Краткая справка:
вучоны ў галіне анкалогіі, член-карэспандэнт АМН СССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1977), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988, пасмяротна), кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга (чатыры разы), Чырвонай Зоркі
Имена на других языках:
Александров Николай Николаевич (русский);
3853 символа
Справка
Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў – вядомы вучоны-анколаг, высокакваліфікаваны хірург, таленавіты педагог – нарадзіўся 11 чэрвеня 1917 г. у горадзе Бранску (Расія) у сям’і настаўнікаў. У 1940 г. скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М. Кірава ў Ленінградзе. Прымаў удзел у вайне з белафінамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, прайшоўшы шлях ад камандзіра медсанбата да начальніка спецыялізаванага рухомага шпіталя.
У лютым 1946 г. М. Аляксандраў вярнуўся ў Ленінград і прадоўжыў вучобу ў ад’юнктуры Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава. Адначасова прымаў удзел у напісанні шматтомнай працы «Опыт Советской медицины в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.». У 1950 г. Мікалай Мікалаевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў працаваць у клініцы факультэцкай хірургіі акадэміі. Праз год быў уключаны ў склад групы медыкаў, якая працавала ва ўмовах ваенных дзеянняў у Карэі. Па ініцыятыве М. Аляксандрава ў I факультэцкай хірургічнай клініцы Ваенна-медыцынскай акадэміі была створана спецыяльная лабараторыя для вывучэння канцэнтрацыі антыбіётыкаў у арганізме параненых у залежнасці ад спосабаў увядзення і прымянення доз.
У 1954 г. Мікалай Мікалаевіч абараніў доктарскую дысертацыю. Ён з’яўляўся кіраўніком групы супрацоўнікаў акадэміі, створанай для правядзення эксперыментальнай работы па вывучэнні і лячэнні камбінаваных радыяцыйных пашкоджванняў. Вучоны шмат увагі ўдзяляў даследаванням па пытаннях клінікі і лячэння пашкоджанняў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы пры прамянёвай хваробе, якія найбольш поўна асветлены ў дапаможніках «Хирургия повреждений нервной системы» (1959) і «Ранения черепа и головного мозга при острой лучевой болезни» (1962).
У 1960 г. пачалася дзейнасць М. Аляксандрава ў Беларусі, дзе ён узначаліў толькі што створаны ў Мінску Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, а таксама кафедру анкалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Пад яго кіраўніцтвам інстытут анкалогіі стаў за кароткі тэрмін вядучай установай у галіне проціракавай барацьбы ў рэспубліцы. Мікалай Мікалаевіч вёў вялікую навуковую, лячэбную і адміністрацыйную работу. Яго працы прысвечаны дыягностыцы і лячэнню злаякасных пухлін, эпілепсіі, хірургічнаму лячэнню раненняў галаўнога мозгу. Першым у краіне ён распрацаваў і ўкараніў у практыку новы метад аперацыі на наднырачніках пры цяжкіх формах рака малочнай залозы. Першым пачаў распрацоўваць прынцыпова новы комплексны метад лячэння злаякасных пухлін з прымяненнем перагрэву і перакіслення. Шырокую вядомасць і прызнанне атрымалі яго работы ў галіне прамянёвай і камбінаванай тэрапіі з выкарыстаннем выпраменьванняў высокіх энергій вадкіх і цвёрдых радыеактыўных ізатопаў. Мікалай Аляксандраў стварыў комплекс сродкаў абароны медыцынскага персаналу радыелагічных аддзяленняў ад іанізуючага выпраменьвання. Асаблівую ўвагу ён удзяляў пошуку шляхоў павышэння эфектыўнасці арганізацыйных форм проціракавай барацьбы, арганізацыі глыбокага вывучэння магчымасцей прафілактыкі рака, укараненню ў практыку метадаў ранняй дыягностыкі і лячэння пухлін.
Вучоным апублікавана звыш 300 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій. Мікалай Аляксандраў быў заснавальнікам і нязменным старшынёй Навуковага таварыства анколагаў БССР, членам прэзідыумаў праўленняў шэрага іншых рэспубліканскіх і ўсесаюзных навуковых медыцынскіх таварыстваў, членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Вопросы онкологии». Прызнаннем заслуг М. Аляксандрава ў развіцці медыцынскай навукі і падрыхтоўцы кадраў з’яўляецца прысваенне яму звання Героя Сацыялістычнай Працы. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі.