Ёсць на свеце шчырыя, смелыя і надзвычай сумленныя людзі, якіх не могуць зламаць ніякія цяжкасці і выпрабаванні, наканаваныя лёсам. Менавіта да такіх асоб адносіцца Ядвіга Іосіфаўна Бяганская – жанчына, якая прайшла праз пекла ГУЛАГа, але не страціла сваёй душэўнай цеплыні, веры ў невынішчальнасць дабра і справядлівасці, – пісьменніца, якая ўвайшла ў беларускую літаратуру перш за ўсё як стваральніца дзіцячай прозы.
Ядвіга Іосіфаўна (творчы псеўданiм Ядвiга Рута) нарадзілася ў Верхне-Удзінску (цяпер Улан-Удэ, Расія) у сям'і чыгуначнага машыніста. На Беларусь Бяганскія вярнуліся ў 1922 г., а ў 1924 г. пераехалі на сталае жыхарства ў Мінск. У свой час бацька будучай пісьменніцы скончыў прыходскае вучылішча, маці – польскую гімназію, і абодва жадалі вучыцца далей. Мара бацькоў увасобілася ў поспехах таленавітай дачкі, якая здолела атрымаць грунтоўную адукацыю: скончыла Мінскую чыгуначную школу (цяпер Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча; 1926), літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Пасля заканчэння БДУ працавала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ва ўзорнай школе імя А. Чарвякова ў Мінску, на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Жыццё Ядвігі Бяганскай было надзвычай багатым на сустрэчы з неардынарнымі і цікавымі людзьмі: яшчэ ў час вучобы ў БДУ ёй пашчасціла слухаць лекцыі прафесараў Замоціна, Пiятуховiча, Бузука, Барычэўскага, Пічэты, яе аднакурснікамі былі Э. Галубок, П. Глебка, М. Лужанін, П. Трус, С. Дарожны, Т. Кляшторны, а сціплы дом інтэлігентных бацькоў заўжды вабіў да сабе будучую эліту нацыянальнай культуры – З. Бядулю, І. Жылуновіча, А. Куляшова, П. Броўку, І. Жыновіча і інш.
Шчасце гэтага перыяду перакрэсліў страшны 1937 год, які пазбавіў Я. Бяганскую мужа Алеся Сака (арыштаваны, загінуў, хутчэй за ўсё, у Курапатах) і бацькі. Самой Ядвізе Бяганскай давялося прайсці праз глумленні, гвалт, бязлітасную жорсткасць і раздзяліць лёс тысячаў іншых беларусаў, рэпрэсіраваных сталінскім рэжымам і кінутых за калючы дрот далёка за межамі сваёй краіны. Будучая пісьменніца была беспадстаўна арыштавана, асуджана на 10 гадоў зняволення і ў 1938 г. адпраўлена ў лагер на Калыму. Дома засталіся маці, сёстры і маленькая дачка Галя, трывога за якіх не пакідала Ядвігу Іосіфаўну. Выпрабаванні ГУЛАГа – цяжкая работа на швейнай фабрыцы, праца на лесапавале, будаўніцтва першага калымскага саўгаса – не зламалі мужную жанчыну, здолеўшую захаваць вялікую чалавечую годнасць. Менавіта ў лагеры ў 1940 г. нарадзіўся Уладзік – дзіця светлага пачуцця паміж Ядвігай Бяганскай і яшчэ адным выгнаннікам з Беларусі – мастаком М. Ліберфарбам. Пасля вызвалення (1947) Ядвіга Іосіфаўна накіравалася разам з сынам у пасёлак Певек (Чукотка), дзе знаходзіўся М. Ліберфарб. У верасні гэтага ж года ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя Я. Бяганскай, нарэшце, дазволілі вярнуцца на радзіму. У Мінск сям'я змагла пераехаць толькі ў сярэдзіне 1950-х гг.
Свой творчы шлях Ядвіга Бяганская пачала яшчэ ў 1926 г. з напісання вершаў, у гэты час друкавалася у часопiсе “Малады араты”, газеце “Беларуская вёска”. Першая аповесць “Далека на Поўначы” была выдадзена ў 1954 г. У 1957 г. увайшла ў Саюз пiсьменнiкаў СССР, з 1956 г. па 1963 г. працавала рэдактарам на радыё.
У бязлітасныя гады зняволення пісьменніца сумавала па бацькаўшчыне і самыя цёплыя словы прысвячала роднай Беларусі. Найбольшую вядомасць Ядвіга Бяганская атрымала як стваральніца празаічных твораў для дзяцей, псіхалогію якіх яна добра разумела (кнігі аповесцей і апавяданняў «Жэнеў галубок», «Сустрэча з морам», «Кожны марыць стаць Калумбам», «Сланечнікі», «Сонцу і ветру насустрач» і інш.). Асноўнай тэмай у творчасці пісьменніцы з'яўляўся працэс станаўлення чалавечай душы, фарміравання характару, ад якога залежыць далейшы лёс. Аўтар імкнулася выхоўваць у дзецях самыя лепшыя маральныя якасці, прывучала быць уважлівымі да розных з'яў прыроды, да яе прыгажосці. У сваіх творах Я. Бяганская высмейвала скупасць, нядобразычлівасць, хітрасць, распавядала пра неабходнасць адказваць за свае свавольствы («Як мы з Паўлікам былі рабінзонамі»), быць сумленнымі і праўдзівымі («Цікавая сустрэча»), вучыла сапраўднаму сяброўству, братэрскай дапамозе («На лыжнай сцежцы», «Як мы сваю каманду выручалі», «Калі побач сябры» і інш.). У многіх творах Ядвігі Іосіфаўны гучыць рэха Вялікай Айчыннай вайны, бо, па меркаванні пісьменніцы, гістарычная памяць народа павінна быць трывалай.
Акрамя напісання твораў для дзяцей Я. Бяганская займалася перакладчыцкай дзейнасцю. Дзякуючы бездакорнаму веданню моў, уменню ўлавіць настрой, з якім аўтар пісаў свой твор, для беларускіх чытачоў больш блізкай стала літаратура польскіх і славацкіх пісьменнікаў: кніга Я. Корчака «Кароль Мацюсь», зборнік аповесцей Г. Паўшар-Кляноўскай пра вядомых людзей свету «Нявыдуманая гісторыя», кніга Г. Ажагоўскай аб прыгодах гарэзніка Яцака «Хлопчык шыварат-навыварат», аповесць Э. Ажэшкі «Хам» і шэраг іншых.
Праз усё сваё нялёгкае, поўнае выпрабаванняў жыццё пранесла Ядвіга Іосіфаўна Бяганская бясконцую любоў да Радзімы, веру ў светлую будучыню, у трыумф Дабра на Зямлі. Галоўным жа творам жыцця пісьменніцы, шчырай і кранальнай споведдзю душы стала аўтабіяграфічная аповесць «Мая Галгофа» (1978, 1990).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.