Дата рождения:
09.05.1892 Скары, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
19.04.1941
Краткая справка:
вучоны ў галіне гісторыі і археаграфіі, этнограф, пісьменнік, публіцыст, краязнавец, бібліёграф, адзін з арганізатараў архіўнай справы ў Беларусі, член Інбелкульта
Псевдонимы:
Міхалка С.; Скарэўскі Міхалка
Варианты имени:
Мялешка Міхась
Имена на других языках:
Мелешко Михаил Винцентович (русский);
Криптонимы:
N.; М-о; М.М-о
3792 символа
Справка
Міхаіл Вінцэнтавіч Мялешка ўвайшоў у гісторыю Беларусі як адзін з арганізатараў архіўнай справы. Біяграфічных звестак аб ім амаль не захавалася. Вядома, што нарадзіўся будучы вучоны ў вёсцы Скары Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сям’і рыбака. Скончыў Мядзельскую школу, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (1921). З 1911 г. жыў у Пецярбургу, працаваў на азбеставай і нітачнай фабрыках, фармацэўтычным заводзе; з 1918 г. – у Віцебскім аддзяленні Беларускага нацыянальнага камісарыята, губернскім ваенкамаце і губернскім архіве ў Віцебску; з лістапада 1922 г. – у Мінскім цэнтральным архіве, з 1927 г. – у Цэнтральным архіўным упраўленні БССР, адначасова ў Інбелкульце, пазней – у Беларускай акадэміі навук. Акрамя таго, у 1923–1924 гг. чытаў курс лекцый па беларускай этнаграфіі ў Віцебскім вышэйшым педагагічным інстытуце, у 1926–1928 гг. выкладаў гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. У 1930 г. М. Мялешка быў арыштаваны і сасланы ў Самару на пяць гадоў. У 1938 г. паўторна арыштаваны як “удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі”, у сакавіку 1940 г. вызвалены з-пад следства. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962 гг.
Літаратурная спадчына М. Мялешкі разнастайная ў жанравых адносінах: вершы, празаічныя абразкі і замалёўкі, рэцэнзіі і водгукі на літаратурныя творы, этнаграфічныя, гістарычныя і культуралагічныя артыкулы, прысвечаныя пытанням гісторыі Беларусі, краязнаўству, архіўным справам, гісторыі сялянскага руху на Віцебшчыне, развіццю беларускай літаратуры. Яго першая празаічная публікацыя “Родныя абразкі” з’явілася ў 1913 г. у альманаху “Маладая Беларусь”, выдадзеным у Пецярбургу. У 1914–1915 гг. выступаў у “Нашай ніве” з публіцыстычнымі артыкуламі пад псеўданімам Міхалка Скарэўскі; друкаваўся ў часопісе “Вольны сцяг”, газетах “Дзянніца”, “Савецкая Беларусь”. Міхаіл Мялешка – аўтар верша “Разгані па небе…” (1914), апавяданняў “Шэпты” (1917), “Асенні малох” (1918). Пераклаў на беларускую мову апавяданне латышскага пісьменніка Я. Порука “Пылінка” (1918). Ён даследаваў таксама праблемы прыгоннага права, сялянскіх выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 г. і ў час рэвалюцыі 1905–1907 гг., склаў зборнік дакументаў і матэрыялаў “Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.” (1927). У 1928 г. выйшаў артыкул “З. Жылуновіч як гісторык”, а ў 1929 г. выдадзена праца “Камень у вераваннях і паданнях беларусаў”. Міхаіл Мялешка – аўтар артыкулаў “Беларускія архіўныя багацці”, “Нашы старажытнасці”, “З жыцця і дзейнасці краязнаўчых арганізацый сярэдневаложскага краю” і інш. На Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў (май 1924 г.) выступіў з дакладам на тэму “Стан архіваў Беларусі, рэарганізацыя”. Вучоны падрыхтаваў рукапіс працы пра Мялеція Сматрыцкага, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Работы М. Мялешкі вызначаюцца грунтоўным веданнем матэрыялу, навуковай кампетэнтнасцю, жывой вобразнай мовай. У яго літаратурных творах выражаюцца рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі таго часу. Вучоны займаўся і бібліяграфічнай дзейнасцю. Ён склаў бібліяграфічныя даведнікі “Перыёдыка Сярэдневолжскага краю ў 1930 г.”, “Орская прамысловая акруга”, разам з акадэмікам Ю. Гацье і прафесарам П. Праабражэнскім – бібліяграфічны паказальнік літаратуры пра карысныя выкапні Сярэдняй Волгі (больш за 1500 назваў). У 1998 г. быў выдадзены зводны каталог “Бібліятэка Міхася Мялешкі”, у якім прыведзены звесткі пра ўцалелыя ў сховішчах Мінска кнігі і перыядычныя выданні з яго бібліятэкі. Асабісты архіў М. Мялешкі зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У нашчадкаў захоўваецца жывапісны партрэт вучонага работы мастака Я. Кругера, што дэманстраваўся на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы ў 1925 г.