Дата рождения:
08.03.1918 Горанка, в., Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
20.04.1979
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык
Варианты имени:
Ткачоў Мікола
Имена на других языках:
Ткачёв Микола (русский); Ткачёв Николай Гаврилович (русский);
2885 символов
Справка
Сярод пісьменнікаў ваеннага пакалення вылучаецца Мікола (Мікалай Гаўрылавіч) Ткачоў. Ён напісаў не вельмі многа літаратурных твораў, але тое, што стварыў, адлюстроўвае глыбіню народнага жыцця, праўду, рэальнасць убачанага і перажытага самім аўтарам.
Нарадзіўся М. Ткачоў у в. Горанка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1939 г. скончыў планава-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава. У студзені 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, працаваў у рэдакцыі дывізіённай газеты. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце, удзельнічаў у падпольным і партызанскім руху. З кастрычніка 1943 г. М. Ткачоў працаваў у рэдакцыі магілёўскай абласной газеты «За Радзіму». Пасля пераезду ў Мінск працаваў адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1949–1957), галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1957–1959). У 1959–1972 гг. займаў пасаду сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1972 па 1979 г. М. Ткачоў – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Першыя нарысы і апавяданні пісьменніка з’явіліся ў друку ў 1938 г. Ужо ў іх заўважаліся трапныя дэталі, уменне ствараць востры, драматычна-напружаны сюжэт. Творы «На граніцы», «Сонца ўзышло», «На беразе Сожа» вылучаліся вастрынёй сюжэта, веданнем жыцця, назіральнасцю і тонкасцю ў апісанні прыроды, побыту людзей. Убачанае і перажытае ў гады вайны апісана ў рамане «Згуртаванасць», што выйшаў асобнай кніжкай у 1951 г. Ён з’яўляецца адным з першых у беларускай літаратуры буйных твораў пра самаахвярную барацьбу нашага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рамане прадстаўлена шырокая панарама развіцця партызанскага руху – ад першых падпольных груп да вялікага злучэння ў адным з усходніх раёнаў Беларусі. Аўтар паказаў цэлую галерэю запамінальных вобразаў герояў, якія набліжалі перамогу над ворагам. Твор быў прыхільна сустрэты чытачамі і крытыкамі. Ён некалькі разоў перавыдаваўся на беларускай мове і ў перакладзе на рускую. У 1950–60-я гг. галоўнае месца ў творчасці М. Ткачова займалі тэма стваральнай працы савецкіх людзей, маральна-этычная праблематыка, філасофскія роздумы над жыццём, яго сэнсам, сучаснасцю і будучыняй, асабістымі ўзаемаадносінамі людзей, іх справамі («Вялікая сям’я», «Светлы агонь», «Пошукі скарбаў» і інш.). У 1963 г. выйшла кніга нарысаў і апавяданняў «Пошукі скарбаў», а ў 1978 г. – зборнік прозы «Дыханне агню». У творах закладзены глыбокі патрыятычны пафас, адчуваецца цікавасць аўтара да чалавека, да таго свету, у якім ён жыве.
Мікола Ткачоў перакладаў на беларускую мову творы румынскіх, індыйскіх, рускіх, украінскіх, латышскіх, малдаўскіх і іншых аўтараў. Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі. Імя М. Ткачова прысвоена Краснапольскай цэнтральнай раённай бiблiятэцы.