Имена на других языках:
Юркевич Леонид Николаевич (русский);
Криптонимы:
Л-ны; Ю. Л.; Юр. Л-ны; Юр. Ля-ны
3858 символов
Справка
У плеядзе паэтаў, што ўвайшлі ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1920-х гадоў, значнае месца належыць Юрку Лявоннаму.
Нарадзіўся Лявон Мікалаевіч Юркевіч (сапраўднае імя паэта) у г. Чавусы Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён, Магілёўская вобласць) у сям’і служачага. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1934 г. скончыў крытычна-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Працаваў у рэдакцыях газет “Магілёўскі селянін”, “Звязда”, часопісе “Работніца і калгасніца Беларусі”, на Беларускім радыё.
Першыя творы Ю. Лявоннага з’явіліся ў друку не пазней верасня 1925 г. Яго вершы сустракаюцца ў магілёўскіх альманахах “Дняпроўскія ўсплёскі” і “Ранне”, у цэнтральных рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Па сведчанні Сяргея Грахоўскага Юрка Лявонны быў тонкім і рамантычным лірыкам, што ён адлюстраваў у сваіх ранніх вершах:
…Мне было ў семнаццатым –
семнаццаць.
Люба босай бегаць па расе.
Зацвіталі астры ля палацу,
Пунсавелі астры на страсе…
“Тая восень” (1928).
Аднак час патрабаваў ад паэтаў іншага: бадзёрых і ўзнёслых вершаў аб новым і вольным жыцці. Любоўная лірыка лічылася ўпадніцкай і антыграмадскай. Таму паступова Юрка Лявонны перайшоў да публіцыстычнай лірыкі надзённага характару. Яго творчы ўзлёт прыпаў на трыццатыя гады: адзін за адным выходзілі ў свет зборнікі паэзіі “Камсамольскія вершы”, “Штурм” (1930), “Жалезныя віхуры”, “Разбег” (1931), “Стала і мужна” (1932), галоўнымі тэмамі якіх былі перабудова жыцця, абнаўленне роднай Беларусі. “У пішучай арміі я радавым пяю пра завод і калгасы”, - гаварыў паэт.
Вершы Лявоннага мелі дакладны і выразны рытм, лёгка лажыліся на музыку, якую пісалі М. Мацісон, Н. Сакалоўскі, У. Тэраўскі, С. Палонскі, М. Чуркін і інш. У 1930-я гг. былі папулярнымі песні “Маладое”, “У паход” А. Туранкова на словы маладога таленавітага паэта.
Юрка Лявонны працаваў і як празаік, журналіст, публіцыст і крытык. Яго замалёўкі, нарысы, карэспандэнцыі аб пераўтварэннях на роднай зямлі друкаваліся ў газетах “Магілёўскі селянін”, “Звязда” і іншых выданнях. У 1931 г. выйшаў з друку зборнік нарысаў Ю. Лявоннага “Крок пяцігодкі”. Сярод публікацый Лявоннага ёсць некалькі рэцэнзій на кнігі яго сучаснікаў. Ён адгукнуўся на “Пялёсткі” Валерыя Маракова (1926), напісаў рэцэнзію на кнігу вершаў і паэм “Вежа” Алеся Дудара (1928).
Творчы талент Юркі Лявоннага дазволіў яму стаць нядрэнным перакладчыкам: у 1929 г. у яго перакладзе з рускай мовы выйшла з друку апавяданне Д. Фурманава “Чырвоны дэсант”, у 1932 г. пабачыў свет раман чэшскага пісьменніка І. Ольбрахта “Ганна-пралетарка”. У сярэдзіне 1930-х гг. Ю. Лявонны разам з С. Грахоўскім пераклалі на беларускую мову раман Жуля Верна “80 000 кіламетраў пад вадой”. Раман выйшаў з друку ў 1937 г. і прозвішчы рэпрэсіраваных на той час перакладчыкаў не былі надрукаваны.
У сярэдзіне 1930-х гг. Юрка Лявонны плённа працаваў: былі падрыхтаваны да друку кнігі паэзіі “Радком і сэрцам”, “Голас эпохі”, зборнік апавяданняў і гумарэсак “Човен у моры”. Беспадстаўны арышт перакрэсліў гэтыя планы.
Лявон Мікалаевіч Юркевіч быў рэабілітаваны ў 1957 г. Праз два гады газета “Літаратура і мастацтва” змясціла невялікую заметку аб ім, у 1960 г. выйшаў зборнік вершаў Ю. Лявоннага “Выбранае”. У 2005 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла паэтычны зборнік “Душа мая тужлівая…”, у які ўвайшлі творы пятнаццаці маладых беларускіх паэтаў 20-30-х гг. ХХ ст. У кнігу ўключана падборка вершаў Ю. Лявоннага канца 1920 – пачатку 1930 гг.: “Зімовая радасць” (1924), “Роднае” (1927), “Тая восень” (1928), “Па дарозе…” (1931) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г., актуалізаваны ў 2017 г.