Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Магілёўскі газетны тэхнікум (1935). У 1935–1938 гг. працаваў у клімавіцкай раённай газеце “Камуна”, дзе дэбютаваў з вершамі ў 1935 г. У 1938 г. паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, але развітаўся з ім праз некалькі месяцаў, бо аб’явілі прыём у Ленінградскі інстытут журналістыкі імя В.В. Вароўскага, у які І. Новікаў паступіў у 1939 г. Вучоба перапынілася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, калі ваенкамат накіраваў юнака ў артвучылішча. З лютага 1942 г. камандаваў узводам упраўлення “кацюш”. З часцямі Чырвонай Арміі прайшоў Украіну, Румынію, Балгарыю, Малдавію, Югаславію, Венгрыю. У 1944 г. быў паранены ў баях за венгерскі горад Секешфехервар. Перамогу сустрэў у Аўстрыі начальнікам разведкі дывізіёна. Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Слівен.
У 1946 г. дэмабілізаваўся, працаваў у рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” літсупрацоўнікам, загадчыкам сельгасаддзела (1946–1957). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1955). З 1957 г. – карэспандэнт, з 1965 г. па 1986 г. – загадчык карэспандэнцкага пункта газеты “Правда” па Беларускай ССР. Член Саюза журналістаў СССР (1958), Саюза пісьменнікаў СССР (1961), заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).
Прафесійную літаратурную працу пачаў з нарысаў. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Стаў першым беларускім карэспандэнтам у ЗША, прымаючы ўдзел у ХІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Свае ўражанні ад паездкі І. Новікаў перадаў у дарожным дакументальным нарысе “Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі” (1958), які стаў яго першай аўтарскай кніжкай. Наступнымі былі нарысы “Палескае золата” (1959), “Побач сябры” (1960). У 1960 г. пабачыў свет зборнік фельетонаў “Уласны іншаземец”.
Амаль чвэрць стагоддзя, крок за крокам, крапатліва і настойліва вывучаў І.Р. Новікаў гісторыю Мінскага падполля, адшукваў удзельнікаў падпольнай барацьбы, гутарыў з імі. Пісьменніку спатрэбілася прагледзець матэрыялы былых падпольных райкамаў і гаркамаў партыі, партызанскіх брыгад, атрадаў і груп спецыяльнага прызначэння, якія ўзаемадзельнічалі з мінскімі падпольшчыкамі, шэраг іншых архіўных дакументаў. Вынік яго працы стаў зместам яго дакументальна-мастацкіх кніг. Першым такім значным творам была дакументальная аповесць пра Веру Харужую “Сэрца інакш не можа” (1960), якая друкавалася ў часопісе “Полымя”. У 1962 г. выйшла рускамоўная кніга “Вера Хоружая”.
У 1959 г. пісьменнік пачаў працу над кнігай “Руіны страляюць ва ўпор” (1962). Дакументальная аповесць пра падпольную барацьбу ў Мінску вярнула з небыцця імёны герояў падполля, пяці з якіх пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, рэабілітаваны многія савецкія патрыёты. Далейшая распрацоўка гэтай тэмы знайшла працяг у дакументальных аповесцях “Дарогі скрыжаваліся ў Мінску” (1964), “Да світання блізка” (1974), якія разам з аповесцю “Руіны страляюць ва ўпор” склалі вядомую трылогію “Мінскі фронт”. На гэту тэму І. Новікавым напісаны гістарычныя нарысы “Бяссмерце Мінска” (1977) і “Мінск — горад герой” (1986). Героям Віцебскага падполля І. Новікаў прысвяціў кнігу “Тварам да небяспекі” (1967). Гэтыя кнігі – не проста дакументальныя. Умела абыходзячыся з фактычным матэрыялам, пісьменнік разам з тым ужыў і мастацкі домысел. Уражваюць сваёй дынамічнасцю дыялогі герояў, прывабліваюць пластычнай выразнасцю пейзажы.
У 1970–1980-я гг. напісаны шэраг апавяданняў на ваенную тэматыку, як франтавую, так і падпольную. Тэме гераічнага падполля прысвечана аповесць “Рыжая Галка”. Складаным працэсам рэабілітацыі Мінскага падполля прысвечаны першы мастацкі твор І.Р. Новікава – раман “Ачышчэнне”, пабудаваны на аўтабіяграфічным ваенным матэрыяле. Упершыню твор убачыў свет у 1985 г. на старонках часопіса “Полымя”, а праз год быў выдадзены асобнай кнігай.
Сваімі нарысамі, апавяданнямі, аповесцямі, раманамі, кінастужкамі – і заўсёды праўдзівым словам, рэальнымі малюнкамі жыцця І.Р. Новікаў стварыў атмасферу ў Беларусі, якую сталі называць рэспублікай-партызанкай, а яе сталіцу – горадам-героем.
Заслугі І. Новікава – воіна, журналіста, пісьменніка – адзначаны ўрадам і грамадскасцю. Іван Рыгоравіч узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны”, медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1965, за дакументальную аповесць “Дарогі скрыжаваліся ў Мінску”), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя П.М. Лепяшынскага (1968, за дакументальную аповесць “Тварам да небяспекі”), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974, за сцэнарый шасцісерыйнага тэлефільма “Руіны страляюць…”, створаны разам з І. Чыгрынавым), Літаратурнай прэміі імя А.А. Фадзеева (1980, за трылогію “Мінскі фронт”).
Творчасць І.Р. Новікава – прыкметная з’ява ў беларускай літаратуры пасляваенных гадоў. Талент, памножаны руплівай працай, – натхняючы прыклад для юнакоў і дзяўчат, якія прылучаюцца да творчых працэсаў, спрабуюць па-мастацку асэнсаваць сучасны дзень, яго супярэчлівыя падзеі і факты.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.