Паўлюк Прануза належыць да таго пакалення паэтаў, якія прайшлі нялёгкімі дарогамі вайны, здабывалі перамогу над ворагам цаной жыцця. Пражытае і перажытае ён адлюстроўваў у вершах, у якіх перадаў сваё бачанне свету, адметную вобразнасць і мелодыку.
Нарадзіўся П. Прануза ў в. Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага. У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай дывізіі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і Першым Беларускім франтах, дайшоў да Берліна і ў 1945 г. штурмаваў рэйхстаг, на якім адным з першых распісаўся ў знак перамогі над фашызмам. Дэмабілізаваўшыся, жыў і працаваў у Нясвіжы. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы імя Я. Коласа, а потым у сярэдняй школе. У 1982 г. пераехаў у Мінск, дзе працягваў займацца творчай дзейнасцю.
Друкавацца пачаў у 1936 г. у раённай газеце «Сталінец», потым у «Гомельскай праўдзе», дзе ў 1936 г. пад псеўданімам Паўлюк Пранузаў быў змешчаны верш «Сонца ўпала за дахам». У гады вайны вершы паэта публікаваліся ў франтавых і армейскіх перыядычных выданнях, у сатырычнай газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1946 г. выйшла яго першая кніга «Разгневаная зямля». За гады творчай працы былі выдадзены зборнікі «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць…» (1994) і інш. Свайму сябру, земляку, паэту-франтавіку М. Сурначову, які загінуў у час вайны, прысвяціў зборнік вершаў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986). У гэтых творах адлюстравана біяграфія маладога франтавога пакалення, якому давялося прайсці па дарогах вайны. Яны пазначаны асабістай выверанасцю, суаднесенасцю з уласным лёсам аўтара. Будні краіны ў пасляваенныя гады, стваральная праца беларускага народа, услаўленне яго гераічнага подзвігу, вернасць грамадзянскаму абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць – асноўныя матывы лірыкі паэта. Для твораў П. Пранузы характэрны канкрэтнасць, дакладнасць у апісанні кожнай з’явы, кожнага жыццёвага факта, які становіцца аб’ектам паэтычнага роздуму, мастацкага ўвасаблення вобраза. Яго вершы не шматслоўныя, звычайна кароткія, але ў кожным з іх адпаведны змест, сюжэтная лінія, якая звязвае ўвесь твор.
Пісаў П. Прануза і для дзяцей. Ён аўтар паэтычных зборнікаў «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэлеграмы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988), «Першыя крокі» (1993), «Месяц-калабок» (1999), «Акуніся ты ў крыніцу» (2003) і інш. Творы для малодшага пакалення – гэта яркая старонка дзіцячай паэзіі. Паэт выключна па-новаму апісваў звыклыя з’явы – першы марозік, баравічок і мухамор, сінічку і снегіроў, сняжынку-балерынку і г. д. Вершы вылучаюцца добрым разуменнем дзіцячай псіхалогіі, выразнасцю мовы. Таксама П. Прануза займаўся перакладам на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх, балгарскіх і польскіх аўтараў.
Паэт узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені, медалямі і ганаровымі граматамі. У 2006 г. ён стаў ганаровым грамадзянінам Нясвіжа. У 2015 г. Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя П. Пранузы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.