Дата рождения: 03.01.1908
Дата смерти: 13.09.1992
Краткая справка: жывапісец, народны мастак Беларусі, член-карэспандэнт АМ СССР, кавалер орденаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны" (двойчы), Дружбы народаў
Имена на других языках: Zaitsau Yaughen Aliaxandravitch (не определен); Зайцев Евгений Алексеевич (русский);
Яўген Аляксеевіч Зайцаў належыць да таго пакалення майстроў беларускага жывапісу, творчасць якіх фарміравалася ў савецкія гады. Ён працаваў у розных жанрах выяўленчага мастацтва і пакінуў вялікую спадчыну, прасякнутую жыццёвай праўдай, маляўнічасцю, любоўю да беларускага народа.
Будучы мастак нарадзіўся ў г. Невель былой Віцебскай губерні (цяпер Пскоўская вобласць у Расіі) у сям'і служачых. У гады Першай сусветнай вайны бацькі пераехалі ў Віцебск. У 1916 г. Я. Зайцаў паступіў у падрыхтоўчы клас Аляксандраўскай мужчынскай гімназіі, праз год перайшоў у прыватную гімназію І.Р. Неруша. Некаторы час вучыўся ў майстэрнях М. Шагала. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы, голад, страта бацькі, які загінуў на фронце, прымусілі маці зноў змяніць месца жыхарства. Восенню 1920 г. сям'я пасялілася ў мястэчку Калышкі каля Лёзна, дзе Я. Зайцаў пачаў вучыцца ў шостым класе Лёзнянскай сямігадовай школы. Пасля заканчэння паступіў у 1924 г. у Віцебскі дзяржаўны мастацкі тэхнікум. Два гады займаўся на аддзяленні керамікі, затым перайшоў на аддзяленне станковага жывапісу. Яго выкладчыкамі былі М.П. Міхалап, В.В. Волкаў, М.В. Лебедзева, М.А. Керзін – прадстаўнікі рэалістычнай школы мастацтва. Яны перадавалі сваім вучням глыбокае разуменне кампазіцыі, пачуццё колеру, вучылі ўспрыманню формы. У 1930 г. Я. Зайцаў скончыў вучобу і прыехаў у Мінск, дзе прымаў удзел у афармленні першай Беларускай сельскагаспадарчай выстаўкі. Пасля паспяховага завяршэння гэтай адказнай працы Народны камісарыят адукацыі БССР накіраваў мастака на вучобу ў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры імя І.Я. Рэпіна пры Расійскай акадэміі мастацтваў). Педагогамі Я. Зайцава былі прафесары К. Пятроў-Водкін (клас манументальнага жывапісу) і А. Асмёркін (клас станкова-бытавога жывапісу). Пад іх кіраўніцтвам ён набываў неабходныя прафесійныя веды. Першыя творы мастака, напісаныя ў час вучобы ў 1933–1934 гг. («З'езд калгаснікаў», «Стары», «Натуршчык з люлькай»), вызначаліся глыбінёй зместу і дасканаласцю формы. Лета 1935 г. Я. Зайцаў правёў у месцах, дзе І. Рэпін працаваў над эцюдамі да карціны «Бурлакі на Волзе». Вынікам паездкі сталі пейзажы «Волга. Бераг з лодкай» і «Баржы на Волзе» (1935).
У снежні 1937 г. Я. Зайцаў скончыў вучобу і ў наступным годзе вярнуўся ў Мінск. Ён выконваў роспісы ў Тэатры оперы і балета БССР, кіраваў курсамі па павышэнні кваліфікацыі маладых мастакоў. Першай маштабнай работай Я. Зайцава стала карціна «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), якая была прадстаўлена на дэкаднай выстаўцы ў Маскве ў 1940 г. У гэтым жа годзе яе аўтара ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны». З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Я. Зайцаў прымаў удзел у баявых дзеяннях. У 1943 г. быў адазваны ў Маскву, дзе пачаў працаваць у Цэнтральным штабе партызанскага руху. Мастак маляваў ілюстрацыі да сатырычнага лістка «Партызанская дубінка» і часопіса «Раздавім фашысцкую гадзіну». Прымаў удзел у арганізацыі юбілейнай выстаўкі работ беларускіх жывапісцаў, прысвечанай 25-годдзю БССР, на якой было прадстаўлена некалькі яго палотнаў, у тым ліку карціна «Партрэт юнага партызана» (1943). У гэтым жа годзе Я. Зайцаў напісаў партрэт народнай артысткі БССР А.В. Нікалаевай, нацюрморт «Палявыя кветкі». Летам 1944 г. мастак вярнуўся ў вызвалены Мінск. Ён выканаў шэраг работ для беларускага Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод якіх – «Разбураная ТЭЦ у Магілёве», «Пабудова маста на Дняпры», «Руіны горада Магілёва» (усе 1944), «Мінск гарыць» (1945) і інш. Летам 1945 г. напісаў некалькі пейзажаў, сярод іх – была карціна «Над Свіслаччу», якая экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы 1946 г. У гэтым жа годзе напісана палатно «Пахаванне героя» (увайшло ў лік лепшых твораў жывапісца). Найбольш ярка талент Я. Зайцава раскрыўся ў кампазіцыйным творы «Парад беларускіх партызан у Мінску ў 1944 г.» (1947), сведкам якога ён быў. Ваеннай тэме прысвечаны карціны «Стаяць насмерць» (1948) і «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), «Незабыўнае» (1975), «Перамога» (1985), а таксама трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963–1967). Палотны мастака адлюстроўваюць гераічныя падзеі гісторыі Савецкага Саюза, напоўнены любоўю да чалавека мужнага, моцнага духам, прасякнутага пачуццём грамадзянскага абавязку. Яго творам, асабліва ў жанры сюжэтна-тэматычнай карціны, уласцівы манументальнасць, складанае вырашэнне кампазіцыі, імкненне праз унутраны стан вобразаў раскрыць героіку часу. Талент мастака ярка праявіўся ў так званым «партрэтным» жывапісе, дзе Я. Зайцаў праявіў сябе як тонкі ўдумлівы псіхолаг. Ён перадаваў дакладна не толькі вонкавае аблічча, але і раскрываў унутраны стан чалавека, падкрэсліваў яго індывідуальнасць. Героямі карцін былі людзі працы, наватары вытворчасці, працаўнікі вёскі, дзеячы навукі і культуры. Мастак напісаў партрэты пісьменнікаў М. Танка (1948), П. Броўкі і П. Глебкі (1968), К. Крапівы (1972), народных мастакоў А. Анікейчыка (1977), З. Азгура (1983), ткачыхі з в. Неглюбка Веткаўскага раёна М.П. Каўтуновай (1975) і інш. Усё жыццё Я. Зайцаў працаваў над пейзажамі. Ён прайшоў з мальбертам Беларусь, пабываў на Украіне і Расіі, у Албаніі і Афрыцы. Панарамнасцю, лірычнай пранікнёнасцю вылучаюцца карціны «Пад вечар» (1945), «Дубкі» (1953), «Над Прыпяццю» (1958), «Лепельшчына» (1966), «Залаты вечар» (1975) і інш.
Творчую дзейнасць Я. Зайцаў сумяшчаў з грамадскай работай. Ён некалькі разоў выбіраўся ў склад праўлення Саюза мастакоў БССР. У 1948–1950 гг. з'яўляўся старшынёй праўлення. У 1944 г. стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, у 1963 г. атрымаў званне народнага мастака Беларуі. У 1973 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі мастацтваў СССР. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, двойчы ордэнам «Знак Пашаны». Карціны Я. Зайцава захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.