Краткая справка:
скульптар, жывапісец, графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках:
Brazer Abram (английский); Бразер Абрам Маркович (русский);
4979 символов
Справка
Гісторыя беларускага выяўленчага мастацтва першых двух дзесяцігоддзяў ХХ ст. цесна звязана з шматграннай дзейнасцю Абрама Маркавіча Бразера. Надзвычай непаўторным быў яго творчы і жыццёвы лёс, і надзвычай трагічна скончылася яго зямное жыццё. Нарадзіўся мастак у Кішынёве ў сям’і настаўніка, выхоўваўся ў яўрэйскіх традыцыях. Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Адэсе, скончыў Кішынёўскае мастацкае вучылішча (1910). Юнацкія гады правёў у Парыжы (1912–1914), вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (па іншых крыніцах – у Нацыяльнай школе прыгожых мастацтваў)*. У гэты ж час адбылося яго знаёмства з М. Шагалам. У 1913 г. А. Бразер прымаў удзел у парыжскай мастацкай выстаўцы “Асенні салон”, дзе былі прадстаўлены тры яго карціны.
У 1916 г. А. Бразер вяртаецца ў Расію, два гады праводзіць у Петраградзе, удзельнічае ў выстаўцы “Свет мастацтваў” (1916), а ў 1918 г. – у выстаўцы яўрэйскіх мастакоў. У 1918 г. па запрашэнні М.Шагала (у іншых крыніцах – С. Юдовіна) пераязджае ў Віцебск. Час, праведзены тут, адзначаецца самымі яркімі дасягненнямі ў творчасці і актыўным удзелам мастака ў культурным жыцці горада. У пачатку свайго творчага шляху А. Бразер тварыў, галоўным чынам, як графік. Свае работы ён выконваў у асноўным акварэллю, чарнілам і алоўкам. План манументальнай прапаганды з пачатку 1920-х гг. прыцягнуў яго ўвагу і да скульптуры. Так, жывапісец і графік А. Бразер стаў скульптарам. Першай пробай яго сіл у гэтай галіне сталі помнік-бюст вядомага швейцарскага педагога Песталоці (1919) і бюст К. Маркса ў Віцебскім Доме Саюзаў (1920). У траўні 1919 г. А. Бразер запрашаецца на пасаду дэкаратара ў Гарадскі тэатр, займаецца арганізацыяй і правядзеннем у Віцебску Першай дзяржаўнай выстаўкі карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў. Мабілізаваны на работу па дастаўцы карцін з Масквы, займаецца развескай, арганізацыяй дыспутаў, лекцый К. Малевіча, А. Рома, дэмантажом выставак і вяртаннем работ у Маскву. У экспазіцыі былі прадстаўлены таксама і творы А. Бразера.
У Віцебску мастак пачынае і сваю педагагічную дзейнасць: дае прыватныя ўрокі, вядзе заняткі ў студыі для глуханямых дзяцей. У жніўні 1921 г. адбылася выстаўка работ гэтай студыі. З 1920 па 1924 гг. А. Бразер выкладае тэхніку скульптуры ў Вольных дзяржаўных майстэрнях, затым – у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце (1922–1923) і мастацкім тэхнікуме (1923–1924). Акрамя выкладчыцкай дзейнасці А. Бразер арганізоўваў дыспуты і мітынгі на тэмы сучаснага выяўленчага мастацтва, удзельнічаў у выстаўках, камплектаваў Віцебскі музей сучаснага мастацтва, ствараў эскізы для святочнага ўпрыгожання горада. 18 траўня 1922 г. у Віцебску ў клубе Лібкнехта адбылося адкрыццё першай персанальнай выстаўкі А. Бразера. У перыядычных віцебскіх выданнях таго часу былі надрукаваны станоўчыя водгукі, у тым ліку – А. Рома, аб творчай манеры мастака, стылістыцы і глыбіні вобразных характарыстык яго твораў.
У 1923 г. А. Бразер пераехаў жыць і працаваць у Мінск. Увайшоў ва “Усебеларускае аб’яднанне мастакоў” – творчую арганізацыю, якая існавала ў 1927–1932 гг. і імкнулася да згуртавання мастацкіх сіл Беларусі, садзейнічала арганізацыі мастацкіх выставак, студый і інш. Быў членам Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі – творчага аб’ яднання 1929–1932 гг. З 1940 г. – член Беларускага саюза мастакоў. Знамянальнай падзеяй гэтага перыяду стала І Усебеларуская мастацкая выстаўка (1925), на якой А. Бразер выстаўляе мадэль помніка ахвярам курлаўскага растрэлу, некалькі партрэтаў асоб, звязаных з нацыянальна-патрыятычным рухам, бытавыя сцэнкі з местачковага жыцця. На ІІ Усебеларускай выстаўцы ён прадставіў некалькі партрэтаў яўрэйскіх пісьменнікаў, а таксама партрэт драматурга У. Галубка.
Акрамя гэтых работ А. Бразерам выкананы такія творы, як партрэт Ф. Скарыны (1925), С.М. Міхоэлса (1926), М.М. Галадзеда (1931), М.Б. Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.Э. Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобласці, 1933). Сярод жывапісных твораў: аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэт Ю. Пэна (1921), У.І. Галубка (1931), карціны “Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.” (1928), “Маслабойка” (1928) і інш. У 1930-я гг. выканаў шэраг графічных работ, у тым ліку партрэты пісьменнікаў М. Лынькова, З. Бандарынай, К. Чорнага (усе 1931), П. Броўкі (1932), Я. Купалы, Я. Коласа (1934) і інш.
За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску была адкрыта вялікая персанальная выстаўка твораў А. Бразера (сумесна з Л. Лейтманам), дзе былі сабраны амаль усе яго творы. Работы мастака з гэтай экспазіцыі былі знішчаны нацыстамі пасля захопу горада. Апошнія паўгода свайго жыцця А. Бразер сумесна з жонкай і сынам правёў у Мінскім гета. 15 ліпеня 1942 г. ён быў расстраляны разам з сям’ёй фашыстамі. Нешматлікія ўцалеўшыя творы А. Бразера захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
* Шатских, А. С. Витебск. Жизнь искусства, 1917–1922 / Александра Шатских. – Москва : Языки русской культуры, 2001. – С. 173.