Дата рождения:
02.03.1918 Лешніца, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
04.01.1983
Краткая справка:
паэт, драматург, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Дружбы народаў і інш.
Варианты имени:
Бачыла Алесь
Имена на других языках:
Бачило Александр Николаевич (русский); Бачило Алесь (русский);
4788 символов
Справка
Імя беларускага паэта Алеся (Аляксандра Мікалаевіча) Бачылы для многіх жыхароў нашай краіны звязана з вядомай песняй «Радзіма мая дарагая» (аўтар музыкі У.У. Алоўнікаў). Першыя гукі яе на многія гады сталі пазыўнымі беларускага нацыянальнага радыё.
Алесь Бачыла нарадзіўся ў в. Лешніца Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум, у 1939 г. завочна скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. З 1934 г. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў школах Міншчыны. Восенню 1939 г. А. Бачыла быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 г. Удзельнічаў у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», потым у газеце «Літаратура і мастацтва» (у 1952–1957 гг. намеснік галоўнага рэдактара). Быў таксама ўласным карэспандэнтам «Литературной газеты», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957–1972 гг. з’яўляўся адказным сакратаром часопіса «Полымя», у 1972–1978 гг. старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Першы верш А. Бачылы, прысвечаны памяці С.М. Кірава, быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» яшчэ ў 1934 г. Яго творчасць развівалася пад уплывам класічнай паэзіі, традыцый Я. Купалы і Я. Коласа. Дзейнасць паэта супала з ваеннымі гадамі, таму асноўнымі тэмамі тагачаснай лірыкі былі вайна і лёс роднай зямлі. Вынікам гэтага перыяду стаў зборнік вершаў «Шляхі» (1947). Расказваць людзям праўду, пісаць пра тое, што найбольш хвалюе іх – вось крэда, жыццёвая пазіцыя паэта. Творы «Што можна здзейсніць...», «Справядлівасць», «Сумленне», «Размова з сумленнем», «Крэда» сведчаць аб яго грамадзянскай пазіцыі. Многія вершы А. Бачылы поўныя роздуму над жыццём, прасякнуты шчырасцю людскіх пачуццяў («Рэўнасць», «Разлука», «І трэба ж было мне...» і інш.). У сваіх творах паэт стварыў чароўны, адухоўлены вобраз радзімы з яе маляўнічымі краявідамі, услаўляў шчырасць, гасціннасць, дабрыню беларусаў («Беларусь», «Расцвітай, Беларусь», «Радзіма», «Лешніца», «Над Свіслаччу» і інш.). Некаторыя творы напоўнены публіцыстычным пафасам, дасціпным гумарам. У іх высмейваюцца розныя праявы сацыяльнага зла, раскрываецца яго антыграмадская сутнасць. Аб’ектамі сатырычнага высмейвання становяцца розныя кар’ерысты, падхалімы, прыстасаванцы, ілгуны, лайдакі. Сатырычныя і гумарыстычныя вершы сабраны ў зборніку «Кавалер Мікіта» (1967). Сярод найбольш вядомых кніг паэта – «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981). Пяру А. Бачылы належыць шмат паэм, сярод якіх «Міхась Дуброва», «Шчасце», «Аксана», «Загорская восень», «Асенняя аповесць», «Хмары над бухтай», «Паэма тугі» і інш. Яны адметныя лірызмам, непрыдуманымі сітуацыямі. У творы «Паэма тугі», апублікаваным пасля смерці паэта, расказваецца пра працэс калектывізацыі і раскулачвання ў 1920–30-я гг. Паэма «Вернасць» прысвечана падзеям у Брэсцкай крэпасці ў пачатку вайны. Яна напоўнена псіхалагічным зместам, вастрынёй чалавечых учынкаў, драматызмам. У творы «Паэма вяртанняў» А. Бачыла звярнуўся да праблемы апусцення беларускіх вёсак. Аўтар паказаў жыццё беларускага народа ў цяжкія пасляваенныя гады і ў перыяд масавага асваення цаліны, калі людзі вымушаны былі пакідаць свае родныя мясціны. Паэмы «Загорская восень», «Калючая ружа» скіраваны супраць псеўданавукоўцаў, плагіятараў, прыстасаванцаў. Алесь Бачыла вядомы і як паэт-песеннік. Яго вершы вылучаюцца меладычнасцю, напеўнасцю. Шмат з іх пакладзена на музыку. Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік «Я сэрцам з табою» (1988). Вялікі ўклад паэт унёс у стварэнне беларускай оперы. Ён аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970), аперэты «Паўлінка» (1973).
Выступаў А. Бачыла ў друку і з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Напісаў кнігу біяграфічных нарысаў пра М. Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971), выдаў кнігу ўспамінаў «Крыло неспакою» (1985). Алесь Бачыла пісаў паэтычныя творы для дзяцей. Акрамя вершаў юным чытачам адрасаваны казка «Мільгунок» і паэма «Пеця Сонцаў», што ўвайшлі ў зборнік «Мне купілі самакат» (1981). Займаўся таксама перакладам на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, малдаўскіх і іншых аўтараў («Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А. Талстога (1952), «Тарас Бульба» М. Гогаля (з М. Паслядовічам, 1954 г.), «Брэсцкая крэпасць» С. Смірнова (з А. Бажко, 1967) і інш.).
У 1967 г. А. Бачыла атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Паэт быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.