские губернские ведомости», быў заняты на цяжкіх работах. Па некаторых звестках сваякі літаратара ў 1856 г. дабіліся для яго амністыі, аднак у хуткім часе Р.А. Падбярэскі памёр.