Дата рождения:
16.10.1912 Рабяткі, в., Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
ліпень 1941
Краткая справка:
пісьменнік, паэт, ваенны журналіст, аўтар вершаў, апавяданняў, нарысаў, кніг для дзяцей, перакладаў
Псевдонимы:
Безмежный Андрей; Бязмежны Андрэй; Бязьмежны; Бязьмежны А.; Бязьмежны Андрэй
Имена на других языках:
Ушаков Андрей Фёдорович (русский);
Криптонимы:
А.У-коў; А.У.
2290 символов
Справка
Андрэй Фёдаравіч Ушакоў нарадзіўся ў вёсцы Рабяткі Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі і прафтэхшколы металістаў працаваў слесарам у дэпо, майстэрнях авіяпарка, на швейнай фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі” Віцебска. У 1930–1931 гг. вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску, у 1932–1933 гг. – на сцэнарным аддзяленні Віцебскага кінатэхнікума, у 1933–1934 гг. – ва Усасаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М.Г. Чарнышэўскага і некаторы час працаваў інспектарам ва Упраўленні па справах мастацтва пры СНК БССР. У 1939 г. Андрэй Ушакоў быў прызваны ў Чырвоную Армію, працаваў у армейскім друку. З першых дзён вайны ўдзельнічаў у абарончых баях на Магілёўшчыне і Гомельшчыне.
Свае вершы Андрэй Ушакоў пачаў друкаваць у 1928 г. у газетах “Чырвоная змена” і “Віцебскі пралетарый” пад псеўданімам Андрэй Бязмежны. У хуткім часе ў перыёдыцы з’явіліся яго паэмы “Говар машын”, “Шуміць хвоя” (абедзве 1930). У 1932 г. у суаўтарстве з П. Ананьевым выдаў першую кніжку вершаў “Рабочы пульс”, затым выйшлі паэтычныя зборнікі “Праца і маладосць”, “Зарава вагранак” (абодва 1933). Першыя творы паэта былі прысвечаны рабочым будням прадпрыемстваў, працоўнаму энтузіязму моладзі. У вершах больш позняга часу (зборнік вершаў “Голас Радзімы” (1938)) падымаюцца тэмы, якія хвалявалі тагачаснае грамадства, адчуваецца роздум пра лёс і узаемаадносіны пакаленняў, сэнс жыцця, гучаць лірычныя і фальклорныя матывы. Вершы А. Ушакова “Дзе ж ты, чарнавокая”, “Калгасны марш”, “Чараўніца”, “Серэнада” былі пакладзены на музыку І. Любанам і М. Чуркіным.
Плённа працаваў А. Ушакоў таксама і ў жанры дзіцячай літаратуры. Яго творы для дзяцей друкаваліся ў перыядычных выданнях “Іскры Ільіча”, “Піянер Беларусі”. У 1939 г. разам з Алесем Жаўруком ён выдаў асобнымі кніжкамі паэмы “Пра майго таварыша”, “Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада”. Акрамя таго Андрэй Ушакоў пісаў апавяданні і нарысы, спрабаваў свае сілы ў драматургіі, перакладаў з рускай і ўкраінскай моў, выступаў як крытык. У суаўтарстве з Алесем Жаўруком стварыў лібрэта першай беларускай аперэты “Зарэчны барок” (муз. М. Чуркіна).