Краткая справка:
архітэктар, заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР (1971)
Имена на других языках:
Данилова Александра Юрьевна (русский);
2279 символов
Справка
Данілава Аляксандра Юр'еўна – аўтар і ўдзельнік распрацоўкі многіх архітэктурных праектаў.
Нарадзілася яна ў г. Гадзяч Палтаўскай вобласці (Украіна). Скончыла архітэктурны факультэт Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута (1951). Адразу пасля вучобы накіравалася ў Віцебск дапамагаць аднаўляць і забудоўваць горад. З 1951 па 1988 г. працавала архітэктарам, старэйшым архітэктарам, галоўным архітэктарам праектаў, кіраўніком архітэктурна-планіровачнага аддзела, галоўным спецыялістам у інстытуце «Віцебскграмадзянпраект». У 1970 г. стала заслужаным архітэктарам БССР.
Асноўныя работы А. Ю. Данілавай (усе ў аўтарскім калектыве) у Віцебску – гэта будынкі прафтэхвучылішча бытавога абслугоўвання (1956) і электратэхнікума сувязі (1957), забудова вул. Кірава (1953–1958), добраўпарадкаванне плошчы Перамогі (1973–1974), Цэнтральнага і Паўднёвага раёнаў (1973), плошчы 1000-годдзя Віцебска (1975), забудова мікрараёнаў Поўдзень 3, 4 (1975) і 6 (1980), Юбілейны (1976), па вул. П. Броўкі (1986–1987) і інш. Яна адзін з аўтараў генпланаў Полацка і Наваполацка (1964), Віцебска (1966), Оршы (1968), праектаў дэталёвай планіроўкі цэнтра і камунальнай зоны Наваполацка (1969), забудовы мікрараёнаў Задняпроўе 2 (1981), па вул. П. Броўкі (1989) і па вул. У. Леніна (1982) у Оршы.
Большасць праектаў з удзелам А. Ю. Данілавай атрымалі высокую ацэнку. За вялікія дасягненні ў працы яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), граматай Вярхоўнага Савета БССР (1963), медалямі. Атрымала 1-ю прэмію на рэспубліканскім конкурсе за праект забудовы Цэнтральнага раёна Віцебска (1970). Стала лаўрэатам прэміі Савета Міністраў СССР за праект Віцебскага ўсходняга прамвузла (1971, з І. І. Некрашэвічам). Праект забудовы жылога мікрараёна ў Наваполацку быў адзначаны бронзавым медалём ВДНГ СССР. Ансамбль вул. Кірава ў Віцебску з'яўляецца помнікам горадабудаўніцтва 1950-х гг. Кампазіцыя вуліцы заснавана на стылявым адзінстве пластычнага рашэння фасадаў з выкарыстаннем элементаў класікі. Фасадныя плоскасці ўпрыгожваюць балконы, эркеры і іншыя архітэктурныя элементы. Калектыву архітэктараў ансамбля ў 2007 г. на доме № 4 па вул. Кірава ў Віцебску ўстаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар А. Гвоздзікаў).